самле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Страціць прытомнасць. Галіна Адамаўна самлела, у яе здарыўся сардэчны прыступ. Шамякін. // Анямець ад нечаканага страху, здзіўлення і пад. Зірнуў я і аж самлеў — за авечкамі з ашчэранай пашчай здаравенны рыжы воўк бяжыць. Ляўданскі. Паварушыліся [хлопцы] — і зараз жа храснуў леташні сухі чаротнік. Самлелі хлопцы, затаілі дыханне, прыслухаліся — нічога. Маўр.

2. Здранцвець, страціць адчувальнасць. Доўга Міхалка пісаў. Самлела, моцна зайшлася ў яго рука. Лужанін.

3. Знясілець ад стомленасці, спёкі і інш. Дзед адцягвае Лазара ад мяшка, і рукі ў Лазара дрыжаць мацней, вось-вось самлеюць пальцы і пусцяць мяшок. Галавач. [Гарпіна:] Ой, не, адпачнём пакуль у садзе, а то я так самлела ў спякоце, што хоць у бочку з вадой лезь... Губарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)