Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шчы́льна, прысл.

1. Прысл. да шчыльны.

2. Вельмі цесна, ушчыльную (прыціснуўшы, далучыўшы адно да другога). Аб чым жа думаў хлопчык? Відаць, аб чымсьці важным і сур’ёзным, бо губы яго былі шчыльна самкнуты. Колас. Купальнік шчыльна абцягваў.. кволыя і пяшчотныя плечы [жанчыны]. Караткевіч. // Наглуха, так, каб не было ніякіх прамежкаў, адтулін. Оля шчыльна прыпыніла дзверы і замкнула іх знутры. Мележ.

шчы́льнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць шчыльнага. Шчыльнасць тутэйшага паветра аказалася падманлівай, і Блажэвіч ледзь не бразнуўся на пясок. Шыцік.

2. Спец. Маса цела, заключаная ў адзінцы яго аб’ёму.

•••

Шчыльнасць агню — колькасць снарадаў, мін, куль, што выпускаюцца на кожныя 100 м фронту або 1 га плошчы абстрэлу.

Шчыльнасць насельніцтва — колькасць жыхароў, якая прыпадае на 1 км² плошчы.

шчыльне́ць, ‑ее; незак.

Станавіцца больш шчыльным (у 1, 2 знач.). Хай растуць і шчыльнеюць калоны. Мір ідзе! — Прэч з крывавай вайной. Васілёнак.

шчы́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, у якім цесна злучаны састаўныя часцінкі; які змяшчае вялікую колькасць рэчыва ў малым аб’ёме. [Дзядзя Міша:] — Што ж ён [Грышка], небарака, будзе адчуваць, калі спадарожнік пачне зніжацца, увойдзе ў шчыльныя паветраныя пласты? Паслядовіч. Урэшце, лакатары бачаць і ў больш шчыльным асяроддзі. Шыцік. Пыл шчыльным слоем накрываў.. галовы [Міколы і Дзімы]. Аляхновіч. Аж па дах шчыльны снег замятае барак. А. Вольскі. // Густы, праз які не пранікае святло; непранікальны. Сонца не магло правіць шчыльную заслону. Савіцкі. З усіх бакоў насоўвалася чарната — шчыльная, злавесная. Карпаў. / у перан. ужыв. Трохтонка вырвалася З цішыні шчыльнай — Прастуе па бальшаку. Барадулін. // З частым перапляценнем (пра тканіну). Вялікія вокны былі напалову заценены цяжкімі шчыльнымі барвова-чорнымі парцьерамі. Новікаў.

2. Які складаецца з блізка размешчаных адзін ля другога асоб, прадметаў, частак; часты. Быў гэты гарадок: маленькі, ціхі, пусты, з вузкімі кароткімі вуліцамі, з нізкімі драўлянымі домікамі за шчыльнымі і высокімі платамі. Адамчык. Дрэвы адступаюць .. [падарожніка] шчыльнай сцяной, нібы свядома перашкаджаючы выбрацца з лесу. В. Вольскі. Садзяцца хлопцы ў шчыльны круг Каля рыбацкага кастра. Смагаровіч.

3. Які мае мала прасторы, з абмежаванай прасторай; цесны. У ракавіне шчыльнай Вандроўнік сядзяць. Танк.

4. перан. Дасканалы, плённы, прадукцыйны. Дадатковая электраэнергія можа быць выпрацавана на гідраэлектрастанцыях без устаноўкі новых магутнасцей. У гэтым выпадку толькі больш шчыльным стане рэжым іх работы. «Звязда». // Насычаны, напоўнены якімі‑н. падзеямі, мерапрыемствамі і пад. У летнія месяцы спартыўны каляндар бывае асабліва шчыльным. «Беларусь». // Хуткі, безупынны. — А дзе ён сёння, Сцяпан Антонавіч? — улучае хвіліну, каб утачыцца ў шчыльную Марыніну гаворку, Зіна. Палтаран. // Моцна звязаны, з’яднаны агульнымі інтарэсамі, мэтамі, задачамі і пад. Узаемная прыязнь,.. загартаваная выпрабаваннямі ў агні, стварала шчыльную баявую сям’ю. Брыль. Такі быў склаўся шчыльны дружны гурток, засяроджаны ў прытульным пакойчыку Веры Засуліч. Зарэцкі. На шчыльную еднасць з народам нас заўсёды накіроўвае партыя. Лужанін. Трымаючы шчыльную сувязь з атрадам, .. [Лялькевіч] рабіў нешта значна большае... Шамякін.

