Фауну насякомых Беларусі вызначае рознахарактарнасць ландшафтаў краіны, спрыяльныя ўмовы асяроддзя. На Беларусі больш за 30 тыс. відаў з 26 атрадаў. Найбольшыя атрады: двухкрылыя; жукі, або цвердакрылыя; матылі, або лускакрылыя; перапончатакрылыя. Сярод інш. найбольш відаў з атрадаў блох, клапоў, або паўцвердакрылых, раўнакрылых, стракоз, трыпсаў, шыцікаў (ручайнікаў). У атрадзе жукоў найбольш шматлікія сямействы божых каровак, вусачоў, даўганосікаў, жужаляў, караедаў, лістаедаў, пласцініставусых, плывунцоў, стафілінід, трубкакрутаў, шчаўкуноў. Сярод матылёў найбольш трапляюцца агнёўкі, блакітніцы, бялянкі, выемчатакрылыя молі, ліставёрткі, німфаліды, пядзеніцы, соўкі. З атрада перапончатакрылых найлепш вывучаны іхнеўманіды, мурашкі, наезнікі-браканіды, пільшчыкі, хальцыды, чмялі. З двухкрылых найбольш пашыраны галіцы, даўганожкі, журчалкі, званцы, злакавыя мушкі, камары, макрацы, мошкі, тахіны. Жывуць на палях, лугах, у лясах, садах, агародах, вадаёмах і інш. Фауна насякомых Беларусі мае мяшаны характар. Аснову яе складаюць палеарктычныя і заходнепалеарктычныя віды, звязаныя з лясной зонай. Ёсць віды еўрапейскія, еўрапейска-сібірскія, старажытнаўсходне-міжземнаморскія і міжземнаморскія. Блохі, вошы, камары, мухі, пухаеды, сляпні і інш. — насякомыя-паразіты чалавека, дзікай і свойскай жывёлы, крывасмокі і пераносчыкі ўзбуджальнікаў інфекцыйных хвароб. Асноўныя шкоднікі с.-г. культур: азімая соўка, даўганожка балотная, ільняныя блошкі, ільняная і гарохавая пладажэркі, каларадскі жук, канюшынны насенняед, моль капусная, мухі бураковая і шведская, паласаты шчаўкун, соўкагама, лубінавы слонік. Шкодзяць садам: медзяніца, кветкаед яблыневы, пільшчык вішнёвы слізісты, пладажэркі слівавая і яблыневая, тлі; шкоднікі лясоў: вусачы, караеды, пільшчыкі хваёвыя, пядзенік зімовы, шаўкапрад хваёвы. Псуюць зерне і прадукты яго перапрацоўкі: агнёўка мучная, даўганосік свірнавы, хрушчакі малы, мучны і інш. Вялікую карысць прыносяць насякомыя-апыляльнікі і энтамафагі — некаторыя жукі, пчолы, чмялі. Насякомыя і іх лічынкі, якія жывуць у глебе, адыгрываюць значную ролю ў глебаўтваральных працэсах. У барацьбе з насякомымі-шкоднікамі палёў і садоў выкарыстоўваюць яйцаеда-трыхаграму, агратэхнічныя, біялагічныя, хімічныя метады. Рассяляюць рыжых лясных мурашак, якія знішчаюць шкоднікаў лесу.
У 2-е выданне Чырв. кнігі Беларусі ўключана 79 відаў насякомых.
Літ.:
Фауна и экология насекомых Белоруссии. Мн., 1979;
Влияние хозяйственной деятельности человека на беспозвоночных. Мн., 1980;
Панкевич Т.П. Пилильщики — вредители сельского и лесного хозяйства Белоруссии: (Эколого-фаунист. характеристика основных комплексов вредителей). Мн., 1981.