Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дзешаве́ць, ‑ее; незак.

Паніжацца ў цане, станавіцца дзяшовым. Тавары дзешавеюць.

дзешаві́зна, ‑ы, ж.

Разм. Нізкі ўзровень цэн.

дзе́ючы, ‑ая, ‑ае.

Які дзейнічае, функцыяніруе. Дзеючая электрастанцыя. Дзеючае заканадаўства.

•••

Дзеючая армія гл. армія.

Дзеючая асоба гл. асоба.

дзе́я,

1. Дзейнасць; справа. Там добрая дзея, дзе два арэ, а трэці сее. Прыказка. // толькі мн. (дзе́і, дзей). Учынкі, паводзіны, дзеянні. У дзень яго [Леніна] зямнога нараджэння Да сэрца зноў прыслухайся свайго, Каб дзеямі, жыццём сваім, сумленнем Хоць кроплю быць падобным да яго! Звонак.

2. Падзея, аб якой ідзе гутарка. Дзея адбываецца ў часы белапольскай акупацыі ў БССР. Крапіва. Зменены фінал драмы. Апошняя карціна — новая. Дзея адбываецца ў полі, на дарозе. Тут сустрэлася Ірынка з чырвонаармейцам. Кудраўцаў. // Развіццё падзей у літаратурным творы. Так забаўляла ўсіх ігра [дзядка], што цяпер мала хто ўжо сачыў і за ходам дзеі, і за перажываннямі герояў. Краўчанка.

3. Закончаная частка драматычнага твора або тэатральнай пастаноўкі; акт. Камедыя ў трох дзеях.

дзеяздо́льнасць, ‑і, ж.

1. Кніжн. Здольнасць да дзеяння, дзейнасці. Дзеяздольнасць арганізма.

2. Спец. Права на якія‑н. юрыдычныя дзеянні і абавязак несці адказнасць за свае ўчынкі.

дзеяздо́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Кніжн. Здольны дзейнічаць. Дзеяздольная арганізацыя.

2. Спец. Які мае дзеяздольнасць (у 2 знач.). Малалетнія не з’яўляюцца дзеяздольнымі.

дзе́янне, ‑я, н.

1. Дзейнасць. Марксізм не догма, а кіраўніцтва да дзеяння. □ Свідравала мозг страшная думка, і ў той жа час у галаве борзда, борзда складаўся план дзеяння. Колас. // толькі мн. (дзе́янні, ‑яў). Учынкі, паводзіны. — Ён не малы і павінен адказваць за свае дзеянні перад судом. Алешка. // толькі мн. (дзе́янні, ‑яў). Ваенныя аперацыі. Дывізія выйшла з акружэння арганізаваная, гатовая весці баявыя дзеянні. «Звязда».

2. Работа, функцыяніраванне (машыны, механізма і пад.). Прывесці механізм у дзеянне. Праверыць машыну ў дзеянні. // Прымяненне, праяўленне на практыцы (закона, правіла і пад.). Прадоўжыць дзеянне дагавору.

3. Уплыў, уздзеянне. Дзеянне клімату на арганізм. Дзеянне святла на рост расліны. Дзеянне лякарства. // Праяўленне якой‑н. энергіі, сілы. Дзеянне выбуховай хвалі. Міна запаволенага дзеяння.

4. Падзея, аб якой ідзе гутарка; дзея (у 2 знач.). Дзеянне паэмы адносіцца да мінулага стагоддзя. // Развіццё падзей у літаратурным творы. Ход дзеяння ў п’есе.

5. Асноўны від матэматычнага вылічэння. Чатыры дзеянні арыфметыкі.

•••

Каэфіцыент карыснага дзеяння гл. каэфіцыент.

дзеясло́ў, ‑лова, м.

Часціна мовы, якая абазначае дзеянне або стан прадмета і змяняецца ў часе, асобах і ліках.

•••

Аднакратны дзеяслоў — дзеяслоў, які абазначае аднакратнае дзеянне.

Безасабовыя дзеясловы — дзеясловы, якія ўжываюцца толькі ў неазначальнай форме і ў 3 ас. адз. л.

Неазначальная форма дзеяслова гл. форма.

Няправільны дзеяслоў — а) дзеяслоў, які змяняецца адпаведна непрадуктыўнаму тыпу; б) тое, што і рознаспрагальны дзеяслоў.

Рознаспрагальны дзеяслоў — дзеяслоў, які ўтварае адну частку форм па першаму, а другую — па другому спражэнню.

дзеясло́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дзеяслова, уласцівы яму. Дзеяслоўныя формы.

•••

Дзеяслоўная рыфма гл. рыфма.

дзе́яцца, дзеецца; незак.

Разм. Рабіцца, адбывацца. Афіцэр паківаў пальцам Лукашу, які выйшаў з хаты, каб пацікавіцца, што дзеецца на яго двары. Сабаленка. Спакойна і павольна, як у зачараваным сне, цякло і само жыццё на Палессі, а водгулле ўсяго, што дзеялася на свеце, далятала сюды ў прыглушаным прасторамі Палесся тонах. Колас.