упіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да уперці.
упі́рыстасць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць упірыстага.
упі́рысты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які настойліва супраціўляецца чаму‑н., не хоча згадзіцца з чым‑н., уступіць каму‑н.
упі́саны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад упісаць.
2. у знач. прым. Спец. Заключаны ў геаметрычную фігуру. Упісаны квадрат.
упіса́цца, упішуся, упішашся, упішацца; зак.
1. Запісацца куды‑н. Калгас у сяле арганізаваўся зімой яшчэ. Туды ўпісалася гаспадароў сорак. Навуменка.
2. Разм. Умясціцца на якой‑н. прасторы, у межах чаго‑н. Вока набліжалася да акуляра прыцэла. Сілуэт бамбардзіроўшчыка ўпісаўся ўжо ў першы бліскучы круг, потым у другі і нарэшце стаў на перакрыжаванне. Алешка.
3. перан. Арганічна ўвайсці ў акаляючае асяроддзе, структуру чаго‑н., не парушыць гармоніі з чым‑н. [Металічныя вышкі] неяк адразу прывычна ўпісаліся ў зялёны палескі пейзаж. Кірэйчык. У прывычны пейзаж утульных катэджаў, спартыўных залаў, манежаў ўпісаліся стрэлы вежавых кранаў. «Звязда». Паглядзіце, як па-свойску і арганічна ўпісаліся ў яго [Барадуліна] «Блакаду» народныя замовы, загадкі, прымаўкі: «На моры на Кіяні, на быстрым буяні стаіць ліпавы куст...» «Маладосць».
упіса́ць, упішу, упішаш, упіша; зак., што.
1. і каго. Уключыць у які‑н. спіс, запісаць куды‑н. [Пніцкі:] — Чаму мяне не ўпісалі ў сталярную брыгаду? Я сталяр — здаецца, не ўломак які. Чорны. [Галынскі:] — Але я ж проста не ўмею гаварыць, які ж з мяне дакладчык? Вы, Павел Андрэевіч, відаць, па злосці мяне ў дакладчыкі ўпісалі. Галавач.
2. Уключыць у напісаны тэкст што‑н. дадатковае. Упісаць прапушчаныя словы. // перан. Унесці ўклад у што‑н. Не адну гераічную старонку ў летапіс грамадзянскай вайны ўпісала беларуская моладзь. Шкраба. Яшчэ адну радасную надзею ўпісаў у біяграфію даяркі юбілейны год. «Работніца і сялянка».
3. Спец. Начарціць адну фігуру ўнутры другой з захаваннем пэўных умоў. Упісаць трохвугольнік у акружнасць.
4. перан. Арганічна ўключыць у акаляючае асяроддзе, не парушыць гармоніі з чым‑н. Новыя вароты. Новая брамка. Новыя пафарбаваныя аканіцы. Усё гэта аздобіла старую хату, упісала яе ў ансамбль вуліцы, дзе большасць хат — новыя. Шамякін.
5. Разм. З апетытам з’есці што‑н. Упісаць булку.
•••
Упісаць новую старонку ў што — зрабіць што‑н. новае, знамянальнае ў якой‑н. галіне.
упі́сванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. упісваць — упісаць (у 1–4 знач.).
упі́свацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да упісацца.
2. Зал. да упісваць.
упі́сваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да упісаць.
упі́ска, ‑і, ДМ упісцы, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. упісваць — упісаць (у 1–3 знач.).
2. Р мн. ‑сак. Тое, што ўпісана. У тэксце шмат упісак.