ЗЕМНАВОДНЫЯ І ПАЎЗУНЫ.

Герпетафауна Беларусі па колькасці відаў нешматлікая: 13 відаў земнаводных (амфібій) і 7 відаў паўзуноў (рэптылій) з 4 атрадаў. Адносіцца да Палеарктычнага падцарства. Большасць відаў характэрна для Еўрапейска-Сібірскай зоагеаграфічнай вобласці, і толькі квакша звычайная і чарапаха балотная адносяцца да фауны вобласці Стараж. Міжземнамор’я (Міжземнаморскай падвобласці). Найбольш пашыраны: вуж звычайны, гадзюка звычайная, жабы азёрная, вастрамордая, зялёная, травяная, рапухі зялёная і шэрая, трытон звычайны, яшчаркі жывародная і порсткая. Каля 20% відаў герпетафауны Беларусі знаходзіцца на краі сваіх арэалаў з абмежаваным пашырэннем на тэрыторыі краіны, што абумоўлівае нераўнамернасць складу фауны земнаводных і паўзуноў па розных рэгіёнах Беларусі. Шэраг відаў прыстасоўваецца да існавання ў месцах, пераўтвораных чалавекам у выніку гаспадарчай дзейнасці (жабы азёрная і зялёная, рапуха зялёная, часночніца звычайная, яшчарка порсткая), іх колькасць павялічваецца ў месцах дзейнасці чалавека. Значныя тэрыторыі Беларусі асушаны і выкарыстоўваюцца пад сельгасугоддзі, што парушае асяроддзе пражывання дзікіх жывёл. Забруджванне асяроддзя таксама вядзе да зніжэння іх колькасці. Умовай стрымлівання гэтых працэсаў з’яўляецца развіццё і адпаведны ўзровень асабліва ахоўваемых тэрыторый, прыродаахоўная аптымізацыя разнастайнай гасп. дзейнасці. Земнаводныя і паўзуны знішчаюць шкодных насякомых. Яны з’яўляюцца каштоўнымі аб’ектамі лабараторных і папуляцыйна-экалагічных даследаванняў, шырока выкарыстоўваюцца ў мэтах біяманіторынгу і біяіндыкацыі. Большасць земнаводных і паўзуноў — корм для рыб, птушак, звяроў. Многія земнаводныя і паўзуны карысныя сельскай гаспадарцы — знішчаюць мышападобных грызуноў, шкодных насякомых. У 2-е выданне Чырв. кнігі Беларусі занесены 3 віды: з земнаводных — рапуха чаротавая, з паўзуноў — мядзянка і чарапаха балотавая.

Літ.:

Дарафееў А.М., Конюшка В.С., Ляшко А.А. Рыбы, земнаводныя, паўзуны. Мн., 1981;

Пикулик М.М. Знакомые незнакомцы: об амфибиях Белоруссии. Мн., 1981;

Яго ж. Земноводные Беларуси. Мн., 1985;

Яго ж. Земнаводныя. Паўзуны. Мн., 1996.

С.​М.​Драбянкоў, Л.​В.​Кірыленка.

Земнаводныя і паўзуны. 1. Мядзянка. 2. Балотная чарапаха. 3. Чаротная рапуха. 4. Звычайная гадзюка. 5. Грабеньчаты трытон. 6 Жаба вастрамордая. 7. Яшчарка порсткая. 8. Рапуха зялёная. 9. Яшчарка жывародная. 10. Вераценніца ломкая.

т. 18, кн. 2, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)