Лапата́ць1, лопота́ць ’удараць па паверхні чаго небудзь, ствараючы аднастайныя прыглушаныя гукі’ (ТСБМ), ’біць па лісці, кары, па акне (аб дажджы)’ (КЭС, лаг.), ’нязвязна хутка гаварыць, расказваць’ (ТСБМ; міёр., Нар. лекс., КЭС, лаг.), ’гаварыць, размаўляць’ (Сл. паўн.-зах.), ’гаварыць на замежнай мове’ (ТСБМ), ’балбатаць, малоць глупства, барабаніць языком, гаварыць многа аб нязначным, пустым і без сэнсу’, ’крычаць’ (ТСБМ, Гарэц., Касп., Шат., Нас.; докш., Янк. Мат., ТС, Сл. паўн.-зах.), ’узводзіць паклёп’ (Нас.), пух. ’грукатаць’, шальч. лапатацца ’абгаворваць’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. лопота́ти, рус. лопота́ть, польск. łopotać, славен. lopotáti, серб.-харв. лопо̀тати, ст.-слав. лопотивъ ’гугнявы’, ’балбатлівы’. Прасл. lopotati ’выдаваць гук пры ўдары, балбатлівую гаворку’, ’шумець’. З’яўляецца інтэнсівам з суф. ‑otati ад lopati > лопаць (гл.), утворанага ад гукапераймання lop! (Бернекер, 1, 732; Фасмер, 2, 519; Слаўскі, 5, 202–204). З іншым вакалізмам — ле́пет (Аткупшчыкоў, Из истории, 95). Сюды ж: лапатанне ’балбатанне, паклёп’ (Нас.), стаўб. лапатаньё ’тс’ (Нар. словатв.), лапата́ннік ’балбатун’, лапатня́ ’балбатня’ (трак., Сл. паўн.-зах., Юрч. Вытв.), лапатлівы ’балбатлівы’ (Сл. паўн.-зах., Мат. Гом.), лапату́н ’балбатун, які шмат і без сэнсу хутка гаворыць’ (КЭС, лаг., Касп., Шат., Жд. 2, Нар. лекс., З нар. сл.), перан. лапатушка ’трактар’ (Мат. Гом.).

Лапата́ць2 ’скубсці траву, дрэнна касіць (пра няякасна адкляпаную касу)’ (слонім., Сл. паўн.-зах.). Утворана ад лопат (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́паць ‘тузаць, пацягваць за што-небудзь’ (браг., З нар. сл., Пятк. 2), ‘тузаць, намагацца’, ‘хутка нешта рабіць ці падымаць не пад сілу (Нар. Гом.; браг., Нар. словатв.), ‘торгаць’, ‘цяжка дыхаць’, ‘зло, з крыкам размаўляць’ (Ян.), се́пацца ‘злавацца’, укр. сі́пати ‘тузаць’, рус. дан. си́пать ‘цягнуць рыўкамі’, польск. siepać ‘торгаць, рваць’, н.-луж. sepaś ‘біцца (пра пульс, сэрца)’, серб.-харв. сепати се, себати се ‘тузацца’, балг. се́пвам ‘палохаць, прымушаць здрыгануцца’, дыял. се́пам съ ‘уздрыгваць’, макед. сепнува се ‘асякацца, раптоўна замаўкаць; слупянець’. Прасл. *sěpati ‘тузаць, торгаць’, параўноўваюць з літ. šaipýtis ‘насміхацца, здзеквацца; крывіць вусны’, што дае падставы разглядаць праславянскі дзеяслоў як ітэратыў з першаснай матывацыяй, захаванай у літ. šiẽpti ‘рабіць грымасы, рухі тварам’, што да і.-е. ḱei̯p‑ ‘рабіць рухі, моршчыць твар’, з тым жа коранем авест. saef‑ ‘махаць’, ст.-інд. śipra‑ ‘вусы’ (Борысь, Etymologie, 378). Паводле чаргавання вакалізму кораня сюды адносяць польск. siąpić ‘імжэць’ (Брукнер, 489), чэш. sapat se ‘гвалтоўна нападаць’, славац. sápať ‘торгаць’, славен. sópsti ‘пыхцець, цяжка дыхаць’, на аснове якіх выводзіцца прасл. *sap(a)ti, суадноснае з *sěpati (Сной у Бязлай, 3, 218), гл. сапці. Магчыма, звязана з сіпець, гл. (так Якабсон, IJSLP, 1959, 1–2, 270), параўн. (змяя) mòcna sièpnuŭszy ŭskoczyła (Пятк. 2, 50) і сіпе́ць (сипѣць) ‘шыпець (пра змяю); злавацца’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

супако́іцца, ‑коюся, ‑коішся, ‑коіцца; зак.

