Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уперахва́т, прысл.

Разм.

1. Перахватваючы рукой (рукамі). Цягнуць вяроўку ўперахват.

2. Наперарэз каму‑, чаму‑н., каб перахваціць каго‑, што‑н.

упе́рці, упру, упрэш, упрэ; упром, упраце; пр. упёр, уперла; заг. упры; зак., каго-што.

1. Разм. З цяжкасцю ўпхнуць, уціснуць куды‑н. Уперці рэчы ў чамадан. // перан. Груб. З’есці многа. Закупіў бы рыбы, мяса, Кіло кракаўскай каўбасы, Хлеба белага з паўгорбы І, дальбог, адзін упёр бы! Васілёк.

2. Разм. Унесці, уцягнуць куды‑н. што‑н. цяжкае, грувасткае. Уперці раяль у хату.

3. Шчыльна прыціснуць што‑н. да чаго‑н. канцом, краем, робячы ўпор. Сотнікаў пацягнуўся рукамі з вінтоўкай, каб уперці прыклад у плячо. Быкаў. Генерал упёр бараду ў грудзі і гэтак, з апушчаным тварам, хацеў падацца назад у вагон. Чорны. [Сузон] высек тоўсты дубовы кол, каб падперці клець. Упёр кол канцом адным у зямлю, а другім у шула. Галавач. // Узяцца ў бокі, прыняць ганарлівую паставу. — Ну, што скажаш? — Цаліна ўзяла.. [Сароку] за падбародак, прымусіла ўзняць галаву, адпусціла. Рукі ўперла ў бокі і чакала адказу. Ваданосаў. // перан. Утаропіць вочы на каго‑, што‑н. Я нешта прамычаў, а ксёндз упёр у мяне вочы і наўмысна трымаў мяне некалькі хвілін у такім разгубленым стане. Карпюк.

4. Разм. Навязаць каго‑, што‑н. каму‑н. — Працуе тут у домакіраўніцтве адна. У інстытут не прайшла, дык да нас упёрлі. Даніленка. [Яніна] праклінае бацьку, як самага благога свайго ворага, за тое, што ўпёр яе ў гэтую сям’ю. Мурашка. // перан. Патраціць, выдаткаваць (грошы). [Якаў:] — А хіба Халуста здольны на такое, калі ён свайго Мікалая поедам жарэ кожны дзень, што грошы за яго ўпёр. Чарнышэвіч.

упе́рціся, упруся, упрэшся, упрэцца; упромся, упрацеся; пр. упёрся, уперлася; заг. упрыся; зак.

1. Уперці частку свайго цела або які‑н. прадмет для апоры, супраціўлення, адштурхвання. Абхапіўшы разеілку вершаліны, дзяўчынка ўперлася нагамі ў снег і пацягнула. Гарбук. [Бабёр] моцна ўпёрся ў сценкі прахода і не хацеў вылазіць. Самусенка. // Узяцца ў бокі, прыняць ганарлівую паставу. [Макар] стаў пасярод хаты, упёрся шырокімі кулакамі ў бокі. Чорны. // перан. Разм. Утаропіцца ў каго‑, што‑н. Расставіўшы ногі ў абвіслых на каленях брыджах, Партноў упёрся ў .. [Сотнікава] вострым позіркам і чакаў. Быкаў. Девін доўга крывіўся, упёршыся блізарукімі вачыма ў паперку, на якой было напісана небагатае меню. Карпюк. // Прыняць пэўны напрамак (пра вочы, позірк). Мае вочы ўперліся ў .. блішчастыя гузікі на мундзіры [паліцыянта]. Дамашэвіч.

2. Наткнуцца ў час руху на якую‑н. перашкоду, уткнуцца ў што‑н. Ззаду загрукацелі колы.. З разгону.. добры конь упёрся грудзьмі ў палукашак нашага воза. Брыль. — Ідзі, чалавеча, проста, аж пакуль пяройдзеш сенажаць. Там упрэшся ў рэчку,.. — адказаў той, што стаяў ля шула. Крапіва. Яны перайшлі вуліцу зломаным кутом і ўперліся ў другую, яшчэ цямнейшую. Гартны. Мінула некалькі хвілін, і прамень ліхтара ўпёрся ў перашкоду. Шыцік. // Распасціраючыся ў якім‑н. напрамку, наблізіцца да чаго‑н. Нарэшце луг упёрся ў невялікі лес, толькі рэчка, агінаючы яго справа, пабегла некуды далей, на поўдзень. Шчарбатаў. // перан. Разм. Накіравацца ўвысь, узвысіцца. А побач з убогімі будынкамі ўперліся ў неба панскія палацы. Пшыркоў. У хмары ўперліся стагі кудлатымі галовамі. Ставер. // перан. Наткнуцца на якія‑н. цяжкасці, перашкоды пры ажыццяўленні чаго‑н. Справа ўперлася ў непрадбачаны фармалізм. □ Часамі пішучы ўпрэшся ў што-небудзь, не ўдаецца. А далейшае ўжо выразна малюецца, думка думку падказвае. Лужанін. // Разм. Сканцэнтравацца на чым‑н. адным. Як упруцца [дагматыкі] ў што-небудзь, дзяўбуць адно і тое ж дзесяткі год. Прокша.

3. Аказаць супраціўленне чаму‑н., не захацець згадзіцца з чым‑н., уступіць каму‑н. — Асабліва не гарачыся, калі Пятрусь упрэцца, — гаворыць.. [Ярыне] маці. Бажко. [Кулагін:] — Я быў за тое, каб табе першую прэмію аддалі. Настойваў нават. Дык члены праўлення ўперліся, парторг таксама. Гаўрылкін. Аўгіню ніяк не ўгаворыш. Уперлася кабета на сваім і ні з месца. Колас. // Занаравіцца. Конь упёрся і ні з месца. □ — Ну ідзі, ідзі, Лысачка! Пашчыпай у рове трохі травы... — кажа Зося карове. Але Лыска ўперлася — і ні з месца. Каліна.

4. Разм. З цяжкасцю або без дазволу ўвайсці, пранікнуць куды‑н. І — нібы згаварыліся — следам за .. [Мікітам] упёрся ў хату камляваты дзядзька Тодар Малахаў. Зарэцкі. // Улезці ў што‑н. Зарагатаў над ім другі Партнёр, — Упёрся ў багну — сам і вырабляйся! На дапамогу, друг, не спадзявайся... Забудзь на дагавор! Валасевіч.

•••

Упёрся як баран — пра ўпірыстага чалавека.

упершыню́, прысл.

Першы раз. Упершыню за ўсю дарогу .. [Васілю] захацелася не спяшацца, прыпыніцца, пачакаць. Мележ. «Мама!».. Упершыню пачула баба такое слова ад пасынка. Брыль.

упе́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

Абл. Утаропіцца. Дзед з цікаўнасцю ўперыўся на ўнука. Шынклер. [Мікола] глядзеў на .. [маці] ўпаўшымі, зашклёнымі ад слёз вачыма, а пасля павярнуўся на спіну, уперыўся зрокам у столь і нешта думаў... Брыль.

упе́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

Абл. Утаропіць. Дзеткі зашыліся ў куток і ўперылі вачаняты на пачырванеўшага пана, які скончыў есці. Пестрак.

упе́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад упячы.

упёк, ‑у, м.

Спец. Розніца паміж вагой цеста, пасаджанага ў печ, і вагой выпечанага хлеба.

упёрты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад уперці.

упіва́цца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да упіцца ​1.

упіва́цца 2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да упіцца ​2.