закама́ндаваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак.
Разм. Даць каманду, загадаць што‑н. зрабіць, выканаць. З цэнтра закамандавалі некаторым гарнізонам перамясціцца.. у акругу. Чорны. — Адчыняй! — уладна і сярдзіта закамандаваў хтось з двара. Колас.
закамо́рак, ‑рка, м.
Абл. Камора невялікіх памераў; цеснае памяшканне. Следам за людзьмі на сустрэчу с[я]лявы выйшла з хат, гарышчаў і розных спецыяльных закаморкаў усё кашэчае насельніцтва Падвалокі. Брыль.
закампастава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад закампаставаць.
закампастава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.
Залажыць для атрымання кампосту; ператварыць у кампост. — Мы закампаставалі ўжо больш чым тры тысячы вазоў гною. Пянкрат.
закампасці́раваны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад закампасціраваць.
закампасці́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.
Адзначыць кампосцерам. Закампасціраваць білет.
закамуфлі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.
Спец. Замаскіраваць шляхам афарбоўкі, якая скажае абрысы прадмета. Закамуфліраваць будынак.
закамяне́ласць, ‑і, ж.
Стан, уласцівасць закамянелага. Закамянеласць грунту. □ Цяпер з яе твару ўжо знікла закамянеласць, зноў з’явілася нешта дзіцячае. Марціновіч.
закамяне́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Зацвярдзелы, цвёрды, як камень. Закамянелая зямля. Закамянелая смала.
2. перан. Знямелы, застылы. Закамянелы твар. □ [Косцік] стаяў, не кратаючыся з месца, увесь закамянелы. Баранавых.
закамяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зацвярдзець, зрабіцца цвёрдым, як камень. Дыхнула сцюжа, і за якія-небудзь суткі зямля закамянела, а рэчку закавала ільдом. Хомчанка. Закамянелі грудкі гразі, заледзянелі на дарозе каляіны. Грахоўскі.
2. перан. Знямець, застыць. Пан Пшыбыльскі .. сеў побач з жонкай і таксама, як і яна, надзьмуўся і закамянеў. Шынклер. Марына не запомніла ні слоў, ні твараў. Сэрца закамянела, і яна не плакала. Б. Стральцоў.