1. Стаць спакойным, перастаць хвалявацца. Амаль што да самага рання я не мог супакоіцца пасля атакі. Барашка. Андрэй пачуў, што супакоіўся — радзей стала стукаць у грудзях, — і прыціснуў да пляча прыклад. Пташнікаў. І ты [мой родны] супакоішся, можа, заснеш на світанні, А заўтра ўспомніш, што хваляваўся дарма... Тарас. // Перастаць шумець, размаўляць, пачаць весці сябе ціха. Ноччу, калі заснуць таварышы і супакояцца за сцяной гаспадары, да .. [Ігнася] прыбягалі мары. Чарнышэвіч.

2. Стаць пакорным, уціхамірыцца. Невясёлае жыццё настала для хуліганаў, п’яніц, абібокаў. Прысмірэлі яны, супакоіліся. Дадзіёмаў.

3. Аслабіць праяўленне чаго‑н., стаць менш моцным; сціхнуць. Кашаль супакоіўся. □ Падвечар бамбёжка супакоілася, ніхто больш .. [хлопцаў] не трывожыў. Якімовіч. [Андрэй:] — Палова, пэўна, уцячэ дамоў, каб перачакаць, пакуль усё супакоіцца. Машара. // Аслабіцца або прыглушыцца (пра пачуцці). Залатыя сны ім [людзям] Няхай рояцца; Няхай жаль на душы супакоіцца. Купала.

4. Прыйсці ў стан спакою, нерухомасці; спыніць рух. Нарэшце, човен супакоіўся; на дне яго плюхалася вада. Маўр. Гадзіны праз дзве возера крыху супакоілася. В. Вольскі.

5. Задаволіцца дасягнутым, зробленым. Хоць і сенат не прызнаў сялянскага права, але Аксён не хоча супакоіцца на гэтым. У яго ёсць яшчэ думка — падаць прашэнне цару. Колас.

6. Памерці. Пасіянарыя, бывай!.. Я мушу цвёрда смерць сустрэць. Любіў жыццё, свабоду я Душой сваёй агністай... — І супакоіўся баец!.. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

судзі́ць, суджу́, су́дзіш, су́дзіць; незак.

1. аб кім-чым, па кім-чым і без дап. Рабіць вывад адносна каго‑, чаго‑н.; меркаваць пра каго‑, што‑н. Я хацеў, каб ты зусім бесстаронна судзіла пра мае ўчынкі. Зарэцкі. // Разм. Абмяркоўваць што‑н., размаўляць пра што‑н. Каля платоў, каля калодзежаў, на дварах перадавалі адзін аднаму, меркавалі, судзілі кожны на свой лад. Мележ. [Сёмка:] Ішоў лысы і пляшывы, Знайшлі яны грэбень, Сталі радзіцца, судзіць, Каму ён патрэбен. Глебка. // Думаць, лічыць; разважаць. Судзілі, хоць не ўсе, а многія, што хлопцы паплацяцца здорава. Гартны.

2. каго-што, пра каго-што. Ацэньваць каго‑, што‑н., асуджаць, ганіць. О, многае ты не ўлічыў, Мой пасівелы дзед астролаг. Але ў мяне няма прычын Цябе судзіць за гэта строга. Тармола. Не судзіць, — хто іграў, не праў, Нам бацькоў сваіх. Куляшоў.

3. каго-што. Разглядаць чыю‑н. правіннасць, злачынства ў судовым парадку. Праз некалькі дзён Ляксея судзілі. Яму далі год і адправілі некуды ў лагер. Ермаловіч. Неўзабаве суд судзіў злачынцаў — шэсць чалавек. Васілевіч. / Пра разбор чыёй‑н. справы грамадскія судом. Будаўнікі папрасілі: калі можна, калі няма людской крыві на сумленні ў Варатніцкага — будзем самі судзіць яго. Дадзіёмаў.

4. каго-што. У спорце — сачыць за выкананнем правіл гульні і вырашаць спрэчкі. Усюды .. [Сцёпка] наспявае: судзіць футбалістаў і шахматыстаў, дае распараджэнне юннатам. Жычка.

