дзе́я,

1. Дзейнасць; справа. Там добрая дзея, дзе два арэ, а трэці сее. Прыказка. // толькі мн. (дзе́і, дзей). Учынкі, паводзіны, дзеянні. У дзень яго [Леніна] зямнога нараджэння Да сэрца зноў прыслухайся свайго, Каб дзеямі, жыццём сваім, сумленнем Хоць кроплю быць падобным да яго! Звонак.

2. Падзея, аб якой ідзе гутарка. Дзея адбываецца ў часы белапольскай акупацыі ў БССР. Крапіва. Зменены фінал драмы. Апошняя карціна — новая. Дзея адбываецца ў полі, на дарозе. Тут сустрэлася Ірынка з чырвонаармейцам. Кудраўцаў. // Развіццё падзей у літаратурным творы. Так забаўляла ўсіх ігра [дзядка], што цяпер мала хто ўжо сачыў і за ходам дзеі, і за перажываннямі герояў. Краўчанка.

3. Закончаная частка драматычнага твора або тэатральнай пастаноўкі; акт. Камедыя ў трох дзеях.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)