квітне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Паэт. Распускацца, расцвітаць (пра кветкі). Пралескі пачалі квітнець І зелянець паляны. Смагаровіч. // Мець кветкі, быць у пары цвіцення; цвісці. Квітнее бэз. □ Квітнеюць сады. Палі і лугі ператварыліся ў стракатыя каляровыя дываны. В. Вольскі.
2. перан. Паспяхова развівацца, знаходзіцца ў спрыяльных для развіцця ўмовах; працвітаць. Квітнее прамысловасць. Квітнее культура. □ Квітней, сталіца ўсіх сталіц — Васьмівяковая Масква! Калачынскі.
3. перан. Быць здаровым, прыгожым; знаходзіцца ў стане росквіту. Жанчына квітнее. □ [Данута] адчувала сябе, відаць, выдатна, бо аж уся квітнела. Карпюк. // Станавіцца радасным, прыгажэць. Усім падабалася і ўсе хвалілі. Сяргей проста квітнеў ад задавальнення. Яму яшчэ не даводзілася так апранацца. Машара.
квітне́ючы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад квітнець.
2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які знаходзіцца ў стане росквіту; пышны, прыгожы. Квітнеючы край.
3. Дзеепрысл. незак. ад квітнець.
квіто́к, ‑тка, м.
Разм. Квітанцыя, талон. Выпісаць квіток. □ Пятрок жа думаў: «Каб хутчэй узяць гэты квіток на дровы ды ехаць дадому». Чорны.
квіты́, у знач. вык.
Разм. Разлічыліся, расквіталіся. — Апошні воз бульбы, Андрэй Дзям’янавіч, у лік плана адправіў на нарыхтоўчы пункт. З дзяржавай мы квіты. Хадкевіч. — Вазьміце граду, а то і дзве з нашага агарода за хатай, і будзем квіты, — прапаноўвалі адзін перад адным памяркоўныя хлопцы, але стары ўпарта стаяў на сваім. Пальчэўскі.
кво́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; незак.
1. Разм. Адчуваць сябе нядужым, хворым; крактаць, стагнаць. Лячылі .. [сваццю] там і ўсякімі мікстурамі, і парашкамі, і чаем, а яна ўсё крактала, усё кволілася. Кулакоўскі. — Ты сам ведаеш, хварэлі ўсю вясну, цяпер толькі на ногі сталі. Ды і то яшчэ меншае кволіцца. Лынькоў.
2. Абл. Жаліцца на нездароўе, болі ў чым‑н. Чалавек ён не вельмі дужага здароўя, але ж ніколі і ні на што не кволіўся. Сабаленка. У дзяцінстве [Дзяніс] кволіўся на ногі. Нібыта раматус быў. Гроднеў.
кво́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Фізічна не развіты, слабага здароўя, хваравіты. Люда здавалася побач з мажным шыракаплечым Туміліным танюткай і кволай. Савіцкі. Птушаня, маленькае, кволае і такое бездапаможнае, сядзела непадалёку ў траве і сутаргава разяўляла жоўтую дзюбку. Курто. // Які дрэнна расце, развіваецца (пра расліны). У Аксінні тулілася да зямлі, апусціўшы вушы, кволая расада, а ў Палікарпаўны весела цягнуліся к сонцу букецікі. Кулакоўскі. // Слабы, маладзенькі, далікатны. Увайшлі [Сашка і дзед] у бярозавы гай. Ад беластволых красунь, у якіх толькі-толькі на[клёў]валіся кволыя лісточкі, здавалася, навокал пасвятлела. Даніленка. Кошыкі і карабы к поўдню напаўняліся кволымі бледна-жоўтымі і ружовымі сыраежкамі. Васілевіч.
2. Невялікі па сіле, інтэнсіўнасці, напружанасці. Кволае полымя. Кволы голас. □ Кволы ветрык лашчыў зялёную маладую травіцу. Мурашка.
3. Недастаткова моцны; нетрывалы. Лабановіч папрасіў старасту прысесці на канапу, бо кволае крэсла, якіх тут было ўсяго толькі два, наўрад ці вытрымала б яго .. дзябёлае тулава. Колас. Наладаваныя трохтонкі, палутаркі.., быццам вялізныя жукі, спаўзаюць з узгорка на кволы мост. Брыль.
4. перан. Малы, слабы, нязначны. Кволая надзея. □ Але спадзяванне, хоць і кволае, усё-ткі жыло ў ім і не давала супакою. Мележ. [У Чудзіна] надта хутка пагаслі тыя кволыя пачуцці сумлення, якія разбудзіў у хлопца Ганчароў сваёй гутаркай. Карпюк.
кво́рум, ‑у, м.
Найменшая колькасць прысутных на сходзе якой‑н. арганізацыі, неабходная па закону або статуту для прызнання сходу правамоцным. Прычын, якія б перашкодзілі правесці сход, Іван не бачыць. Кворум ёсць. Навуменка.
[Лац. quorum (praesentia sufficit) — якіх (прысутнасць дастатковая).]