рука́ў, ‑кава, м.
1. Частка адзення, якая пакрывае руку ці частку рукі. Ціха падпоўз Міколка да машыніста, асцярожна таргануў яго за рукаў. Лынькоў. [Тамаш] схаваў пальцы рук у рукавы і зарагатаў. Чорны.
2. Адгалінаванне, якое адыходзіць ад галоўнага вусця ракі. З рукава рэчкі, падхопленая струменем, плыла некім сарваная галоўка лілеі. Арочка. Яшчэ дзесятак метраў быстрыні і рукавы рэчкі, вырваўшыся з-за вострава на шырыню, злучыліся. Брыль.
3. Труба ці кішка для адводу вадкасцей, газаў, сыпучых целаў. Пажарны рукаў. □ Па рукаве з каменных жорнаў Плыла бялей за снег мука. Астрэйка.
•••
Закасаўшы рукавы гл. закасаўшы.
Рукавом закусіць гл. закусіць.
Смяяцца ў рукаў гл. смяяцца.
Спусціўшы рукавы гл. спусціўшы.
рука́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рукава (у 1 знач.). Рукаўныя запінкі.
рука́ўчык, ‑а, м.
1. Памянш.-ласк. да рукаў (у 1, 2 знач.).
2. Тое, што і манжэта (у 1 знач.).
рука́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Абл. Вітацца, паціскаючы адзін аднаму руку. — Я вас заўважыў яшчэ пры месяцы — стрымліваючы смяшок, хмыкнуў носам Коўбец і пачаў рукацца. М. Ткачоў.
рукая́тка, ‑і, ДМ ‑ятцы; Р мн. ‑ятак; ж.
1. Частка якой‑н. прылады (ручнога інструмента, зброі і пад.), за якую трымаюцца пры карыстанні. Рукаятка адвёрткі. Рукаятка кінжала. Рукаятка гранаты. □ [Пятро] дастаў з кішэні пісталет, да болю сціснуў шурпатую рукаятку. Шамякін.
2. Частка машыны, прыбора, за якую бяруцца рукою для перамяшчэння, пераключэння, павароту і пад. Раптам .. [Галіна] схапілася за рукаятку і сцішыла ход паравоза. Гурскі.
рукая́ць, ‑і, ж.
Тое, што і рукаятка. Да .. [палоннага] кінуўся Клопікаў, наважваючыся ўдарам пісталетнай рукаяці падагнаць чалавека. Лынькоў.
рукза́к, ‑а, м.
Заплечны рэчавы мяшок. [Антось:] — Ну, я гатоў. А вось і рукзак. Ого, які цяжкі! Ён мне плечы абарве. Цікава, чаго гэта мама паклала ў дарогу. Бяганская. Рукзак паходны рэжа мае плечы, Ды я маўчу, маўчаць мае сябры. Свірка.
[Ням. Rucksack.]
рула́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Хуткі, раскацісты, віртуозны перакат у спяванні. Коля .. вярнуўся магам, чараўніком: іграў на гітары, высвістваў пакручастыя рулады. Навуменка. Пачаў Кастусь выводзіць тэнаравыя рулады. Шынклер. // Пра раскацістае, пералівістае спяванне птушак. А ў лесе, нібы ў мюзік-холе, Галоп салаўіных рулад. Пысін.
[Фр. roulade.]
рула́дны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рулады, уласцівы ёй. Руладны спеў.
руле́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. руліць.