гру́па, ‑ы, ж.

1. Некалькі чалавек, прадметаў і пад., якія знаходзяцца блізка адзін ад аднаго. Група дамоў. □ На ўзлеснай вуліцы, якая была дагэтуль бязлюднай, раптам з’явілася група дзяўчат і хлопцаў. Шахавец. // Графічны малюнак, скульптура або фатаграфічны здымак некалькіх асоб. Скульптурная група.

2. Сукупнасць прадметаў, з’яў, рэчываў, аб’яднаных паміж сабой якой‑н. агульнай прыметай, уласцівасцю і пад. Група крыві. □ У значнай колькасці вугор водзіцца ў возеры Нарач і некаторых азёрах Нарачанскай групы. Матрунёнак.

3. Аб’яднанне некалькіх асоб, арганізацыя, падраздзяленняў і пад., звязаных агульнымі мэтамі, ідэямі, сумеснай дзейнасцю. Камсамольская група. Ударная група войск. Група армій. □ А калі ў партызанскай групе сур’ёзна загаварылі аб узрывах чыгункі, .. [Ірына] проста сказала: — Гэта зраблю я... Лынькоў. // Аб’яднанне некалькіх асоб для сумесных заняткаў. Група падоўжанага дня. □ Жэня Жук — адзіная ў групе дзяўчына — з крэйдаю ў руках нешта тлумачыла.. ля дошкі. Карпаў.

[Ням. Gruppe.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)