Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шчыка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Разм. Тое, што і шчыпаць (у 1–3 знач.). Зосітэ ўвесь час не давала спакою свайму каханаму: .. нават гулліва шчыкала яго за бакі. Броўка. Холад браў за ногі, шчыкаў за вушы. Сабаленка. Аброслы дзядзька ў капелюшы няўдала шчыкаў канцы папярос двума тоўстымі пальцамі. Брыль.

шчыке́тнік, ‑а і ‑у, м.

Разм. Тое, што і штыкетнік. За рэдзенькім, густа пабеленым вапнай шчыкетнікам — звонкія галасы малечы і падлеткаў. Ракітны.

шчыке́тны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да шчыкетніка.

шчыке́ты, ‑аў; адз. шчыкет, ‑а і ‑у, М ‑кеце, м.

Тое, што і штыкеты. Высокія шчыкеты навакол рынку былі аплецены зверху калючым дротам. Якімовіч. За шчыкетам квітнелі чырвоныя, жоўтыя і белыя цюльпаны. Аношкін.

шчыке́ціна, ‑ы, ж.

Тое, што і штыкеціна. Брамка з завостраных шчыкецін.. была адчынена. Чорны.

шчы́ліна, ‑ы, ж.

Вузкая, прадаўгаватай формы дзірка, адтуліна. Прыгравала веснавое сонца, нават у шчылінах асфальту зелянела трава. Гурскі. Нарэшце манетка скочыла ў шчыліну, у шклянку з хрыпам палілася газіроўка. Жычка. Тацяна абышла вакол агароджы і на другім баку ўбачыла ладную такі шчыліну. Васілёнак. Гумны знарок будаваліся так, каб мела вольны доступ паветра з двара, а таму ў іх звычайна было многа шчылін. Колас. // Тое, што падобна, нагадвае такую адтуліну. Доўга глядзеў.. [Сымонка] ў вузкую шчыліну зямлянкі і ніяк не мог зразумець, што там прафесар робіць. Кавалёў. Яна [Тацяна] падышла да акна, прахукала ў замёрзшай шыбе шчыліну. Шамякін. // Кароткі вузкі і глыбокі роў, прызначаны для ўкрыцця людзей у час бамбёжкі, артылерыйскага абстрэлу, атакі танкаў. Калі пасля спектакля мы выйшлі з тэатра на вуліцу, нас здзівіла такая хуткая змена ў горадзе: у скверах ужо былі выкананы супрацьпаветраныя шчыліны. Сяргейчык. Вара ж зноў выскоквае са шчыліны і паўзе туды, дзе акапаўся Глінскі. Кулакоўскі. // перан. Разм. Месца, дзе можна непрыкметна пралезці куды‑н. Ваўчыныя вочы замежных пралаз Не знойдуць ні шчылін, ні пор, ні адтулін У нашыя справы, у сэрцы да нас. Панчанка. [Шарупіч:] — Што ты хочаш? Каб я хабар даваў? Або шчылін шукаў? Карпаў. // перан. Разм. Зацішнае, надзейнае месца, якое з’яўляецца сховішчам для каго‑н. [Гарлахвацкі:] Яго [двурушніка] мізэрная душа апынулася ў пятках. Ён шукае сабе шчыліны, каб схавацца. Крапіва. Вылезлі з сваёй шчыліны стары Сабяга з сынам. Шахавец. Прачнуўшыся на другі дзень і апамятаўшыся, .. [Хвядос] так напалохаўся свайго ўчынку, што забіўся недзе ў шчыліну, праседзеў, як мыш, усе гэтыя трывожныя дні. Машара. // Спец. Вузкая адтуліна правільнай формы пэўнага прызначэння ў машыне, механізме і пад. Праз шчыліну байніцы.. [Мучаідзе] бачыў вузкую дарогу. Самуйлёнак. [Мірановіч] бачыў, як байцы цэліліся, стараючыся трапіць у глядзельную шчыліну ці ў гусеніцы. Марціновіч. // У анатоміі — вузкая поласць у арганізме.

•••

Галасавая шчыліна — праход паміж галасавымі звязкамі.

шчылінава́ты, ‑ая, ‑ае.

Спярэшчаны шчылінамі, са шчылінамі. Шчылінаватыя сцены.

шчы́лінка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Памянш.-ласк. да шчыліна; невялікая шчыліна. Грубачка стаяла беленькая, ні шчылінкі, ні драпінкі на ёй. Ермаловіч. // Пра вочы. [Багдановіч] высокі, худы, з вузенькімі шчылінкамі праніклівых вачэй, у студэнцкай тужурцы. Густы чуб непаслухмяных цёмна-русых валасоў звісаў на лоб. Мядзёлка.

шчы́лінны, ‑ая, ‑ае.

У тэхніцы — які мае шчыліны. Шчылінная антэна.

шчылі́нны, ‑ая, ‑ае.

У мовазнаўстве — гук, які ўтвараецца трэннем паветра ў шчыліне паміж збліжанымі органамі маўлення; фрыкатыўны.

шчы́лісты, ‑ая, ‑ае.

Які мае шмат шчылін, дзірак і пад. Шчылістая падлога. Шчылістыя дзверы.