Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гру́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Абл.

1. Грымнуць, пачуцца. Тым часам дзесьці за лесам грунуў залп, і пасля пачалася страляніна. Чорны.

2. Упасці з грукатам. Інстынктыўна адчуваючы небяспеку, Аліна з усіх сіл дзвюма рукамі штурхнула чалавека ў грудзі. Пацукевіч не ўтрымаўся і грунуў на падлогу. Прокша.

гру́па, ‑ы, ж.

1. Некалькі чалавек, прадметаў і пад., якія знаходзяцца блізка адзін ад аднаго. Група дамоў. □ На ўзлеснай вуліцы, якая была дагэтуль бязлюднай, раптам з’явілася група дзяўчат і хлопцаў. Шахавец. // Графічны малюнак, скульптура або фатаграфічны здымак некалькіх асоб. Скульптурная група.

2. Сукупнасць прадметаў, з’яў, рэчываў, аб’яднаных паміж сабой якой‑н. агульнай прыметай, уласцівасцю і пад. Група крыві. □ У значнай колькасці вугор водзіцца ў возеры Нарач і некаторых азёрах Нарачанскай групы. Матрунёнак.

3. Аб’яднанне некалькіх асоб, арганізацыя, падраздзяленняў і пад., звязаных агульнымі мэтамі, ідэямі, сумеснай дзейнасцю. Камсамольская група. Ударная група войск. Група армій. □ А калі ў партызанскай групе сур’ёзна загаварылі аб узрывах чыгункі, .. [Ірына] проста сказала: — Гэта зраблю я... Лынькоў. // Аб’яднанне некалькіх асоб для сумесных заняткаў. Група падоўжанага дня. □ Жэня Жук — адзіная ў групе дзяўчына — з крэйдаю ў руках нешта тлумачыла.. ля дошкі. Карпаў.

[Ням. Gruppe.]

групава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. групаваць і групавацца.

групава́цца, ‑пуецца; незак.

1. Збірацца ў групу (групы); размяшчацца групай (групамі). На акупіраванай .. тэрыторыі існавала шырокая сетка падпольных бальшавіцкіх арганізацый, вакол якіх групаваліся ўсе рэвалюцыйныя элементы горада і вёскі. «Весці».

2. Зал. да групаваць.

групава́ць, ‑пую, ‑пуеш, ‑пуе; незак., каго-што.

Аб’ядноўваць у групу (групы); размяшчаць групай (групамі). Групаваць хімічныя элементы. □ — Хто вам даваў такія ўстаноўкі — па шэсць ячэек ствараць у адной вёсцы і групаваць па шаснаццаць чалавек у ячэйку? Пестрак.

групаво́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Кіраўнік групы (на занятках, рабоце і пад.). [Нампаліт] паведаміў, што сёння ў шаснаццаць ён збірае групаводаў палітзаняткаў. Алешка.

групавы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да групы, складаецца з групы. Групавая скульптура. Групавыя заняткі.

•••

Групавы шлюб гл. шлюб.

групаўшчы́на, ‑ы, ж.

Адсутнасць адзінства ў дзейнасці якога‑н. калектыву: адасабленне невялікіх груп, якія абараняюць свае вузкагрупавыя інтарэсы. Ліквідаваць групаўшчыну.

гру́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Памянш. да група (у 1, 3 знач.); невялікая група. Групка дзяцей.

групко́м, ‑а, м.

Групавы камітэт, выбарны орган некалькіх сумежных пярвічных прафсаюзных арганізацыя. Групком АН БССР.