супакоіцца, ‑коюся, ‑коішся, ‑коіцца; зак.

1. Стаць спакойным, перастаць хвалявацца. Амаль што да самага рання я не мог супакоіцца пасля атакі. Барашка. Андрэй пачуў, што супакоіўся — радзей стала стукаць у грудзях, — і прыціснуў да пляча прыклад. Пташнікаў. І ты [мой родны] супакоішся, можа, заснеш на світанні, А заўтра ўспомніш, што хваляваўся дарма... Тарас. // Перастаць шумець, размаўляць, пачаць весці сябе ціха. Ноччу, калі заснуць таварышы і супакояцца за сцяной гаспадары, да .. [Ігнася] прыбягалі мары. Чарнышэвіч.

2. Стаць пакорным, уціхамірыцца. Невясёлае жыццё настала для хуліганаў, п’яніц, абібокаў. Прысмірэлі яны, супакоіліся. Дадзіёмаў.

3. Аслабіць праяўленне чаго‑н., стаць менш моцным; сціхнуць. Кашаль супакоіўся. ▪ Падвечар бамбёжка супакоілася, ніхто больш .. [хлопцаў] не трывожыў. Якімовіч. [Андрэй:] — Палова, пэўна, уцячэ дамоў, каб перачакаць, пакуль усё супакоіцца. Машара. // Аслабіцца або прыглушыцца (пра пачуцці). Залатыя сны ім [людзям] Няхай рояцца; Няхай жаль на душы супакоіцца. Купала.

4. Прыйсці ў стан спакою, нерухомасці; спыніць рух. Нарэшце, човен супакоіўся; на дне яго плюхалася вада. Маўр. Гадзіны праз дзве возера крыху супакоілася. В. Вольскі.

5. Задаволіцца дасягнутым, зробленым. Хоць і сенат не прызнаў сялянскага права, але Аксён не хоча супакоіцца на гэтым. У яго ёсць яшчэ думка — падаць прашэнне цару. Колас.

6. Памерці. Пасіянарыя, бывай!.. Я мушу цвёрда смерць сустрэць. Любіў жыццё, свабоду я Душой сваёй агністай... — І супакоіўся баец!.. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)