Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

самкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.

1. Звесці, шчыльна злучыць адно з другім. Самкнуць ножкі цыркуля.

2. перан. Злучыць у адно цэлае. Самкнулі шарэнгі Чырвонагвардзейцы. Глебка. // Акружыць, узяць у клешчы. Калі чужынцы свой самкнулі круг, Падняў з гранатаю руку мой друг, Магутны выбух страсянуў наўколле... А. Астапенка. Затое не забывалася тая цёмная ноч у сярэдзіне лета, калі вярталіся з бежанцаў: непадалёку ад Клінцоў немцы самкнулі клешчы, і ў акружэнні, разам з вайсковымі часцямі, апынуліся бежанская абозы. Чыгрынаў.

3. Заплюшчыць, стуліць (вочы, губы і пад.). А па ранку, ледзь самкнула Вочы стомлена дзяўчынка, Хтось устаў над ёй — пачула — З ціхім шэптам: — Сірацінка... Кірэенка.

•••

Не самкнуць вачэй — не спаць зусім.

Самкнуць рады — згуртавацца, аб’яднацца.

самле́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які страціў прытомнасць. Дзверцы кабіны былі расчынены, дробненька ўздрыгваў капот, а на сядзенні ляжаў самлелы вадзіцель. Нядзведскі.

2. Здранцвелы, сшэрхлы. У наплыўшых кроўю вачах агонь пагас, і самлелы язык не мог больш вымавіць ні слова. Пестрак. / у вобразным ужыв. І чаплялася сена на голле самлелых бяроз. Вялюгін.

3. Знясілены працаю, спёкай і пад. Лабановіч узяў самлелую птушынку і вынес на свежае паветра. Колас. Сеў [хлопец] за кнігу, — не бачыць літар: вее полымем ад яе. І рукою самлелай выцер губы высахшыя свае. Таўлай.

самле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Страціць прытомнасць. Галіна Адамаўна самлела, у яе здарыўся сардэчны прыступ. Шамякін. // Анямець ад нечаканага страху, здзіўлення і пад. Зірнуў я і аж самлеў — за авечкамі з ашчэранай пашчай здаравенны рыжы воўк бяжыць. Ляўданскі. Паварушыліся [хлопцы] — і зараз жа храснуў леташні сухі чаротнік. Самлелі хлопцы, затаілі дыханне, прыслухаліся — нічога. Маўр.

2. Здранцвець, страціць адчувальнасць. Доўга Міхалка пісаў. Самлела, моцна зайшлася ў яго рука. Лужанін.

3. Знясілець ад стомленасці, спёкі і інш. Дзед адцягвае Лазара ад мяшка, і рукі ў Лазара дрыжаць мацней, вось-вось самлеюць пальцы і пусцяць мяшок. Галавач. [Гарпіна:] Ой, не, адпачнём пакуль у садзе, а то я так самлела ў спякоце, што хоць у бочку з вадой лезь... Губарэвіч.

самна́мбул, ‑а, м. і самна́мбула, ‑ы, м. і ж.

1. Хваравіты на самнамбулізм; лунацік.

2. Тое, што і празорца.

самнамбулі́зм, ‑у, м.

1. Тое, што і лунацізм.

2. Тое, што і яснабачанне.

[Ад лац. somnus — сон і ambulare — хадзіць.]

самнамбулі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да самнамбулізму, да самнамбула (самнамбулы).

самні́ты, ‑аў; адз. самніт, ‑а, М ‑ніце, м.

Старажытныя італійскія плямёны, якія жылі ў цэнтральнай частцы Апенінскага паўвострава.

самні́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да самнітаў, які належыць, уласцівы ім. Самніцкія войны.

само́та, ‑ы, ДМ самоце, ж.

1. Адзінота, знаходжанне ў адзіноцтве. Пісар Васількевіч сядзеў у сваім запаветным пакойчыку, дзе ён часта любіў заставацца ў самоце. Колас.

2. Стан, самаадчуванне самотнага; смутак, туга. У роспачы і самоце, Аляксей ішоў сам не ведаючы куды. Вітка. Не плач, шматпакутная маці! Мы прыйдзем і ласкай сагрэем тваё набалелае сэрца, І знікне самота з вачэй. Панчанка. / у вобразным ужыв. Самота выльецца слязамі, Як хмара цёмная — дажджом. Лось. Нылі тэлефонныя правады, выплаквалі ў адвечны прастор сваю самоту. Пташнікаў.

само́тнасць, ‑і, ж.

Стан самотнага чалавека; пачуццё адзіноцтва. У бацькі для сына знайшлося раптам багата пяшчотных і цёплых слоў, бацька для сына вынаходзіў забавы і заняткі, вырываючы яго з самотнасць. Мікуліч. Усё цяжэй і цяжэй пачаў адчуваць.. [Сцяпан] сваё адзіноцтва. Ад гэтай самотнасць магла б пазбавіць толькі.. [Мая]. Дуброўскі.