Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

угну́цца, угнуся, угнешся, угнецца; угнёмся, угняцеся; зак.

Тое, што і увагнуцца. Дрыгва ўгнулася глыбей. Вось-вось прарвецца. Мележ. Згорбіцца, прыгнуцца. За .. [Маяй], угнуўшыся, з чамаданам на спіне пайшоў і Міхей Парфёнавіч. Дуброўскі.

угну́ць, угну, угнеш, угне; угнём, угняце; зак., што.

Тое, што і увагнуць (у 1, 2 знач.). Скуратовіч раптам угнуў плечы так, што яны сталі шырокія і круглыя. Чорны.

угняві́цца, ‑яўлюся; ‑евішся, ‑евіцца; зак.

Тое, што і угневацца.

угняві́ць, угняўлю, угневіш, угневіць; зак., каго.

Увесці ў гнеў; раззлаваць; пакрыўдзіць. Гулак быў узрушаны і меў выгляд сярдзітага чалавека. Відаць, угнявілі яго. Колас. Апейка заўважыў, што хлопец хацеў штосьці запярэчыць яму, але стрымаўся, пабаяўся, відаць, угнявіць. Мележ. [Алесь] угнявіў чалавека, хоць і цяпер быў упэўнены ў сваім. Броўка.

угняздзі́цца, угнязджуся, угнездзішся, угнездзіцца; зак.

1. Звіць, зрабіць сабе гняздо дзе‑н., у чым‑н. (пра птушак). // Разм. Зручна размясціцца, асталявацца дзе‑н., звычайна на невялікай прасторы. Угняздзіцца на печы.

2. перан. Моцна ўкараніцца дзе‑н., у чым‑н. (пра абстрактныя паняцці). Сярод найбольш правых цвёрда ўгняздзілася думка: — А Загорскага сынок... Чулі? .. Якабі-інец. Караткевіч.

уго́ддзе, ‑я, н.

Участак зямлі, які мае гаспадарчае прызначэнне. Сенакосныя ўгоддзі. Лясныя ўгоддзі. □ Васіліна забрала ў Люды аловак, прыхапіла з суседняга стала аркуш паперы і схілілася над картай, разглядаючы калгасныя ўгоддзі і іх межы. Хадкевіч.

уго́дкі, ‑дак; адз. няма.

Уст. Гадавіна з дня смерці; адзначэнне гэтай даты. // Наогул урачыстасць, прысвечаная гадавіне якой‑н. падзеі. Добра і тое, што кніга А. Лойкі ўбачыла свет іменна сёлета, калі наша грамадскасць адзначае 75‑я ўгодкі з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Юрэвіч.

уго́длівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць угодлівага; ліслівасць. Руды твар Сяміздрава выказваў угодлівасць і ціхмянасць. Шчарбатаў.

уго́длівы, ‑ая, ‑ае.

Празмерна паслужлівы, ліслівы; дагодлівы. У яго [Івана Дулькі] былі маленькія .. вочкі, ліслівая ўсмешачка блукала па твары, і ўвесь ён быў такі ўгодлівы, пачцівы, ліпкі. Кірэенка. // Які выражае ўгодлівасць, ліслівасць. Угодлівыя вочы. □ Круглы твар старасты свеціцца, як сонца. Угодлівы смех коціцца гарохам. Колас.

уго́днік, ‑а, м.

1. Разм. зневаж. Той, хто імкнецца дагадзіць каму‑н.; угодлівы чалавек.

2. Уст. У рэлігійным уяўленні — святы, які ўгадзіў богу сваім бязгрэшным жыццём. На покуце над сталом віселі абразы ў просценькіх саматужных асадках, але пад шклом, каб мухі не забруджвалі твары святых угоднікаў. Колас. Цётка Тэкля, самая набожная ў вёсцы жанчына, пераблытала і накрыла чыгун з бульбай для свіней абразом Міколы ўгодніка. Курто.