Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

руле́т, ‑а, М ‑леце, м.

1. Кумпяк, з якога вынята костка і якому нададзена форма каўбасы.

2. Ежа з сечанага мяса ці бульбы з якой‑н. начынкай, запечаная ў выглядзе прадаўгаватага кавалка, звычайна акруглай формы.

3. Пірог з цеста, згорнутага ў некалькі слаёў з салодкай начынкай. Рулет з макам.

[Фр. roulette.]

руле́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Вузкая лента (пераважна стальная) з дзяленнямі, якая накручваецца на валік, змешчаны ў футарале, і служыць для вымярэння чаго‑н. Разам з Іванам Сямёнавічам вучні рулеткай вымяралі двор, забівалі ў зямлю калочкі. Курто.

2. Прыстасаванне для азартнай гульні ў выглядзе рухомага круга з нумараванымі ямкамі, па якім коціцца шарык, а таксама сама гэта гульня.

[Фр. roulette.]

рулі́, ‑ёў; адз. няма.

Абл. Страва, прыгатаваная з накрышанага хлеба ў малако ці ў падсоленую (з алеем) або падсалоджаную ваду. — Накрышы ў міску хлеба, нарэж цыбулі, гуркоў, налі расолу. Вось будуць рулі! Лужанін.

рулі́ць, рулю, руліш, руліць; незак.

Тое, што і руляваць. Самалёты рулілі па паласе і сталі ўзлятаць. Алешка.

[Ад фр. rouler — каціць.]

руло́н, ‑а, м.

Скручаная ў трубку папера, тканіна, цэлафан і пад. У кузаве ляжаў цэлы рулон газетнай паперы і скрынкі з шрыфтамі. Новікаў. Я знарок павольна прайшоўся ля стала, сеў у крэсла, раскатаў рулон з чарцяжамі. Б. Стральцоў.

[Ад фр. rouleau — звітак, трубка.]

руло́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рулона, у форме рулона. Рулонная папера. Рулонны толь.

руло́нчык, ‑а, м.

Памянш. да рулон, невялікі рулон.

руль, ‑я, м.

1. Прыстасаванне для кіравання рухам судна, самалёта, аўтамабіля і пад. у зададзеным кірунку. Руль камбайна. Руль трактара. □ Дзядзя шафёр трымаецца за руль і глядзіць толькі наперад, у акно. Брыль. Назар заняў сваё ранейшае месца за рулём і ўпэўнена павёў машыну ўзнімаць новыя скібы. Паслядовіч.

2. перан. Кніжн. Пра органы кіравання, кіраўніцтва чаго‑н. Руль дзяржаўнага кіравання. □ О Беларусь мая, ён [Ленін] даў тваім сынам Дзяржаўны руль, братэрскай дружбы сілу, А мове, песням іх — узмах арліны крылаў. А. Александровіч.

•••

Лева руля гл. лева.

Права руля гл. права.

[Ад гал. roer.]

ру́ля, ‑і, ж.

Тое, што і дула. Кругленькая дзірачка рулі вінтоўкі глядзела .. [Захару] ў грудзі. Пестрак. Цераз плячо ў Лёнькі руляю ўніз вісела старая бацькава стрэльба. Гамолка. — Назад, маладзіца! — прамовіў вартавы, гайдануўшы руляй перад яе тварам. Паслядовіч.

рулява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак.

1. Кіраваць рулём. Шашу дагнаў на веласіпедзе Міхайла Прымак, ён спрытна руляваў адной рукой. Шамякін. // Кіраваць рухам чаго‑н. (лодкі, санак і пад.). Надзя рулявала ўпершыню, і лодка, вядома, больш слухалася маіх двух вёслаў, чым яе аднаго. Кірэенка. Я рулюю нагамі, выкіроўваю санкі на лёд. Жычка. // Разм. Ехаць па чым‑н., кіруючы рулём. [Сяргей Сяргеевіч:] — У Змітрака ўжо была ў той час свая машына, дык ён, як толькі вернецца, бывала, з работы, пасадзіць дачку і жонку і рулюе куды-небудзь за горад — у лес або на раку. Ляўданскі.

2. Спец. Каціцца па зямлі (пра самалёт).

3. Спец. Весці самалёт па зямлі (пра лётчыка).

[Ад фр. rouler — каціць.]