гі́льдыя, ‑і, ж.
1. У сярэдневяковай Еўропе — аб’яднанне купцоў або рамеснікаў, якое абараняла інтарэсы або цэхавыя прывілеі сваіх членаў.
2. У царскай Расіі — адзін з трох саслоўнападатковых разрадаў, на якія падзялялася купецтва ў залежнасці ад велічыні капіталу. Купец першай гільдыі.
•••
Першай гільдыі — пра чалавека з крайнім праяўленнем якіх‑н. якасцей. Штукар першай гільдыі.
[Ад ням. Gilde — таварыства.]
гі́льза, ‑ы, ж.
1. Металічная, закрытая з аднаго канца трубка, якая служыць абалонкай зарада для агнястрэльнай зброі; састаўная частка патрона, снарада. Вісарыён выкінуў пустую гільзу і заклаў новы патрон. Самуйлёнак.
2. Папяровая трубачка, якую набіваюць тытунём пры вырабе папярос. Гільза з муштуком.
3. Назва розных дэталей, якія маюць форму трубкі. Гільза цыліндра.
[Ням. Hülse.]
гі́льзавы, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для вырабу гільз. Гільзавы цэх. Гільзавы матэрыял.
гільяці́на, ‑ы, ж.
Машына для абезгалоўлівання асуджаных на смерць.
[Ад уласн. імя.]
гільяцінава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. гільяцінаваць.
гільяцінава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак. і незак., каго.
Пакараць (караць) на гільяціне.
гілякі́, ‑оў; адз. гіляк, ‑а, м.; гілячка, ‑і, ДМ ‑чцы; мн. гілячкі, ‑чак; ж.
Даўнейшая назва ніўхаў.
гіля́цкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да гіляка, гілякоў, належыць ім. Гіляцкая мова. Гіляцкае паселішча. // Уласцівы гілякам; такі, як у гілякоў. Гіляцкі звычай.
гімене́й, ‑я, м.
У старажытнагрэчаскай і старажытнарымскай міфалогіі — бог шлюбу.
•••
Звязаць сябе вузамі Гіменея гл. звязаць.