Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вузкано́сы, ‑ая, ‑ае.

1. З вузкім носам. Вузканосае судна.

2. Разм. З вузкім наском, носікам (пра абутак, пасудзіну і пад.). Вузканосыя чаравікі.

вузкапле́чы, ‑ая, ‑ае.

З вузкімі плячамі. Вузкаплечы хлапчук.

вузкаплёначны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для здымкі на вузкую плёнку. Вузкаплёначны кінаапарат. // Зняты на такую плёнку. Вузкаплёначны фільм.

вузкарадко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сяўбы, пасеву сельскагаспадарчых культур з паменшаным міжрадкоўем. Вузкарадковая сяўба. Вузкарадковая сеялка.

вузкаспецыялізава́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае вузкую спецыялізацыю. Вузкаспецыялізаваная гаспадарка.

вузкаспецыя́льны, ‑ая, ‑ае.

Які ўжываецца, мае пашырэнне ў адной якой‑н. вузкай спецыяльнасці. Вузкаспецыяльны тэрмін.

ву́зкасць, ‑і, ж.

Уласцівасць вузкага (у 1–3 знач.).

вузкатва́ры, ‑ая, ‑ае.

З вузкім тварам.

ву́зкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае невялікую працягласць у папярочніку; проціл. шырокі. Між палёў шырокіх, Як змяя якая, Цягнецца дарога, Вузкая, крывая. Колас. // З меншай шырынёй, чым патрэбна, цесны. Вузкі праход. Вузкія дзверы. □ Прайшоўшы праз вузкае горла маста,.. паток пяхоты разыходзіцца ад Нёмана егерам. Брыль. // Які аблягае, нешырокі (пра адзежу, абутак). Вузкі світэр.

2. перан. Які ахоплівае нямногае, нямногіх; нешматлікі. Вузкае кола спецыялістаў. Вузкая нарада. Вузкі асартымент. // Звязаны з якой‑н. абмежаванай сферай дзейнасці. Вузкі спецыяліст. □ [Камандзір:] — Працуйце ўрачом. Набывайце практычныя навыкі ў якой-небудзь вузкай галіне. Алешка.

3. перан. З абмежаванымі поглядамі, інтарэсамі; недалёкі. Вузкі кругагляд. Вузкі практыцызм. □ Калі ж сказаць праўду, то.. [Міхаль] ведаў работу толькі свайго аддзела і быў чалавек вузкі. Скрыган.

4. Які вымаўляецца пры нешырокім раскрыцці рота (пра галосныя гукі).

•••

Вузкае месца гл. месца.

вузлава́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць вузлаватага.