умо́твацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да уматацца.
2. Зал. да умотваць.
умо́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да уматаць.
умо́ўлены, ‑ая, ‑ае.
Такі, аб якім загадзя ўмовіліся, назначаны па ўгавору. [Асігнацыі] акуратна пералічылі. Усё аказалася ў парадку, роўна дзвесце тысяч, як і было ўмоўлена. Лынькоў. Усе [патрыёт] сабраліся на ўмоўленым месцы — на Суражскім рынку. Новікаў. Міша чакаў партызан. А тыя пазніліся. А можа не падышоў умоўлены час? Паўлаў.
умоўнарэфлекто́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ўмоўных рэфлексаў, заснаваны на іх. Умоўнарэфлекторныя сувязі.
умо́ўнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць умоўнага (у 1–5 знач.). Умоўнасць прысуду. Умоўнасць сюжэта. // Сукупнасць асаблівасцей, уласцівых чаму‑н. умоўнаму, заснаванаму на ўмоўным паказе рэчаіснасці. Тэатр стварыў цікавы спектакль, у якім спалучаюцца яркія рэалістычныя вобразы і дэкаратыўная ўмоўнасць. «ЛіМ». Праз фантастыку, праз умоўнасць Купала дае тыпова рамантычную .. інтэрпрэтацыю буржуазнага свету. Бярозкін.
2. Агульнапрынятая, хоць і непатрэбная сістэма звычак, норм паводзін. Адразу адпалі ўсе фармальнасці і ўмоўнасці. Мы маглі гаварыць пра ўсё на свеце. Шамякін. У прасторнай зале .. стаіць той шматгалосы тлум, які сведчыць, што весялосць у разгары, што госці даўно перайшлі мяжу ўмоўнасці і не вельмі зважаюць адно на другога. Навуменка. Старасветчына была і сплыла не толькі ва ўкладзе жыцця. Сучасны чалавек тым і розніцца ад продкаў, што стаіць вышэй над умоўнасцямі. Карпаў.
умо́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Вызначаны па ўмове, угавору; загадзя ўмоўлены. Умоўны стук. □ Камандзіры зверылі гадзіннікі, дамовіліся аб умоўных сігналах і пайшлі на бераг да сваіх плытоў. Няхай. На ўмоўны свіст спяшаецца Да дуба камісар. Куляшоў. Уранку сябры Пакідалі сяло, Ля дуба — Умоўнае месца было. Гілевіч.
2. Абмежаваны якімі‑н. умовамі, які мае сілу пры наяўнасці якіх‑н. умоў. Умоўнае асуджэнне.
3. Які вызначаецца чыімі‑н. адносінамі да чаго‑н.; адносны. Якія ўмоўныя, аднак, людскія разуменні: шчасце, няшчасце... Лынькоў. Праўда, «дом» для.. [Дзямковіча] цяпер быў паняццем чыста ўмоўным: дому ў яго не было. Палтаран.
4. Які не існуе на самой справе; які ўяўляецца, дапускаецца ў думках; уяўны. Разам з партызанскімі разведчыкамі [Саша і Жэня] перайшлі шашу — умоўную мяжу партызанскай зоны. Новікаў. Хлопец, што сядзеў за маёй спін[а]й, .. трымаючы ў роце цыгарэту, прасіў у мяне прыпаліць, чыркаючы ўмоўнай запалкай па ўмоўнаму карабку. Радкевіч. // Прадугледжаны ўмовамі, правіламі чаго‑н. Умоўны праціўнік. Умоўная задача. □ Замест умоўных дэкаратыўных скал.. разгарнуліся праўдзівыя пейзажы. «Беларусь». // Які з’яўляецца сімвалічным абазначэннем якога‑н. рэальнага прадмета. Чырвонай пункцірнай лініяй начарціў шлях Пыжыкавай мамы, як ён уяўляўся мне. Адзначыў умоўным тапаграфічным значком дом Наташы. Шыловіч.
5. У мастацтве — заснаваны на адмаўленні ад рэалістычнага паказу рэчаіснасці; сімвалічны. Умоўная дэкарацыя.
6. У граматыцы — які мае значэнне ўмовы. Умоўныя даданыя сказы. Умоўны лад дзеяслова.
7. Спец. Прыняты ў якасці асновы пры вызначэнні сярэдніх велічынь чаго‑н. Умоўнае паліва. Умоўная кармавая адзінка.
•••
Умоўны рэфлекс гл. рэфлекс.
умо́ўчаць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. (пераважна з адмоўем «не»). Сцярпець, не адказаць каму‑н. — Не еў, не еў! — як перадражняючы каго, усё крычыць [кот], ды з такою злосцю, што Юстап будзе маўчаць, маўчаць, ды і не ўмоўчыць — на жонку абавязкова пасварыцца: — Дала б ты гэтай здыхаце малака. Калюга.
2. Не сказаць, не ўпамянуць аб чым‑н. знарок. [Маці:] — Я таксама не хачу, каб няпраўду ты гаварыў. Але ж умоўчаць сёе-тое мог. Сачанка.
умо́ўчванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. умоўчваць — умоўчаць (у 2 знач.).
умо́ўчваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да умоўчаць (у 2 знач.).
умо́шчаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад умасціць.