Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пі́сьменнасць, ‑і, ж.

1. Сістэма графічных знакаў, якія ўжываюцца для пісання. Літоўцы ў той час яшчэ не мелі ўласнай пісьменнасці, і таму для патрэб дзяржаўных зносін выкарыстана была беларуская мова. Жураўскі.

2. Сукупнасць пісьмовых помнікаў якой‑н. гістарычнай эпохі пэўнага народа.

пісьме́ннасць, ‑і, ж.

1. Уменне чытаць і пісаць. Аксён ужо нават можа і распісацца, што яго вельмі цешыць, але гэта яшчэ не сведчыць аб яго пісьменнасці. Колас. // перан. Наяўнасць ведаў у якой‑н. галіне. Перад выканаўцамі гэтага ансамбля паўсталі задачы вялізарнай складанасці: не толькі авалодаць музычнай пісьменнасцю мастацтва ансамблевай ігры, але і забяспечыць сябе літаратурай. «Беларусь».

2. Адсутнасць граматычных і стылістычных памылак. Пісьменнасць сачынення. // перан. Праяўленне майстэрства ў выкананні чаго‑н.; адпаведнасць чаго‑н. патрабаванням навукі. Пісьменнасць праекта.

пісьме́ннік, ‑а, м.

Той, хто піша літаратурныя творы; той, для каго літаратурная дзейнасць з’яўляецца прафесіяй. Максім Адамавіч Багдановіч належыць да ліку выдатнейшых беларускіх пісьменнікаў — класікаў пачатку 20 стагоддзя. «Беларусь».

пісьме́нніца, ‑ы, ж.

Жан. да пісьменнік.

пісьме́нніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пісьменніка, уласцівы пісьменніку. Пісьменніцкія нататкі. Пісьменніцкі талент.

пісьме́нніцтва, ‑а, н.

Разм. Дзейнасць, занятак пісьменніка.

пісьме́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўмее чытаць і пісаць; граматны. [Ян:] — Чытайце, хто пісьменны, кніжкі, як стваралася наша зямля. Пестрак. // Які ўмее граматычна правільна пісаць і гаварыць. Пісьменны вучань. // перан. Які мае неабходныя веды ў якой‑н. галіне. Пісьменны інжынер.

2. У якім няма граматычных і стылістычных памылак. Пісьменны дыктант. // перан. Выкананы адпаведна з асноўнымі патрабаваннямі. Пісьменны праект.

3. у знач. наз. пісьме́нны, ‑ага, м. Чалавек, які ўмее чытаць і пісаць. Пісьменнаму і кнігі ў рукі! Прыказка.

пісьме́нства, ‑а, н.

Уст. Тое, што і пісьменнасць. Старажытнае рускае пісьменства. □ Цераз пераклады ўваходзіць нацыянальнае пісьменства ў скарбніцу сусветнай літаратуры. У. Калеснік. Беларускія пісьменнікі ніколі не аддзялялі і не аддзяляюць гэтае імя [Сыракомлі] ад беларускага пісьменства. Мальдзіс.

•••

Прыгожае пісьменства — мастацкая літаратура, белетрыстыка. [Аленка], не хочучы адставаць ад Сцёпкі па часці прыгожага пісьменства, прымала ўдзел у насценгазеце. Колас.

пісьмёны, ‑аў; адз. няма.

1. Пісьмовыя знакі, літары, пераважна старажытныя.

2. Уст. Сістэма графічных знакаў, якія ўжываюцца для пісьма; тое, што напісана з дапамогай гэтых знакаў. Літаратурная мова ўкраінскіх і беларускіх пісьмёнаў перыяду [XIV–XVIII стст.] была настолькі блізкай, што часта вельмі цяжка вызначыць розніцу паміж імі. «Полымя».

пісьмо́, ‑а; мн. пісьмы, пісьмаў і пісем; н.

1. Папера з напісаным тэкстам, якая пасылаецца каму‑н., каб паведаміць аб чым‑н.; ліст. — Сынок, ад каго гэта табе пісьмо? — спытала маці, уваходзячы ў пакой і паказваючы Мішу ружовы вузенькі канверт. Арабей. // Сам гэты тэкст. У .. [Сцяпана] раптам з’явілася жаданне напісаць аб падзеях гэтага дня Людміле, і ён пачаў у галаве складаць гэтае пісьмо. Шамякін. // Від паштовага адпраўлення. Цэннае пісьмо. Заказное пісьмо.

2. толькі адз. Уменне пісаць, а таксама само пісанне. — Ды ты, брат, малайчына! — пасля некалькіх пытанняў сказаў настаўнік. — Ну, а з пісьмом як твая справа? Колас.

3. толькі адз. Сістэма графічных знакаў, якія ўжываюцца для пісання. Арабскае пісьмо. Славянскае пісьмо. // Почырк, знешні выгляд напісанага. [Карызна] падумаў адразу, што ад дачкі, але ўбачыў на канверце зусім незнаёмае непрыветна крывое пісьмо. Зарэцкі.

4. толькі адз. Стыль, манера мастацкага адлюстравання. Зразумела, што тут [у вершы] няма стрыманасці і строгасці рэалістычнага пісьма, але ёсць досыць канкрэтная прадметная фактура, ёсць паэзія. Бугаёў.

•••

Адкрытае пісьмо — а) незапячатаная паштовая картка, на адным баку якой пішацца адрас, а на другім — пісьмо; б) пісьмо да каго‑н., якое друкуецца ў газеце, часопісе.

Вузлавое пісьмо — пэўная сістэма шнуроў з вузламі для ліку, уліку і пад. у некаторых народаў, якія не маюць пісьменнасці.

Даплатное пісьмо — пісьмо, за дасылку якога бярэцца плата з адрасата.

Закрытае пісьмо — пісьмо, якое пасылаецца ў канверце.

Іератычнае пісьмо (спец.) — скорапіс старажытных егіпцян, які развіўся з іерагліфічнага пісьма.

Складовае пісьмо — сістэма пісьма, знакі якога перадаюць склады, а не асобныя гукі.

Сошнае пісьмо — у Расіі 15–17 стст. — межавыя кнігі, у якіх давалася апісанне земляў для пазямельнага абкладання, што выяўлялася ва ўмоўнай адзінцы — сасе.

пісьмо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пісьма (у 2 знач.).

2. Адлюстраваны пры дапамозе графічных знакаў; напісаны. Ніякага пісьмовага прадпісання, вядома, у мяне не было. Даніленка. [Лідзія Пятроўна] пасля праверкі пісьмовых прац паказала яго [Рыгоркі] сшытак усяму класу. Колас.

3. Які ўжываецца, служыць для пісання. І толькі шырокі стол з пісьмовымі прыладамі .. быў ярка асветлены сонцам. Лынькоў. Напаследак спынілася .. [Марына Паўлаўна] перад пісьмовым сталом Сымона Карызны. Зарэцкі.