5. таксама зак., што каму або без дап. Прадвызначыць, наканаваць каму‑н. што‑н. Няхай сабе не разам мы, Так нам судзіла наша доля. Буйло. Лёс не судзіў .. [сыну] вярнуцца да маці бліжэйшай вясною. Мехаў. Ды не судзіў ёй лёс самой гадаваць сваіх дзяцей. Якімовіч.

6. заг. судзі́(це) (звычайна са словамі «сам», «самі»). Ужываецца ў значэнні рашай(це). — Баюся, што... — Міша не дагаварыў, толькі паціснуў плячыма, — судзіце самі — і сабраўся адыходзіць ад трыбуны. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ве́сці ’накіроўваць рух каго- або чаго-небудзь’; ’будуючы, пракладваць у пэўным парадку’; ’мець пэўны напрамак’; ’хіліць на што-небудзь, адольваць’; ’хіліць убок ад хваробы, ап’янення’ (КТС, БРС, Касп.); ’цягнуць’ (БРС); ’валаводзіць’, весьці брэдню ’трызніць’ (Касп.), вясьці злосьць ’доўгі час злавацца, гневацца, помсціцца’ (КЭС, лаг.), навагр. весьці дзіця ’нарадзіць дзіцё’ (Кл., КТС). Ужываецца таксама з прэфіксамі: аб‑, вы‑, да‑, з‑, на-, пера-, пры‑, раз-, у‑ і інш. у розных значэннях. Сюды ж весціся ’адбывацца, ажыццяўляцца, праводзіцца’; ’жыць, пладзіцца’; ’быць звычаем, падтрымлівацца’; ’цягнуцца кім- або чым-небудзь’ (КТС, БРС); ’цягнуцца патроху’; ’шанцаваць у жыцці’ (КЭС). Прасл.: укр. вести ’весці; спяваць, цягнуць голасам; размаўляць; прасці, выводзіць нітку; камандаваць, распараджацца’, вестися ’весціся’, рус. вести ’весці, суправаджаць, памагаць ісці; рабіць, здзяйсняць; кіраваць, быць загадчыкам’, арханг. ’дзьмуць, пранікаць усюды (аб ветры)’, валаг. ’раставаць (аб снезе); уздымацца (аб цесце)’, арханг. вести свадьбу ’спраўляць вяселле’, польск. wieść ’весці, быць на чале; быць уваходам куды-небудзь’, wieść się ’шанцаваць, паходзіць’, каш. vjesc, в.-луж. wjesć ’весці’, wjésć so ’паводзіць сябе; мецца’, чэш. vésti ’суправаджаць, паказваць дарогу; кіраваць, быць загадчыкам, быць на чале; мець кірунак’, vésti se ’мецца, шанцаваць’, славац. viesť ’даваць кірунак, накіроўваць’; ’суправаджаць, прыводзіць’; ’весці эскортам’; ’весці каналам (ваду, нафту)’; ’кіраваць (машынай, караблём)’; ’пракладваць’ і ’кіраваць, весці дзейнасць’; ’выконваць пэўную работу’; ’праводзіць (цяпло, электрычнасць)’; ’весці размову, дэбаты’ і інш., viesť sa ’мецца, шанцаваць’, славен. vȇsti ’весці; дапамагаць; служыць чаму-небудзь’; ’выгадна прадаць’, vȇsti se ’трымаць, паводзіць сябе’, серб.-харв. во̀дити ’весці’, макед. води, балг. водя, ст.-слав. ведѫ, вести ’тс’. Выступае ў асновах *ved‑/*vod‑ і *vad‑. Мае адпаведнікі ў балтыйскіх мовах: літ. vèsti, vedù ’весці; кіраваць, быць на чале чаго-небудзь; жаніцца з кім-небудзь; прыносіць, нараджаць’, лат. vest, vedu ’весці’; ’вадзіць (машыну)’, vesties ’шанцаваць, добра ісці (аб рабоце)’, ст.-прус. weddē ’вяду’, а таксама ў ірл. fedid ’вядзе’, ст.-перс. vādajeiti ’вядзе, цягне’. Такім чынам, прасл. vedti (dt > tt > st) утворана пры дапамозе суф. ‑ti ад асновы ved‑, якая ўзыходзіць да і.-е. кораня *u̯edh‑ (Фік, 1, 4, 129; Уленбек, 269). Гл. таксама Фасмер, 1, 284; ЭСРЯ, 1, В, 74–75; Голуб-Копечны, 413; Брукнер, 619; Махэк₂, 685; БЕР, 1, 170.