ву́зкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае невялікую працягласць у папярочніку; проціл. шырокі. Між палёў шырокіх, Як змяя якая, Цягнецца дарога, Вузкая, крывая. Колас. // З меншай шырынёй, чым патрэбна, цесны. Вузкі праход. Вузкія дзверы. □ Прайшоўшы праз вузкае горла маста,.. паток пяхоты разыходзіцца ад Нёмана егерам. Брыль. // Які аблягае, нешырокі (пра адзежу, абутак). Вузкі світэр.

2. перан. Які ахоплівае нямногае, нямногіх; нешматлікі. Вузкае кола спецыялістаў. Вузкая нарада. Вузкі асартымент. // Звязаны з якой‑н. абмежаванай сферай дзейнасці. Вузкі спецыяліст. □ [Камандзір:] — Працуйце ўрачом. Набывайце практычныя навыкі ў якой-небудзь вузкай галіне. Алешка.

3. перан. З абмежаванымі поглядамі, інтарэсамі; недалёкі. Вузкі кругагляд. Вузкі практыцызм. □ Калі ж сказаць праўду, то.. [Міхаль] ведаў работу толькі свайго аддзела і быў чалавек вузкі. Скрыган.

4. Які вымаўляецца пры нешырокім раскрыцці рота (пра галосныя гукі).

•••

Вузкае месца гл. месца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)