зазя́бнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. зазяб, ‑ла; зак.
Разм. Азябнуць, змерзнуць. Рукі зазяблі ад марозу. □ — Я зазябла дарогаю і сядзела не распранаючыся. Савіцкі.
зазява́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Задумаўшыся, загледзеўшыся на каго‑, што‑н., аказацца няўважлівым, рассеяным. Месца тут было самае што ні ёсць дзікае — былая сядзіба, закіданая розным ламаччам. Толькі зазявайся — адразу ці ногі пал[оміш], Ці нос разаб’еш. Ваданосаў. Арсень зазяваўся і не паспеў запрасіць [на танец] тую, што ўпадабаў, Яраславу. Марціновіч.
зазямле́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. зазямляць — зазямліць і стан паводле знач. дзеясл. зазямляцца — зазямліцца.
2. Прыстасаванне для электрычнага злучэння з зямлёй электрычных машын, радыёпрыёмнікаў і інш., каб палепшыць іх работу, засцерагчы людзей ад электрычнага току. Зазямленне зрабіў [Шура] проста, уваткнуўшы між масніц падлогі кавалак меднага дроту. Навуменка.
зазямлі́цца, ‑земліцца; зак.
Злучыцца з зямлёй (пра электрычны ланцуг). Правады зазямліліся.
зазямлі́ць, ‑зямлю, ‑земліш, ‑земліць; зак., што.
Злучыць электрычную машыну, прыладу, радыёпрыёмнік і інш. з зямлёй для паляпшэння іх работы, засцярогі людзей ад электрычнага току. Зазямліць антэну радыёпрыёмніка.
зазямля́цца, ‑яецца; незак.
1. Незак. да зазямліцца.
2. Зал. да зазямляць.
зазямля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да зазямліць.
заі́грывацца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да зайграцца.
заі́грывацца 2, ‑аецца; незак.
Зал. да заігрываць 1.
заі́грываць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да зайграць 1.
заі́грываць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., з кім.
Разм.
1. Жартаўліва какетнічаць, заляцацца да каго‑н. Заігрываць з дзяўчатамі.
2. перан. Паддобрывацца да каго‑н., каб выклікаць да сябе прыхільнасць. — [Візэнер] нават заігрываў з насельніцтвам, хацеў паказаць сябе добрым і гуманным афіцэрам. Шамякін.