ПРЫРОДНЫЯ МІНЕРАЛЬНЫЯ ПІГМЕНТЫ, бентаніт, бурштын, каалін і іншыя выкапні.

На Беларусі выяўлены і выкарыстоўваюцца прыродныя мінеральныя пігменты розных колераў: мел (белы), балотныя жалезныя руды (чырвоны і карычневы), вохра і вохрыстыя гліны (жоўты), глаўканіт (зялёны), вівіяніт (сіні) і інш. Мел як танную белую фарбу выкарыстоўваюць для ўнутр. і знешніх аддзелачных работ, пры вытв-сці лакафарбавых матэрыялаў, у папяровай прам-сці і інш. Яго радовішчы ў Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях.

Балотныя жалезныя руды пашыраны ў многіх месцах. Буйныя іх паклады выяўлены ў Гомельскай вобл.: Мазырскім (Шчыра, Каложынка), Нараўлянскім (Майдан, Гала, Красілаўская Слабада), Петрыкаўскім (Руда) і Хойніцкім (Рашэўскае) раёнах. Магутнасць рудных цел ад некалькіх сантыметраў да 0,75 м. Запасы сыравіны ў радовішчах невялікія — 2—10 тыс. т, зрэдку да 100 тыс. т. Колькасць фарбавальных вокіслаў жалеза ў рудзе вагаецца ў межах 17,6—78,9%. Руды прыдатныя для атрымання фарбаў тыпу муміё, сіена, умбра.

Вохра і вохрыстыя гліны трапляюцца ў выглядзе лінзаў і перарывістых праслояў магутнасцю ад 5—10 да 50—80 см сярод стракатых глін і кварцавых пяскоў алігацэн—неагенавага ўзросту, пераважна на ПдУ і Пд Беларусі (Лельчыцкі і Лоеўскі р-ны Гомельскай вобл.). На радовішчы Ляхава Гара (Лоеўскі р-н) запасы ацэньваюцца ў 9 тыс. т вохры і 141 тыс. т вохрыстых глін. Сыравіна прыдатная на выраб алейных, клеявых, у т. л. высакаякасных мастацкіх фарбаў, эмалей. Здаўна саматужна распрацоўваюцца ў агаленнях на правым беразе р. Дняпро каля Салаўёва Хутара (Лоеўскі р-н).

Глаўканіт знаходзіцца ў марскіх глаўканітава-кварцавых пародах, пераважна палеагенавага і мелавога ўзросту, якія пашыраны на Пд краіны на глыбіні 20—25 м; трапляюцца ў агаленнях (на правым беразе р. Дняпро і яго прытокаў) і мелавых кар’ерах. Колькасць мінералу ў пародзе дасягае больш за 20%. Запасы глаўканіту на радовішчы Ляхава Гара (Лоеўскі р-н) ацэньваюцца ў 15—18 млн. т. Пасля абагачэння глаўканітавы канцэнтрат прыдатны для вытв-сці высакаякасных будаўнічых, прамысловых і мастацкіх фарбаў розных адценняў зялёнага і карычневага колераў, устойлівых да ўздзеянняў атмасферы, святла, кіслот і шчолачаў.

На Беларусі глаўканіт як мінеральны пігмент выкарыстоўваўся са старажытных часоў, што засведчана даследаваннямі насценнага жывапісу (Сафійскі сабор 11 ст. і Спаса-Праабражэнскі храм 12 ст. ў Полацку, Благавешчанская царква 12 ст. ў Віцебску, Нікольская царква 17 ст. ў Магілёве і інш.). Глаўканіт — незаменны сродак пры рэстаўрацыйных работах.

Вівіяніт (патэнцыяльная крыніца фосфару, выкарыстоўваецца як танная фарба і мясцовае ўгнаенне) трапляецца ў выглядзе лінзаў і гнёздаў у неагенавых глінах і часцей у нізінных тарфяных балотах на глыбіні 0,25—1 м з магутнасцю пластоў торфавівіяніту 0,1—3 м (найбольшыя паклады ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях).

Каалін на Беларусі трапляецца ў выглядзе пластоў, лінзаў, гнёздаў у верхняй частцы кары выветрывання кіслых парод палеагену (другасны, пераадкладзены). Радовішчы Дзедаўка, Бярэзіна, Людзяневічы каля аднайменных вёсак у Жыткавіцкім, Сітніца (в. Сітніца) у Лунінецкім р-нах; праяўленні Скрыпіцкае (каля в. Браніслаў) у Жыткавіцкім, Глушкавічы і Селішча (каля в. Глушкавічы) у Лельчыцкім р-нах. Яны прымеркаваны да ўчасткаў неглыбокага (12—37,4 м) залягання фундаменту. Магутнасць пакладаў ад 1—3 да 53,9 м. Агульныя запасы кааліну-сырцу каля 55 млн. т, у т. л. прамысловыя — 3,5 млн. т. Сярэдні выхад абагачанага кааліну 28—29%. Якасць кааліну з-за ўтрымання дамешкаў нізкая, не адпавядае міжнар. стандартам, але магчыма яго распрацоўка сумесна з будаўнічым каменем і выкарыстанне ў вытв-сці будаўнічай керамікі, вогнетрывалых шамотавых і фарфора-фаянсавых вырабаў, якія не патрабуюць дасканалай белізны.