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ся́бар ’друг, прыяцель, таварыш’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сл. ПЗБ, ЛА, 3), ’швагер’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ’кампаньён, супольнік’ (паст., Сл. ПЗБ), ’халасцяк (стары)’ (Мат. Гом.), сябр, себр ’родзіч, брат; сябар’ (Нас.), ся́бер (siaber) ’супольнік у кожнай справе’ (Пятк. 2, Сержп., ЛА, 3): на вяселлі маладым даруюць паўкаровы… паўкалоды пчол або што другое, каб быць сябрамі (Сержп. Прымхі), ’пакупнік і прадавец адзін для другога’ (чырв., З нар. сл.), ’таварыш у мове злодзеяў’ (Арх. Федар.), сябёр ’чалавек, які што-небудзь купіў у другога ці прадаў другому’ (Бір. Дзярж.), ’здаравенны тоўсты чалавек, брысюга; ненадзейны таварыш’ (Бяльк., Юрч.), ся́бра ’ўдзельнік, пайшчык, супольнік, калега’ (Ласт.), ’прыяцель, кампаньён’ (Касп., Варл.), сябрава́ць ’дружыць’ (Касп.), ’працаваць супольна’ (Ласт.), ’узаемна дапамагаць у плытніцкай справе’ (віл., Сл. ПЗБ), сябрава́цца ’прымазвацца, набівацца ў супольнікі’ (Пятк. 2), ’супольна дзяржаць пчол’, сябро́ўскія (сябе́рныя) пчолы ’супольныя пчолы, якімі карыстаюцца два гаспадары’ (віл., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), сябэ́рскія пчолы ’тс’ (ашм., Сл. ПЗБ), сябэ́рка ’суполка на пчол’ (паст., Сл. ПЗБ), ст.-бел. себры ’назва людзей у ВКЛ, якія сумесна карысталіся ворнай зямлёй, прамысловымі ўгоддзямі і інш.’ (Ст.-бел. лексікон), се́бреный ’агульны, супольны’ (там жа). Укр. ся́бер ’удзельнік зямельнага ўладання’, ’кампаньён у гандлёвым прадпрыемстве’, ’сапернік’, ’швагер’, дыял. палес. сябро́ ’няўклюдны, нялоўкі чалавек’, рус. сябёр ’сусед, сябар, пайшчык; член суполкі з правам голаса’, паўн.-рус. сябра́, ся́бра ’суполка, арцель, агульная справа’, стараж.-рус. сѧбръ ’сусед, член адной грамады’, серб.-харв. се̏бар ’земляроб’, ст.-серб. себьр ’селянін, член грамады свабодных земляробаў’, себрь ’палавіншчык, удзельнік, кампаньён’, славен. srebər ’селянін’; сюды ж каш. sibřec są ’падлізвацца, падлабуньвацца’, польск. аргат. siewraćразмаўляць на зладзейскім жаргоне’. Адзінай этымалогіі, таксама як і адзінай славянскай праформы, няма. Прасл. *sębrъ узнаўляецца на аснове запазычанняў са славянскіх моў: алб.-таск. sëmbër ’здольнік, саўладальнік скаціны’, новагрэч. σεμπρος ’здольнік’, венг. cimbora ’сябар, прыяцель’, арум. simbru ’земляроб, які мае аднаго вала і ўступае ў суполку з іншым уладальнікам вала’, рум. sîmbră ’грамада, абшчына’; узнікла, па адной версіі, з *sem‑ro (з устаўным ‑b‑) і звязана з *sěmьja (Трубачоў, История терм., 166; Каліма, AfslPh, 17, 343). Па іншай версіі, прасл. *seberъ роднаснае гоц. sibja ’роднасць’, ст.-в.-ням. sippa ’тс’, ст.-інд. sabhā́ ’сукупнасць, збор’ (Мее, 14; 342; Атрэмбскі, WSl, 16, 188). Падрабязней агляд ранейшых версій гл. Фасмер, 3, 824 з літ-рай. Гл. таксама Ляпуноў, Сб. ОРЯС, 101, 3, 257–263; Папоўска–Таборска, ZNGd, Slavistyka, 6, 219–226; Гаспарыні, RiS, 8, 3–28 (звязвае семантыку слова з экзагаміяй); SEK, 4, 270 і наст. Няясныя адносіны да літ. sė̃bras ’палавіншчык, таварыш’, лат. sę̄brs ’сусед’ (запазычанні з бел. сябр ці спрадвечныя балцкія формы без насавога?). Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 495. Борысь (Etymologie, 207) значэнне ’прыяцель’ лічыць беларускай семантычнай інавацыяй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гавары́ць, ‑вару, ‑ворыш, ‑ворыць; незак.

