шчыльны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, у якім цесна злучаны састаўныя часцінкі; які змяшчае вялікую колькасць рэчыва ў малым аб’ёме. [Дзядзя Міша:] — Што ж ён [Грышка], небарака, будзе адчуваць, калі спадарожнік пачне зніжацца, увойдзе ў шчыльныя паветраныя пласты? Паслядовіч. Урэшце, лакатары бачаць і ў больш шчыльным асяроддзі. Шыцік. Пыл шчыльным слоем накрываў.. галовы [Міколы і Дзімы]. Аляхновіч. Аж па дах шчыльны снег замятае барак. А. Вольскі. // Густы, праз які не пранікае святло; непранікальны. Сонца не магло правіць шчыльную заслону. Савіцкі. З усіх бакоў насоўвалася чарната — шчыльная, злавесная. Карпаў. / у перан. ужыв. Трохтонка вырвалася З цішыні шчыльнай — Прастуе па бальшаку. Барадулін. // З частым перапляценнем (пра тканіну). Вялікія вокны былі напалову заценены цяжкімі шчыльнымі барвова-чорнымі парцьерамі. Новікаў.

2. Які складаецца з блізка размешчаных адзін ля другога асоб, прадметаў, частак; часты. Быў гэты гарадок: маленькі, ціхі, пусты, з вузкімі кароткімі вуліцамі, з нізкімі драўлянымі домікамі за шчыльнымі і высокімі платамі. Адамчык. Дрэвы адступаюць .. [падарожніка] шчыльнай сцяной, нібы свядома перашкаджаючы выбрацца з лесу. В. Вольскі. Садзяцца хлопцы ў шчыльны круг Каля рыбацкага кастра. Смагаровіч.

3. Які мае мала прасторы, з абмежаванай прасторай; цесны. У ракавіне шчыльнай Вандроўнік сядзяць. Танк.

4. перан. Дасканалы, плённы, прадукцыйны. Дадатковая электраэнергія можа быць выпрацавана на гідраэлектрастанцыях без устаноўкі новых магутнасцей. У гэтым выпадку толькі больш шчыльным стане рэжым іх работы. «Звязда». // Насычаны, напоўнены якімі‑н. падзеямі, мерапрыемствамі і пад. У летнія месяцы спартыўны каляндар бывае асабліва шчыльным. «Беларусь». // Хуткі, безупынны. — А дзе ён сёння, Сцяпан Антонавіч? — улучае хвіліну, каб утачыцца ў шчыльную Марыніну гаворку, Зіна. Палтаран. // Моцна звязаны, з’яднаны агульнымі інтарэсамі, мэтамі, задачамі і пад. Узаемная прыязнь,.. загартаваная выпрабаваннямі ў агні, стварала шчыльную баявую сям’ю. Брыль. Такі быў склаўся шчыльны дружны гурток, засяроджаны ў прытульным пакойчыку Веры Засуліч. Зарэцкі. На шчыльную еднасць з народам нас заўсёды накіроўвае партыя. Лужанін. Трымаючы шчыльную сувязь з атрадам, .. [Лялькевіч] рабіў нешта значна большае... Шамякін.

•••

Шчыльны агонь — абстрэл, пры якім па кожны ўчастак фронту, плошчы, якая абстрэльваецца, падае вялікая колькасць мін, куль, снарадаў і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)