Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зады́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Пачаць дыхаць.

задыхну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся.

Зак. да задыхацца.

зады́шка, ‑і, ДМ ‑шцы, ж.

Цяжкае частае дыханне (пры вялікай фізічнай нагрузцы або хваробе); дыхавіца. — Скажыце, дзе тут трактарны завод? — ледзь вымаўляючы ад задышкі словы, звярнуўся Васіль да [шафёра]. Кулакоўскі. Увайшоў дацэнт Садовіч — грузны, з задышкай, выкладчык супрамату. Карпаў.

задыя́к, ‑а, м.

Дванаццаць сузор’яў, праз якія Сонца праходзіць свой бачны шлях на працягу года.

•••

Знакі задыяка гл. знак.

[Ад грэч. zōdiakós (kyklōs) — звярыны круг.]

задыяка́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да задыяка, знаходзіцца ў задыяку. Задыякальныя сузор’і.

зае́дзены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад заесці.

за́едзь, ‑і, ж., зб.

Крылатыя насякомыя, якія смокчуць кроў (авадні, сляпні, мошкі і інш.). Пякло ўвесь час неміласэрна сонца, у лесе стаяла страшэнная заедзь: авадні, камары і сляпні насіліся роем і гулі, як чмялі. Нікановіч. Каня апанавалі мухі і авадні, і ён, бедны, бараніўся ад заедзі як толькі мог. Сачанка.

зае́зд, ‑у і ‑а, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. заязджаць — заехаць (у 1, 4 і 5 знач.).

2. ‑у. Адзін з тураў спаборніцтва ў скачках, гонках. Паўфінальны заезд. У першыя заездзе ўдзельнічала пяць коней. Атрымаць перамогу ў апошнім заездзе.

3. ‑у. Разм. Новая змена, кантынгент (у доме адпачынку, санаторыі і пад.). Новы заезд.

4. ‑а. Уст. Заезны дом. [Хурс] часта бываў у местачковых заездах, у карчомных стадолах. Чорны.

зае́здам, прысл.

Разм. Праязджаючы міма, па дарозе; праездам. Я толькі заездам сюды, падарожнік. Панчанка.

зае́зджаны, ‑ая, ‑ае.

Знясілены частай і працяглай яздой, работай без адпачынку. Заезджаны конь. // перан. Даўно ўсім вядомы; збіты. Заезджаная тэма. Заезджаны жарт.