чыры́канне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. чырыкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Верабейчыкі з вясёлым чырыканнем снуюць у паветры. Колас. Белагрудыя ластаўкі з вясёлым чырыканнем снавалі высока над зямлёй. Беразняк.
чыры́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Тое, што і цырыкаць. Верабей скача па гладкім асфальце тратуара і нешта па-свойму гаворыць, чырыкае. Брыль. Ля ганка сельмага чырыкалі вераб’і, трымцела ад ветру і залацілася на сонцы растрэсеная на вуліцы салома. М. Стральцоў.
чыры́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да чырыкаць.
чы́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.
Абл. Шоргаць, соўгаць па чым‑н., пакідаючы след. Паглыблены ў гэтыя нечаканыя думкі, стараючыся адмахнуцца ад іх, Максім не адразу зразумеў, чаму гэта Маня спынілася пасярод вуліцы, пачала чырыць чаравікам па зямлі. Кудравец. Стары ішоў насустрач і задуменна чырыў перад сабою кійком, нібы падмятаючы асфальт. Карпаў.
чысло́, ‑а, н.
Дзень у парадкавым радзе іншых дзён гэтага месяца; дата. «Які ж сёння дзень і якое чысло?» — задумаўся Толя. Якімовіч.
чы́ста,
1. Прысл. да чысты.
2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць чысціні, адсутнасць пылу, бруду дзе‑н. У хаце было чыста і акуратна. Колас. У зале чыста і ўтульна. Аркестр з акардэона, скрыпкі і флейты іграе венгерскія мелодыі. В. Вольскі.
3. у знач. параўнальнага злучн. Разм. Зусім як, быццам. [Параска:] — Ну чыста дзеці малыя! Да старасці будуць у забаўкі гуляць. Місько. Чыста звярыны рык разлёгся па двары. Гэта ўзбунтаваўся Гвація. Самуйлёнак.
•••
Увесь (уся, усё, усе) чыста гл. увесь.
чыставі́к, ‑а, м.
Разм. Чыставы рукапіс, варыянт чаго‑н. Валя перапісвала ў чыставік укладанне па літаратуры. Васілевіч. / у вобразным ужыв. Пачнём нанова сёння, дарагая, Свайго жыцця суровы чыставік. Вялюгін.
чыставы́, ‑ая, ‑ое.
1. Перароблены, перапісаны начыста; выпраўлены. У чыставым рукапісе камедыі [«Паўлінка»] драматург імкнецца выразней падкрэсліць, што Адольф — бессаромны лгун. Ярош. // Прызначаны для запісаў начыста. Чыставы сшытак.
2. Спец. Прызначаны для канчатковай апрацоўкі дэталей. Чыставы разец.
чыстага́н, ‑у, м.
Разм. Наяўныя грошы. Хто тут — Мядзведзь, а хто — Цыган, Што заграбае чыстаган, Не цяжка дагадацца: Вы гляньце цераз акіян — На іх «свабоднае» мастацтва. Крапіва.
чыстагатунко́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць чыстагатунковага. Чыстагатунковасць насення.