•••

Шчыльны агонь — абстрэл, пры якім па кожны ўчастак фронту, плошчы, якая абстрэльваецца, падае вялікая колькасць мін, куль, снарадаў і пад.

шчыме́ць, ‑міць; незак.

1. Востра балець, пячы ад драпін, раздражнення і пад. Назаўтра ўсе драпіны амаль зажылі, хоць рукі і ногі яшчэ шчымелі. Якімовіч. На першай галіне хлопчык парашыў адпачыць, бо балюча шчымелі запэцканыя ў смалу рукі. С. Александровіч. На руках шчымелі расціснутыя мазалі. Місько. / у безас. ужыв. Ад .. [дыму] душыла ў грудзях і шчымела ў горле. Казека.

2. Ныць, балець тупым болем. Успомніўшы пра хворасць сэрца, якое часта шчымела раней, у Адэсе да дактароў звярнуўся Калачынскі. Бялевіч. Шчымяць яго старыя раны, Нібыта чуе посвіст куль. Свірка. Пілі з парога ваду нагбом, Аж зубы шчымелі. Грачанікаў. // перан. Пра душэўныя пакуты, перажыванні. Сэрца .. [Марыі] шчымела ад нейкага незразумелага, трывожнага прадчування. Марціновіч. Тры месяцы .. [Шэлег] у лесе, а ўсё адно не перастае шчымець душа. Навуменка. / у безас. ужыв. У душы .. [Адама] шчымела, усё гняло яго. Чорны. // Хваляваць, турбаваць каго‑н., пастаянна напамінаць пра сябе. Сярод гэтай зменлівасці адна думка шчымела заўсёды: малое. Мележ.

3. Выклікаць адчуванне прыгнечанасці, суму, нуды і пад. Крыўда болькай шчымела ў Іванавых грудзях. Мыслівец. Так, гора сціхае, і боль атухае, і роспач перастае шчымець. Бураўкін.

шчымлі́ва,

1. Прысл. да шчымлівы.

2. у знач. вык. Пра адчуванне болю, душэўных пакут. А мінулай зімой сюды малых з паўсотні прывезлі... Гляджу на іх — і балюча, шчымліва на душы. Ракітны.

шчымлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае раздражненне, боль; рэзкі. Пад раніцу .. сюды, у расчынены кароўнік, плывуць нейкія шчымлівыя пахі. Кухараў.

2. Тупы, ныючы (пра боль). Потым .. [Карызна] падсеў да стала і, падпёршы рукамі галаву, доўга сядзеў у мёртвай нерухомасці, слухаючы шчымлівы боль свайго сэрца. Зарэцкі. Петрык да шчымлівага, салодкага болю ў грудзях любіць усіх гэтых людзей. Місько.

3. Моцны, неадольны, які хвалюе, узбуджае. Было шчымлівае жаданне і лесам прайсці вось так, без дарог, напрасткі. Кірэйчык. Янак яшчэ мацней адчуў шчымлівую радасць, якую нясе гэтая навальніца, гэты дождж, і зноў прыхінуў да сябе Алёну. Лупсякоў. // у знач. наз. шчымлі́вае, ‑ага, н. Тое, што хвалюе, узбуджае, выклікае розныя пачуцці, перажыванні. Напамінак пра Веру ўскалыхнуў даўняе, шчымлівае. Кудравец.

4. Які выклікае цяжкае пачуццё, прыгнечанасць, тугу і пад. Гэта было прыемна, вельмі прыемна, але сэрца пяклі шчымлівыя думкі пра Людмілу. Радкевіч. Прыгнятала прымусовая бяздзейнасць, шчымлівая туга. Машара. Стоячы сярод двара, Форстэр прыгадаў ночы ў сябе на радзіме, у роднай вёсцы, і шчымлівы, адвечны, як сусвет, сум агарнуў яго. Сачанка.

шчыпа́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шчыпання, звязаны з ім. Шчыпальныя работы. // Які прызначаны, служыць для шчыпання. Шчыпальны станок.

шчыпа́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. шчыпаць.

шчыпану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак. і аднакр.

Разм. Тое, што і шчыпнуць. Аднаго разу на мяне напаў вялізны белы гусак і шчыпануў за нагу. Асіпенка.