1. Валодаць вуснай мовай. Дзіця пачало гаварыць рана. // Вымаўляць, выгаворваць гукі мовы, словы, фразы. Манера гаварыць. Гаварыць з акцэнтам. □ Нешта сціскала глотку і не давала гаварыць. Шамякін. // Валодаць якой‑н. мовай. Гаварыць па-руску. Гаварыць па-нямецку.

2. што і без дап. Выражаць вусна якія‑н. думкі, паведамляць факты і інш. Гаварыць праўду. Гаварыць прамову. □ Ад усяго сэрца і душы гавару табе шчырае слова, вялікі мой, гераічны і слаўны беларускі народзе. Купала. Гаворыць Сцёпка і на Алёнку не глядзіць, каб па вачах яго не пазнала, што ён трохі туману напускае. Колас. // Раіць, загадваць, навучаць. Вучылася Наташа ўвесь час выдатна і выконвала ўсё, што гаварылі настаўнікі. Шамякін. — Не хадзі, табе гавару, не хадзі... — шаптала .. [Вера] сухімі бяскроўнымі вуснамі. Лынькоў. // Расказваць, паведамляць пісьмова або ў друку (пра аўтара, гісторыю, летапісца і інш.). З. Бядуля сваім творам гаварыў чытачу, што трэба ўмець пад прыемнай знешняй маскай пазнаваць драпежны твар ворага. Кудраўцаў. // Паведамляць, перадаваць якую‑н. думку сваім зместам (пра кнігі, дакументы, надпісы і пад.). Абвестка на сцяне дома гаварыла, пра што будзе сход. Чорны. // перан. Выражаць сабой, паказваць на якія‑н. думкі, пачуцці. Калі каханне — гавораць вочы Тугой і шчасцем выразней слоў. Чарнушэвіч. Апошнім чытаў вершы сціплы на выгляд хлопец па прозвішчу Заранік. Прозвішча нічога не гаварыла слухачам. Хадкевіч. // Падказваць, прадказваць (пра адчуванні і пад.). А мыслі і сэрца гавораць — Не вер яму [ваяку-прыблудзе], рыжаму, не! Колас.

3. Весці гутарку, размаўляць з кім‑н. — Вы мне, таварыш Кавалькевіч, толькі прыемнасць зробіце, калі са мною пра гаспадарку гаварыць будзеце. Бядуля. Да світання Мы з табою Гаварылі, Сэрца сэрцу Назаўсёды Падарылі... Дзеружынскі. // Абгаворваць каго‑, што‑н., абмяркоўваць што‑н. [Жлукта:] Таварышы, я зусім не хачу, каб пра мяне гаварылі, што я блатмайстар які-небудзь. Крапіва. // неазначальна-асабовы (у 3 ас. мн.). Ходзяць чуткі, кажуць. Не воўк работа, як гавораць, І ў лес яна не пабяжыць. Колас.

4. Выражаць сабой што‑н., сведчыць аб чым‑н., паказваць на што‑н. Яны аж стракацелі ў вачах, гэтыя ўмоўныя значкі, якія гаварылі аб партызанскіх атрадах, вазах. Лынькоў.

5. перан. Праяўляцца ў чыіх‑н. паводзінах, учынках, словах і пад. Гэта не я гавару — гора маё гаворыць. З нар. [Наталля:] Я тут не вінавата. Гэта ваша маладосць гаворыць у вас. Крапіва.

•••

Гаварыць на карысць каго-чаго — служыць доказам, пацвярджэннем дадатных якасцей каго‑, чаго‑н.

Гаварыць на розных мовах — не разумець адзін аднаго.

Гаварыць у руку — трапляць у тон чыёй‑н. размове, падтрымліваць чыю‑н. думку, погляд.

Да трох не гавары каму — пра зласлівага строгага чалавека, які не церпіць пярэчанняў.

(Ды) што (і) гаварыць — доказаў не патрабуецца, і так зразумела.

Кроў гаворыць гл. кроў.

