драбаві́к, ‑а, м.
Паляўнічае ружжо для стральбы шротам. [Палкоўніка і афіцэраў] канваіравалі каля дваццаці чалавек з вінтоўкамі, з драбавікамі. Лынькоў. Там, пасля нарады з паняй Авялінай, ён [пан Булыга] узброіўся драбавіком і ўсю ноч, як прывід, снаваў па маёнтку — баяўся, каб даўгінаўцы не пахадзілі каля яго будынкаў з запалкамі. Бажко.
драбі́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Драбільная машына.
драбі́льны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны да драблення, раскрышвання чаго‑н. Драбільная машына. Драбільны цэх.
драбі́нка 1,
гл. драбінкі.
драбі́нка 2, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Разм. Маленькі кавалачак, часцінка чаго‑н. Качан працягнуў дзяўчыне падарунак — з маленькіх шкляных драбінак пацеркі, якія купіў у раймагу. Ваданосаў. З-пад ног сухі пясок цячэ Янтарнымі драбінкамі. Хведаровіч.
драбі́нкі, ‑нак; адз. драбінка 1, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Тое, што і драбіны, драбіна; невялікія драбіны, драбіна. Стары вынес з канюшні збрую, паклаў яе ў парадку драбінак. Ляўданскі. Мухі і сляпні не давалі спакою каню, атакуючы яго з усіх бакоў, і Марцін час ад часу саскокваў з драбінкі, каб адагнаць іх. Мележ.
драбі́ны, ‑бін; адз. драбіна, ‑ы, ж.
1. Драўляная прыстаўная лесвіца. [Хлопцы] залазілі .. [на вышкі] па высокіх драбінах .. праз закотнае акенца. Якімовіч. У хляве было аж пад бэльку сена. Да яе была прыстаўлена драбіна. Пташнікаў.
2. Сялянскія калёсы з рашотчатымі бакамі. У нядзельку раненька, ледзь толькі займала чырвань па ўсходзе, Лабановіч сядзеў ужо на сене ў драбінах і выязджаў з вёскі. Колас. Двор поўніўся людскім гоманам; рыпелі колы ёмістых драбін, бразгала жалеза. Хадкевіч.
драбі́цца, дробіцца; незак.
1. Развівацца, крышыцца, разломлівацца на дробныя часткі. Некаторыя пароды каменя лёгка дробяцца. Хвалі дробяцца аб скалы. □ Ярка свяцілі пражэктары, і святло ад іх драбілася ў вадзе. Асіпенка. // Расчляняцца на больш дробныя часткі. — Навакола, у крупінках эфіру, носяцца частачкі матэрыі, складаюцца, дробяцца і родзяць новае ды новае ў бязмернасці вякоў. Гартны.
2. Зал. да драбіць.
драбі́ць, драблю, дробіш, дробіць; незак., што.
1. Разбіваць, дзяліць, крышыць на дробныя часткі. Драбіць камень. □ Звінела стальное зубіла Пад чорным цяжкім малатком, Замшэлую глыбу драбіла, І падаў кусок за куском. Гаўрусёў. // перан. Расчляняць, раз’ядноўваць на асобныя часткі. Драбіць сілы.
2. і без дап. Рабіць што‑н. (іграць, гаварыць і пад.) у залішне паскораным тэмпе. Адзін барабанчык.. шумеў званочкамі і драбіў пераборам — ну, як заўсёды, хвацка. Брыль.
драбле́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. драбіць і стан паводле дзеясл. драбіцца (у 1 знач.). Драбленне горнай пароды. Драбленне сялянскіх гаспадарак.