само́тнік, ‑а, м.
Той, хто пазбягае людзей, вядзе адасобленае жыццё. Натуральна, што і лірычны герой у рамантычных творах Змітрака Бядулі гэтага часу — адзінокі самотнік. Каваленка. / у перан. ужыв. Дзе вольхі ніцыя крысом хаваюць бераг стромы, жыве стары самотнік сом, на ўсю раку вядомы. А. Вольскі.
само́тніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да самотніка, належыць яму. Самотніцкае жыццё.
само́тнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Жыць на адзіноце, знаходзіцца ў становішчы самотнага. [Мацей Мышка:] — Аказваецца, пакуль я самотнічаў і ў маткі рэдка бываў, і нічога не ведаў, дык дзядзька мой у Вільню пераехаў. Гарэцкі.
само́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца ў адзіноцтве, жыве адасоблена ад іншых; адзінокі. На самотным, запушчаным хутары.. жыла з старым бацькам дзяўчына. Брыль. Цётка Еўка падобна на сваю хату — такая ж згорбленая і самотная. Сіпакоў. // Які адчувае сябе чужым сярод людзей, далёкім ад іх. [Цімох:] — А з добрымі людзьмі ніколі сумаваць не будзеш, ніколі самотнай сябе не адчуеш. Дубоўка. / у перан. ужыв. Самотным дрэвам сняцца май і радасць, А мне — маё забытае святло. Караткевіч. Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся. Бывай, смуглявая, каханая, бывай. Стаю на ростанях былых, а з паднябесся Самотным жаўранкам звініць і плача май. Куляшоў.
2. Сумны, журботны. Калі.. [Яўхім] убачыў Ганну, маўклівую, самотную, вінаватасць лягла на душу. Мележ. // Прасякнуты самотай, тугой. [Арсень Андрэевіч] стараўся адкаснуцца ад самотных думак, але не мог. Марціновіч. Я не хачу шукаць прычыны Самотнай ростані навек. Прыходзька. // Які выражае самоту. Самотныя вочы, як промні, Душу працінаюць да болю. Вітка.
само́хаць, прысл.
Разм. Па сваёй ахвоце. Крумкач ізноў пачаў яе [пумачку] прасіць: — Аддай мне, калі ласка, песню гэту. Калі самохаць мне не аддасі — я адбяру! Дубоўка. // Само сабой, мімаволі. Пасля стрэлу ў вінтоўцы яшчэ заставалася гільза ў патронніку, і Чубар зусім самохаць кляцнуў затворам. Чыгрынаў.
саму́м, ‑у, м.
Сухі, гарачы вецер, пясчаны ураган у пустынях Азіі і Афрыкі.
[Араб.]
самура́й, ‑я, м.
Член прывілеяванага ваенна-феадальнага саслоўя дробных дваран у феадальнай Японіі. // Разм. Прадстаўнік рэакцыйнай японскай ваеншчыны.
[Япон.]
самура́йскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да самурая, уласцівы яму.