упіса́ць, упішу, упішаш, упіша; зак., што.

1. і каго. Уключыць у які‑н. спіс, запісаць куды‑н. [Пніцкі:] — Чаму мяне не ўпісалі ў сталярную брыгаду? Я сталяр — здаецца, не ўломак які. Чорны. [Галынскі:] — Але я ж проста не ўмею гаварыць, які ж з мяне дакладчык? Вы, Павел Андрэевіч, відаць, па злосці мяне ў дакладчыкі ўпісалі. Галавач.

2. Уключыць у напісаны тэкст што‑н. дадатковае. Упісаць прапушчаныя словы. // перан. Унесці ўклад у што‑н. Не адну гераічную старонку ў летапіс грамадзянскай вайны ўпісала беларуская моладзь. Шкраба. Яшчэ адну радасную надзею ўпісаў у біяграфію даяркі юбілейны год. «Работніца і сялянка».

3. Спец. Начарціць адну фігуру ўнутры другой з захаваннем пэўных умоў. Упісаць трохвугольнік у акружнасць.

4. перан. Арганічна ўключыць у акаляючае асяроддзе, не парушыць гармоніі з чым‑н. Новыя вароты. Новая брамка. Новыя пафарбаваныя аканіцы. Усё гэта аздобіла старую хату, упісала яе ў ансамбль вуліцы, дзе большасць хат — новыя. Шамякін.

5. Разм. З апетытам з’есці што‑н. Упісаць булку.

•••

Упісаць новую старонку ў што — зрабіць што‑н. новае, знамянальнае ў якой‑н. галіне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)