шчыме́ць, ‑міць; незак.
1. Востра балець, пячы ад драпін, раздражнення і пад. Назаўтра ўсе драпіны амаль зажылі, хоць рукі і ногі яшчэ шчымелі. Якімовіч. На першай галіне хлопчык парашыў адпачыць, бо балюча шчымелі запэцканыя ў смалу рукі. С. Александровіч. На руках шчымелі расціснутыя мазалі. Місько. / у безас. ужыв. Ад .. [дыму] душыла ў грудзях і шчымела ў горле. Казека.
2. Ныць, балець тупым болем. Успомніўшы пра хворасць сэрца, якое часта шчымела раней, у Адэсе да дактароў звярнуўся Калачынскі. Бялевіч. Шчымяць яго старыя раны, Нібыта чуе посвіст куль. Свірка. Пілі з парога ваду нагбом, Аж зубы шчымелі. Грачанікаў. // перан. Пра душэўныя пакуты, перажыванні. Сэрца .. [Марыі] шчымела ад нейкага незразумелага, трывожнага прадчування. Марціновіч. Тры месяцы .. [Шэлег] у лесе, а ўсё адно не перастае шчымець душа. Навуменка. / у безас. ужыв. У душы .. [Адама] шчымела, усё гняло яго. Чорны. // Хваляваць, турбаваць каго‑н., пастаянна напамінаць пра сябе. Сярод гэтай зменлівасці адна думка шчымела заўсёды: малое. Мележ.
3. Выклікаць адчуванне прыгнечанасці, суму, нуды і пад. Крыўда болькай шчымела ў Іванавых грудзях. Мыслівец. Так, гора сціхае, і боль атухае, і роспач перастае шчымець. Бураўкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)