Што ні гавары — нягледзячы ні на што, у любым выпадку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

*Жабанець, жэбоніты ’бубнець, ціха і невыразна гаварыць’ (пін., Нар. лекс., 107). Укр. жебоні́ти, дыял. жубоні́ти, жубе́лити ’бубнець, манатонна гучаць, гусці’. Параўн. рус. кур. жабта́ться, жебта́ться ’наракаць, скардзіцца’, паўн. жу́борить, жу́брить ’жаваць’, ’есці марудна, няясна гаварыць’, укр. бубоні́ти, залебоні́ти ’бубнець, лепятаць, гусці’, серб.-харв. жу̏борити, жубо́рити, жа̑морити, славен. žuboriti, žamóriti ’мармытаць, вурчаць, гусці’, серб.-харв. жа̑мор ’шэпт’, балг. жабу̀ркам, жубо̀ря, макед. жуборка, жуберка ’цурчаць’, н.-луж. žeboriś ’наракаць, скардзіцца’, чэш. мар. žemořit ’жабрачыць’. Грынчанка (1, 469) дае хутчэй за ўсё народна-этымалагічнае тлумачэнне ўкр. дзеяслова ў форме жабоні́ти: «размаўляць… падобна да няяснага шуму, які ствараюць часам жабы (без гучнага квакання)». Фасмер (2, 32) лічыць, што рус. жабтаться, жебтаться не трэба аддзяляць ад жабо́та ’клопат’. Аднак іх, верагодна, не трэба аддзяляць і ад шептаться. Зубаты (1, 2, 126) непераканаўча параўноўваў рус. словы з літ. gėbė́ti ’магчы’. Сувязь палес. слова з рус. няпэўная. Наяўнасць бел. забабоны, бубнець, укр. бубоніти, залебоніти, забобони ўказвае на магчымасць кораня ‑бон‑ (‑бън‑) са значэннем гаварэння, аднак існуюць і ўкр. варыянты лебедіти, жубелити, а таксама іншыя слав. варыянты тыпу жубор‑, жабор‑, жамор‑. Гэта дае падставу для параўнання з непалаталізаванымі словамі блізкіх значэнняў: гоман (гамана, гам), гаманіць (гл.), рус. гомон, гомонить, укр. гомін (гамір, гам), гомонити ’тс’, польск. gomon, gomonić ’тс’, чэш. hamoniti, дыял. hobořit, мар.-славац. hamár (чэш. і славац. homoniti Махэк₂, 159, лічыць русізмам). Не выключаецца і сувязь з гаварыць (гл.). У чэш. і славац. пашыраны дзеяслоў žebroniti, žabroniti, žobronit ’настырна выпрошваць, жабрачыць’, які ўзводзіцца да žebrati (Голуб-Копечны, 443; Махэк₂, 724), гл. жабрак; гэта слова магло (са стратай ‑r‑) быць запазычана ва ўкр. або ўзаемадзейнічаць з усх.-слав. словам тыпу *жуборѣти. Для слав. слоў гэтага тыпу існуе балт. паралель: літ. žaberiúoti, žabaruoti, žèbelioti, žebeliúoti ’балбатаць’, žiaũberoti ’жаваць, як конь’, ziõburoti ’злёгку зяваць’, лат. zabelêt ’слюнявіць’, zabene ’хто многа і невыразна гаворыць’, zabelet ’высмейваць’, літ. žaberêt ’скардзіцца’, žabelêt, žabinât ’гаварыць лухту’, žebinât ’марудна есці, жаваць’. Фрэнкель (1283, 1293) для першых чатырох слоў дапускаў магчымасць запазычання з ням. sabbeln‑ ’слінявіць, балбатаць’, што ў святле слав. паралелей мала верагодна. Буга (1, 495; З, 695) параўноўваў перадапошняе з рус. жуборить, жубрить ’есці цяжка, жаваць марудна’. Лічыць названыя слав. паралелі запазычанымі з балт. цяжка, хутчэй тут агульныя словы, а пачатковае ж — варыянт да з (як зябры‑жабры і інш.). Тады трэба суадносіць жуборить з рус. зубарить, зуборить ’кпіць, часаць зубы, балбатаць’, а таксама ўлічыць рус. дыял. зубанить, зубенить, зубаниться, зубониться ’марудна есці, спрачацца, кпіць’ для этымалогіі жабанець як балта-слав. слова. Для серб.-харв. жу̏борити ’цурчаць’. Ільінскі (ИОРЯС, 16, 4, 25) устанавіў і.-е. праформу *gʼheu‑b(h)‑or; у Покарнага (1, 447–449) gʼheu‑ ’ліць’, але няма варыянта гэтага кораня з ‑b(h)‑, а gʼhēu‑: gʼho(u)‑: gʼhəu‑ са значэннем ’зяваць’ з падаўжэннем gʼheubh выступае ў словах са значэннямі ’жменя; прорва’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Труба́1 ‘доўгі, пусты ў сярэдзіне, прадмет круглага сячэння’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Сцяшк.), у тым ліку назвы канкрэтных прадметаў такой формы: ‘драўляны або духавы медны інструмент з раструбам на канцы’ (ТСБМ, Варл., Ян., Касп., ТС, Вруб., Пятк. 2, Сержп. Прымхі; ашм., Стан.), ‘цэментаваны абруч у калодзежы’ (Сцяц.; смарг., Сл. ПЗБ), ‘сувой палатна або скрутак іншых матэрыялаў’ (мсцісл., дзятл., Жыв. сл., Брасл. сл., Варл.; талач., клец., ЖНС; ваўк., маг., чэрык., ЛА, 4; шальч., Сл. ПЗБ), пераносна таксама ‘абжора’ (Нас., ТС; клец. Бел. дыял. 3, Сцяц.), ‘гібель, пагібель’ (ТСБМ), памянш. тру́бка, трубачка; акрамя назваў розных прыбораў і прыстасаванняў цыліндрычнай формы таксама ‘люлька’ (Бяльк.), ‘горла (дыхальнае)’ (Бяльк., Мат. Гом.), ‘калодка ў коле’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Ласт., Касп., Мат. Гом.; лаг., мёрск., в.