у́гра-фі́нскі, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і фіна-угорскі. Угра-фінскія мовы.
угро́біцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак.
Разм.
1. Груб. Памерці, загінуць.
2. Сапсавацца, прыйсці ў непрыгоднасць.
угро́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., каго-што.
Разм.
1. Груб. Забіць. — А ты чаго маўчыш — вызверыўся .. [Кашын] на Севу. — Табе напляваць, што мяне бэсцяць і ўгробіць збіраюцца! Карпаў.
2. Сапсаваць, вывесці з ужывання. [Ладуцька:] — Паўтаратонку ўгробілі, дык цяпер вазі іх,.. Хадкевіч.
3. перан. Загубіць, праваліць (якую‑н. справу і пад.). [Гаруноў:] — Дык што ж гэта ты, Андрэй Максімавіч, праваліў? Ты разумееш, якую ты прапанову ўгробіў? Дуброўскі.
угруза́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. угрузаць — угрузнуць.
угруза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да угрузнуць.
угру́зіць, угружу, угрузіш, угрузіць; зак., каго-што.
Разм. Даць глыбока ўвязнуць, засесці ў чым‑н. ліпкім, сыпкім. Вось гэта грэбля — бяда і гора... Пакуль праедзеш яе — духі вытрасеш.., а ў мокрае лета і каня ўгрузіш, і сам, як д’ябал, у гразі выкачаешся. Колас.
угру́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. угруз, ‑ла; зак.
Глыбока ўвязнуць (у гразі, снезе і пад.). Марыя выйшла людзям насустрач, саступіла з грудка і раптам правалілася ў багну. Паспрабавала вылазіць і ўгрузла яшчэ глыбей. У яе ўжо не было сілы выцягнуць ногі з балота. Кулакоўскі. // Асесці, уехаць у зямлю. А вось і бацькава хата. Яна як бы трошкі ўгрузла ў зямлю. Сабаленка.
угрунтава́насць, ‑і, ж.
Уласцівасць угрунтаванага (у 3 знач.). Угрунтаванасць рашэння.
угрунтава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. угрунтаваць (у 2 знач.).
угрунтава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад угрунтаваць.
2. у знач. прым. Зроблены надзейна, моцна. Угрунтаваны падмурак.
3. у знач. прым. Падмацаваны пераканаўчымі доказамі, меркаваннямі. Угрунтаваны довад.