санлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які вельмі любіць спаць, які хоча спаць. У коміне вецер сярдзіта гудзе, Ды чуецца часам яшчэ пазяханне. Лянівай санлівай кабеты ўздыханне. Зарыцкі. На пустой вуліцы.. ішоў яшчэ санлівы хлопец-пастух. Мележ. / у знач. наз. санлі́вы, ‑ага, м. [Мікалай Пятровіч], праўда, нічога асаблівага не сказаў. Адчыніў дзверы пакоя, прывітаўся, паглядзеў і з парога заўважыў: — У нас санлівых не любяць... Нядзведскі. // Вялы (пра жывёл, насякомых і пад.). [Жукі] падалі на зямлю, як нежывыя, — санлівыя і лянівыя. Ваданосаў. // перан. Які знаходзіцца ў стане спакою; які навявае сон, сонны. Санлівае надвор’е. □ Не люблю пакручастае сцежкі, Ціхае, санлівае ракі. Прануза. Санлівая ранішняя ціша Галаў парушалася рэдкім шчабятаннем птушак. Дуброўскі. // перан. Бяздзейны, пасіўны, апатычны. Адарванасць ад мае, ад барацьбы народа ператварыла [Ігната Вярэню] ў «цень», зрабіла бездапаможным, санлівым. Хромчанка.
2. Уласцівы чалавеку, які хоча спаць; такі, як у чалавека, што хоча спаць. [Раман] глянуў на каня санлівымі вачамі, як бы аб нечым разважаючы. Колас. Адразу зніклі санлівыя выразы на тварах. І Бародка пачаў.. [гаварыць]. Шамякін.
санлі́ўка, ‑і, ДМ ‑ліўцы; Р мн. ‑лівак; ж.
Жан. да санлівец.
са́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да саней. З-пад санных палазоў ішоў скрыпучы енк. Чорны. Відаць, недалёка вёска, бо там-сям санны след быў зацярушаны сенам, а сена тут здалёк не возяць. Бураўкін.
2. Звязаны з яздой, перавозкамі на санях; які адбываецца на санях. Цяпер у цішыні музея гармата сніць Кавлова санны рэйд. Вялюгін. // Прыгодны для язды на санях. Тыдзень ужо, як лягла санная дарога. Пташнікаў.
сано́рны, ‑ая, ‑ае.
У выразе: санорныя зычныя гл. зычны.
сано́ўнасць, ‑і, ж.
Рысы, паводзіны саноўнага чалавека; напышлівасць, высакамернасць.
сано́ўнік, ‑а, м.
У дарэвалюцыйнай Расіі і за мяжой — вяльможа з высокім санам, з высокім становішчам. Не менш як 60 скаргаў і прашэнняў паслала [Ганна] царскім саноўнікам. «Полымя». // Іран. Пра работніка, які зазнаўся на высокай пасадзе.
сано́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. У дарэвалюцыйнай Расіі і за мяжой — які займае высокае службовае становішча, з’яўляецца саноўнікам. Вядома: паэт вядомы Напісаў палкую оду, Чытаў яе на званым абедзе Ў прысутнасці саноўных асоб. Жычка. // Звязаны з дзейнасцю саноўнікаў, іх спосабам быцця. [Размова] была непрыемная Валуеву, але мусіў цярпець. Даносу і плётак не будзе. Па-першае, дваране і людзі свайго саноўнага кола, па-другое, удваіх. Караткевіч.
2. Іран. Уласцівы саноўніку; важны. Саноўны стыль.