-дзв., Шатал., Сл. ПЗБ, ЛА, 2), ‘вузкая рыбацкая лодачка’ (Касп.), ‘кулёк’ (ТС), ‘месца ў сцябле, адкуль выплывае колас’ (петрык., Шатал.), ‘ражок паляўнічага; лігаўка’ (Касп., Мат., Бес.; краснап., Яшк.), ‘цвёрдая частка пяра’ (брагін., Шатал.; ст.-дар., рэч., калінк., ЛА, 1), ‘жалезны шпень з адтулінай (у калаўроце)’ (в.-дзв., Шатал.), тру́бкі ‘адросткі пер’яў пасля лінькі’ (ст.-дар., ЛА, 1), ст.-бел. труба ‘доўгі пусты ў сярэдзіне прадмет круглага сячэння’, ‘музычны інструмент’, перан. ‘выразнік ідэй’ (ГСБМ), ‘адзінка колькасці тканіны’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. тру́ба, труба́ ‘доўгі пусты прадмет’, ‘капец, загібель’, ‘комін’, тру́бка ‘назва розных прадметаў, прыстасаванняў у форме трубы’, ‘сцябло злакаў’, рус. труба́ ‘дудка, кішка, вузкі рукаў з цвёрдага матэрыялу, пусты ў сярэдзіне, адкрыты з канцоў’, ‘комін’, ‘рэчышча’, ‘паветраная труба’, ‘зруб калодзежа’, рус. астрах. ‘выдзеўбаная лодка-душагубка’, ‘скрутак палатна’, ‘натоўп людзей’, польск. trąba ‘від духавога інструмента’, ‘віхравы рух паветра’, ‘хобат (слана)’, ‘комін’, ‘адмысловы скрутак ільну ці пачасся, прыгатаваны для прадзення’, каш. trǫba ‘тс’, ‘калодка ў коле’, н.-луж. tšuba ‘комін’, tšubka ‘дудка’, в.-луж. truba ‘скрутак, рулон’, ‘комін’, ‘труба (музычная)’, trubka ‘люлька’, ‘трубачка’, чэш. trouba ‘духоўка, печ’, ‘вадаправодная труба’, ‘ражок пастуха’, славац. trúba ‘музычны інструмент’, ‘ражок, дудка’, ‘духоўка’, славен. tróba ‘труба’, ‘муфта’, ‘духавы інструмент’, ‘смерч’, серб. тру́ба ‘горн’, ‘клаксон’, ‘скрутак (палатна)’, харв. trúba, trûblja ‘тс’, ‘дудка’, макед. траба ‘скрутак матэрыі’, дыял. трамба ‘духавы інструмент’, тромба ‘сувой’, балг. тръба́ ‘труба’, ‘рулон матэрыі’, ст.-слав. трѫба ‘духавы музычны інструмент, ражок’. Прасл. *trǫba з першасным значэннем ‘духавы музычны інструмент’ запазычана, відаць, са ст.-в.-ням. trumba ‘труба’, trumpa ‘барабан’, ‘духавая труба’ альбо з раманскіх моў, параўн. с.-лац. trumba ‘тс’ (Фасмер, 4, 109; Борысь, 641; Сной₂, 785). Менш верагодным з’яўляецца гукапераймальнае ўтварэнне ў славянскіх мовах незалежна ад германскіх моў (Младэнаў, 642; Мацэнаўэр, Cizí sl., 85; Скок, 3, 513). Значэнні: ‘комін’, ‘скрутак’, ‘паветраны вір’ — другасныя (Борысь, 641). Спецыфічнае значэнне захавалася ў венг. toromba ‘пук саломы’ (1463 г.) < слав. *trǫba (Хелімскі, Слав. языкозн. X, 349), што адпавядае гродз. haroch u̯jecścia u̯ try truby (Федар. 5, 701), гл. трубой. Паўднёваславянскія словы, аднак, маглі быць запазычаны з італ. tromba (Махэк₂, 653). Сюды ж трубаку́р ‘заўзяты курэц’ (Некр.), труба́ч ‘выканаўца ігры на трубе’ (Некр. і Байк.): ст.-бел. певци и трубачи близу его (Сл. Скар.), трубачы́сты ‘камінар’ (Сцяшк.), трубі́ла, трубі́ло ‘надакучлівы чалавек’ (Нас., Янк. 3.), ‘чалавек з гучным голасам’ (Юрч. Вытв.), ‘абжора’ (Нас., Юрч. Вытв.), трубі́на неадабр. ‘нягодны чалавек’ (віл., Сл. ПЗБ), тру́бі́на ‘скрутак’ (Рэг. сл. Віц.), трубкава́нне ‘ўтварэнне сцябла ў злакавых’ (ТСБМ), трубча́сты, трубкава́ты ‘які мае форму трубак’ (ТСБМ), трубі́ць ‘дзьмуць у трубу, прымушаючы яе гучаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Сержп. Прык., Яўс., Янк. 2, 3; ТС; паст., віл., Сл. ПЗБ), ‘сігналіць, гукамі падаваць сігнал’ (ТСБМ, Сцяц., ТС, Скарбы), экспр. ‘плакаць’ (Яўс., Янк. 2, Янк. 3., Кольб.), ‘голасна размаўляць’, ‘кракаць (пра качак)’ (пух., Сл. ПЗБ), трубі́ті ‘квакаць (аб жабах)’ (ДАБМ, камент., 895), ‘прагна і шмат есці’ (ТСБМ, Нас., Сцяц., Мат. Маг., Яўс., ТС, Янк. 2, Федар. 7; слонім., мёрск., Нар. лекс.), ‘піць, ссаць’ (ТС), ‘гаварыць не слухаючы’, ‘весці пустыя размовы’ (Нас., Бяльк.), ‘разносіць па людзях чуткі’ (ТСБМ, Янк. 2), трубле́ньне ‘дудзенне ў трубу’ (Юрч. Вытв.), трубы́ты ‘жэрці’ (пін., Жыв. сл.).

