бел. культурна-асветнае таварыства ў Мінску ў 1918—20. Створана ва ўмовах акупацыі Беларусі герм. захопнікамі з мэтай гуртавання бел. насельніцтва, развіцця яго нац. свядомасці, пашырэння асветы і бел. л-ры. Заснавальнікі Я.Варонка, Я.Бялевіч, К.Езавітаў, П.Крачэўскі, Я.Лёсік, К.Цвірка-Гадыцкі і інш. Выдавала бел. газеты і часопісы («Бацькаўшчына», «Беларускае слова», «Беларуская ілюстраваная часопісь» і інш.). Аддзяленні т-ва дзейнічалі ў Бабруйску, Гродне, Слуцку, Вільні, Рызе і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІБАЛІ́Т,
масіўная або сланцаватая метамарфічная горная парода. Складаецца пераважна з амфіболу (рагавой падманкі), плагіяклазу і мінералаў-прымесяў. Колер ад цёмна-зялёнага да чорнага. Шчыльн. 2700—3200 кг/м³. Можа ўтварацца за кошт асн. вывергнутых парод (габра, дыябазаў, базальтаў, туфаў і інш.), ультраасноўных парод, асадкаў мергелістага саставу. Трапляецца ў раёнах развіцця метамарфічных парод, найчасцей дакембрыйскага ўзросту. Выкарыстоўваецца як буд. камень (сыравіна на друз); чорныя разнавіднасці — вырабныя і абліцовачныя камяні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАМЕ́МНАН
(грэч. Agamemnōn),
у старажытнагрэчаскай міфалогіі цар Мікен (ці Аргаса), правадыр Тахейскага войска ў час Траянскай вайны. Сварка Агамемнана з Ахілам пад Трояй — зыходны пункт развіцця сюжэта ў гамераўскай «Іліядзе». Пасля ўзяцця Троі Агамемнам вярнуўся дамоў, дзе быў забіты жонкай Клітэмнестрай і яе каханкам Эгісфам. Забойству Агамемна прысвечаны трагедыі Эсхіла і Сенекі.
Залатая пахавальная маска, т. зв. маска Агамемнана, з грабніцы. 2-я пал. 16 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЛЮ́ЗІЯ
(ад лац. occlusus замкнёны, схаваны),
1) захоп крышталямі часткі рэчыва асяроддзя пры крышталізацыі. Прыводзіць да забруджвання крышталёў прымесямі, якія ўплываюць на іх фіз. ўласцівасці.
2) Паглынанне газаў цвёрдымі металамі ці расплавамі з утварэннем цвёрдых і вадкіх раствораў або хім. злучэнняў (напр., нітрыды, гідрыды).
3) Аклюзія цыклону — стадыя развіццяцыклону, пры якой цёплыя масы паветра пры сустрэчы з халодным фронтам выцясняюцца ў верхнія слаі трапасферы і страчваюць сувязь з зямной паверхняй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРАМЕГА́ЛІЯ
(ад акра... + мегала...),
хвароба, якая характарызуецца празмерным ростам рук, ступняў і асабліва касцей твару, што прыводзіць да развіцця масіўнай ніжняй сківіцы і цяжкіх надброўяў. Выклікаецца залішняй сакрэцыяй гармону росту (самататрапіну) пры ацыдафільнай пухліне гіпофіза. Лішкі самататрапіну выклікаюць таксама гіпафізарны дыябет, абумоўлены тармажэннем сакрэцыі інсуліну. Акрамегалія назіраецца ў маладым узросце, развіваецца паступова, доўгія гады. Суправаджаецца болем галавы, палавой слабасцю, спыненнем менструацый, парушэннем зроку. Лячэнне: рэнтгенаўскае апрамяненне, хірург. выдаленне пухліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБІЯТЫ́ЧНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ
(ад а... + грэч. bios жыццё),
сілы, з’явы, аб’екты прыроды, якія акружаюць жывыя арганізмы і паходжаннем не звязаны з іх жыццядзейнасцю (гл.Абіятычныя фактары). У выніку гіст.развіцця ў канкрэтных умовах арганізмы прыстасоўваюцца да пэўнага комплексу фактараў і ў працэсе жыццядзейнасці самі змяняюць абіятычнае асяроддзе. Вытв. і быт. дзейнасць чалавека адмоўна ўздзейнічае на абіятычнае асяроддзе, таму неабходна прымаць меры па захаванні асяроддзя ў натуральным стане, стварэнні лепшых умоў існавання арганізмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРА́ФІЯ СЕ́ЛЬСКАЙ ГАСПАДА́РКІ,
галіна эканамічнай геаграфіі, якая вывучае заканамернасці і асаблівасці тэрытарыяльнай дыферэнцыяцыі с.-г. вытворчасці. Уключае выяўленне і аналіз прыродных і сац.-эканам. фактараў яе размяшчэння, умоў і спецыфікі развіцця ў асобных краінах і раёнах. Разглядае с.-г.вытв-сць ва ўзаемасувязі з інш. галінамі. Ахоплівае агульную тэорыю размяшчэння і тэр. арганізацыю с.-г. вытв-сці, геаграфію асобных галін (раслінаводства, жывёлагадоўлі), тыпалогію і с.-г. раянаванне розных тэрыторый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАКАЛІ́Т
(ад гідра... + лакаліт),
купалападобнае ўзвышэнне з ледзяным ядром, разнавіднасць бугроў пучэння (выш. 30—40 м, дыяметр падэшвы 300—400 м). Утвараецца ў абласцях развіцця шматгадовамёрзлых горных парод у выніку павелічэння аб’ёму падземных вод пры іх замярзанні ва ўмовах гідрастатычнага напору. У Якуціі наз. булгунняхі, на Алясцы — пінга. На тэр. Беларусі гідракаліты ўтвараліся ў перыгляцыяльнай зоне мацерыковых зледзяненняў плейстацэну, рэшткі іх зрэдку трапляюцца на паверхні і ў пахаваным стане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАЎНЁЎ Аляксей Іванавіч
(н. 25.2.1925, в. Каўшова Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. філосаф. Д-рфілас.н. (1973), праф. (1974). Скончыў БДУ (1950). З 1954 у Ін-це філасофіі і права, на кафедры філасофіі АН Беларусі. Даследаваў пытанні сац. філасофіі, філас. праблемы развіцця культуры, навукі і навук. дзейнасці, сучаснасць і будучыню нац. Культур. Аўтар прац «Нацыянальная культура і камунізм» (1967), «Інтэрнацыянальнае і нацыянальнае ў развіцці сацыялістычнай культуры» (1974) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МА (грэч. gamma) у музыцы, 1) літара грэч. алфавіта, якой у сярэднія вякі абазначалі самы нізкі гук — соль вял. актавы.
2) Паступенная ўзыходная і сыходная паслядоўнасць усіх ступеней гукарада (у межах адной ці больш актаў) пэўнай гукавой сістэмы (12-ступеннай — храматычная гама, 7-ступеннай — дыятанічная, 5-ступеннай — пентатонная) ці ладу (гама мажорная, мінорная і інш.). Выкананне розных гам — сродак развіцця тэхнікі ігры на муз. інструментах і вакальнай тэхнікі.