Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

саракахвілі́нны, ‑ая, ‑ае.

Які працягваецца сорак хвілін. Саракахвілінны перапынак.

сарако́ўка, ‑і, ДМ ‑коўцы; Р мн. ‑ковак; ж.

Разм.

1. Сорак гадоў. Ездзіў Картуль шпарка, затое хадзіў паволі-паволі, нібыта баючыся растрэсці сябе, хоць не меў яшчэ і саракоўкі за плячыма. Пташнікаў. [Яўхім:] — Бачу, што нібыта прайшоў Усцін, а ты і ёсць Усцін!.. Значыць, яшчэ ходзіш? Колькі табе... пад дзве саракоўкі ўжо ёсць? Ракітны.

2. Уст. Манета вартасцю ў 20 капеек. Калі на стале зазвінела грыўні, залатоўкі, саракоўкі і паўрублі, Садовіч ціха сказаў Лабановічу: — Давай, брат, папрабуем. Лабановіч першы раз бачыў такую ўрачыстую, такую паважную гульню. Колас. Хлопцы яшчэ сабралі па саракоўцы, і капельмайстар паабяцаў іграць усю ноч. С. Александровіч.

3. Уст. Бутэлька гарэлкі ёмістасцю ў 1/40 частку вядра.

4. Тое, што мае таўшчыню ў 40 міліметраў (сантыметраў). Дошка-саракоўка.

сараку́ш, ‑а, м.

Драпежная птушка з атрада вераб’іных з вялікай загнутай дзюбай і моцнымі кіпцюрамі. Раптам каля палаткі апусцілася птушка. Гэта быў чарналобы саракуш. Ігнаценка.

сарамата́, ‑ы, ДМ ‑маце, ж.

Разм.

1. Сорам, ганьба. [Ахрэм:] — Вунь бачыш?.. Новы старшыня ў сані ўпрогся, сарамата якая! Краўчанка.

2. Пачуццё маральнай адказнасці за свае паводзіны, учынкі. Страціць сарамату.

сараматні́к, ‑а, м.

Разм. Той, хто не мае сораму, хто парушае правілы прыстойнасці; бессаромны чалавек. Старшыніха выняла Кліма кулаком па спіне. — Сараматнік, хоць бы апрануўся! Лобан.

сараматні́ца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да сараматнік.

сараматны́, ‑ая, ‑ое.

Бессаромны, непрыстойны. — А што гэта — халуй? — запытаў Паўлік. [Андрушка:] — Гэта такое сараматное слова. Лобан.

сарамаці́цца, ‑мачуся, ‑мацішся, ‑меціцца; незак.

1. Адчуваць сорам ад усведамлення непрыстойнасці сваіх учынкаў і пад. Сарамаціцца за свае паводзіны.

2. Няславіць, ганьбіць сябе. — Не прыставаць, маладзічкі-і-і! — зычна, імкнучыся весялей гаварыць, кажа нястомная Малання. — Жваве-ей варушыцеся! Не сарамаціцеся перад старой. Мележ. Каб не сарамаціцца перад людзьмі, на дзяльбу не паклікаў.. [Агей] нікога з чужых. Галавач.

3. Саромецца, бянтэжыцца. Праўда, дзяўчаты крышку сарамаціліся. Гроднеў.

сарамаці́ць, ‑мачу́, ‑маці́ш, ‑маці́ць; незак., каго.

1. Дакараць, выклікаючы пачуццё сораму. А настаўнік, нічога не ведаючы, думае, што Ганька падглядвае, і сарамаціць яе... Васілевіч. Калі хто спрабаваў сарамаціць, ушчуваць вырадка — біць яго цяпер, вядома, баяліся, — Пэпік апраўдваўся. Сачанка. Маці заступілася за сына, яна схапіла Хведара за руку і пачала сарамаціць. Пальчэўскі.

2. Ганьбіць, няславіць. Першай, мабыць, даведалася Халімоніха, прынесла вестку ад некага з суседак, зразу ж стала сарамаціць, клясці Ганну. Мележ. [Дзімін:] — Вам, Кашын, трэба праспацца. Я пазваню зараз, каб падрыхтавалі пасцель. Не сарамаціце бацьку. Карпаў. Пражыў ты [Бамбал] хораша век, дык пасядзі і хораша адпачні, не дзяцінься, не сарамаці сябе. Скрыган.

3. Прыводзяць у замяшанне, бянтэжыць, канфузіць. Сарамаціць вучня заўвагамі.

сарамлі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць сарамлівага; нясмеласць. Танцаваў.. [Дабрамыслаў] надзвычай лёгка, і сарамлівасць яго пакінула, ён нават, здаецца, крышачку падпяваў. Лобан.