Труба́2 ‘хвост лісы (паляўнічы жаргон)’ (ТСБМ, Сцяшк.), рус. труба́ ‘тс’. У выніку пераносу значэння паводле падабенства. Параўн. выраз разм. трымаць хвост трубой ‘быць актыўным, быць у добрым настроі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гаварыць, казаць, гаманіць / ціха, невыразна: мармытаць, муркаць, гугнець, гугнявіць / абменьваючыся думкамі: гутарыць, размаўляць, перагаворвацца, перамаўляцца, субяседнічаць; баіць, балбатаць, балабоніць, балабаніць, прастарэкаваць, лепятаць, лапатаць, ляпаць, пляскаць, бурчаць, плявузгаць, вякаць, чаўпці, вярзці (разм.); красамоўнічаць (разм. іран.) / абменьваючыся думкамі: зюзюкаць, дудукаць, тарабарыць, балакаць, сакрэтнічаць / на незразумелай мове: гергетаць (разм.); гуторыць, талкаваць, дзейкаць (абл.); выступаць, спяваць, трашчаць, барабаніць, бубніць, трубіць, гусці, рэзаць, сыпаць, плесці, несці, гарадзіць, малоць (перан.); брахаць, гаўкаць (перан., груб.) □ весці размову, весці гутарку, мець гутарку, весці гамонку, трымаць гаворку, перакідвацца словамі, трубіць у вушы, званіць ва ўсе званы, біць у бубен, распускаць язык, часаць язык, мазоліць язык, малоць языком, трапаць языком, мянціць языком, мянташыць языком, пераліваць з пустога ў парожняе, тачыць лясы, тачыць балясы, разводзіць балясы, разводзіць балачкі, разводзіць тары-бары

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)