Бентаніт — тонкадысперсная высокапластычная гліна пераважна мантмарыланітавага саставу, элювіяльнага, вулканагенна-асадкавага і асадкавага паходжання. На Беларусі трапляецца ў выглядзе невялікіх праслояў у пародах венду, мелу, неагену. Яго найбольшае радовішча Астражанскае (на Пд ад в. Астражанка Лельчыцкага р-на) прымеркавана да антопальскага гарызонту міяцэну. Бентанітавыя гліны залягаюць на глыб. 21 м. Сярэдняя магутнасць пласта 8,7 м. Прамысловыя запасы 12,3 млн. т. Перспектыўны на выкарыстанне ў буравых і будаўнічых растворах, ліцейнай справе і інш.

Бурштын — выкапнёвая смала хвойных дрэў познамелавога — палеагенавага ўзросту, аморфнае высокамалекулярнае злучэнне арганічных кіслот пераменнага складу. Выкарыстоўваецца як ювелірна-вырабны камень, у фармакалогіі, лакафарбавай, парфумернай прам-сці і інш. На Беларусі трапляецца ў палеагенавых і больш маладых адкладах у выглядзе востравугольных і паўабкатаных абломкаў і зерняў, сплясканых кавалкаў памерам ад 0,1—30 мм да 10—15 см, у колькасці ад адзінкавых зерняў да 139 г/м³. Паўд. частка Беларусі тэрытарыяльна ўваходзіць у глаўканітава-кварцавую бурштынаносную фармацыю Балтыйска-Дняпроўскага рэгіёна, які пашыраны ад Прыбалтыкі да Украіны. Вылучаюць 3 перспектыўныя на бурштын зоны: заходнюю (Брэсцкая, Кобрынская і Драгічынская плошчы), цэнтральную (Лунінецкая, Жыткавіцка-Случанская, Лельчыцкая і Заазёрная плошчы) і ўсходнюю (Рэчыцка-Лоеўская плошча). Прагнозныя рэсурсы 92,3 тыс. т, 80—90% з іх прыдатныя на выкарыстанне ў ювелірнай справе. Найбольш значныя знаходкі бурштыну атрыманы з праяўлення Гатча (Жабінкаўскі р-н Брэсцкай вобл.), дзе бурштынаносныя чацвярцічныя (антрапагенавыя) пяскі магутнасцю 0,5—4 м залягаюць на глыбіні 3—6 м. Колькасць бурштыну ў іх вагаецца ад 1—2 да 49 зерняў на 1 кг пароды.

Выяўлена шмат іншых праяўленняў карысных выкапняў. У пародах крышталічнага фундаменту: графіт (Пухаўшчынскае праяўленне ва Уздзенскім р-не Мінскай вобл.), мармур і валастаніт (Рудзьмянскае праяўленне ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл.), дыябазы (Мікашэвіцка-Жыткавіцкі горст) і інш. У дыятрэмах Жлобінска-Рагачоўскай плошчы знойдзены крышталі алмазу і іх абломкі (12 зерняў памерамі 0,17—0,27 мм). У адкладах платформавага чахла: пірафіліт (бобрыкаўскі гарызонт ніжняга карбону, Лельчыцкая перспектыўная плошча), тытана-цырконіевыя россыпы (у верхнемелавых і кайназойскіх пародах у Гомельскай, Мінскай і Брэсцкай абласцях), цэалітаносныя сіліцыты (трэпел, апокі і інш., радовішчы Стальное ў Хоцімскім, Дружба ў Касцюковіцкім, Соўна, Мурашкіна, Пярлоўскае і Іванаўскае ў Клімавіцкім раёнах Магілёўскай вобл. з прагнознымі рэсурсамі 1 млрд. т), крэмень (у мелавых адкладах на Пд і З краіны), лугавы мергель (вапнавы прэснаводны мергель — каля 300 пакладаў з агульнымі запасамі да 200 млн. т; у алювіяльных, азёрных і балотных адкладах галацэну), мораны дуб (трывалая старажытная драўніна — выкарыстоўваецца ў вырабе паркету, аздабленні мэблі, мастацкіх розных вырабах і інш.; у алювіяльных адкладах па далінах рэк Дняпро, Бярэзіна, Сож, Друць, Нёман і інш.), ледавіковыя валуны і інш.

Л.​І.​Мурашка.

т. 18, кн. 2, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)