ЛАНДШАФТЫ

Фізіка-геаграфічнае раянаванне (76).

Геахімічнае раянаванне (81).

Геафізічнае раянаванне (81).

Гідрагеалагічнае раянаванне (83).

Тэрыторыя Беларусі размешчана ў межах Усходне-Еўрапейскай платформы з раўнінным рэльефам, яе ландшафты належаць да класа раўнінных. Тыпы ландшафтаў (барэальныя і суббарэальныя лясныя) вылучаны па глабальных адрозненнях у суадносінах цяпла і вільгаці, уласцівых гэтаму сектару сушы. У межах тыпу з улікам генетычных асаблівасцей тэрыторыі вылучаны роды, паводле мезарэльефу і структуры глебаварасліннага покрыва — віды ландшафтаў. У залежнасці ад займаемай займанай* плошчы прыродныя тэрытарыяльныя комплексы (ПТК) падзяляюць на дамінантныя, субдамінантныя і рэдкія. Да дамінантных належаць 2 роды ландшафтаў — водна-ледавіковыя і другаснамарэнныя, якія займаюць 35% плошчы краіны і з’яўляюцца для яе найб. тыповымі. Субдамінантныя ПТК (39,5% плошчы) прадстаўлены групай з 5 родаў ландшафтаў, удзельная вага якіх змяняецца ад 5 да 10%. Астатнія ландшафты (25,5%), кожны з якіх займае менш за 5% плошчы, утвараюць групу рэдкіх.

Ландшафты-дамінанты сустракаюцца паўсюдна, асабліва характэрны для цэнтральнай паласы Беларусі. Яны прымеркаваны да буйных раўнін — Цэнтральнабярэзінскай, Слуцкай, Аршанска-Магілёўскай, Чачорскай, Баранавіцкай, Нарачанскай і Вілейскай. У гэтай групе найб. пашыраныя водна-ледавіковыя ландшафты з хваёвымі і шыракаліста-хваёвымі лясамі на дзярнова-падзолістых, радзей забалочаных глебах, часткова разараныя. Займаюць 20,75% тэр. Фарміраванне іх літагеннай асновы звязана з дзейнасцю ледавіковых вод у час раставання ледавікоў, у выніку чаго ўтварыліся магутныя пясчаныя адклады рознага ўзросту. Абсалютныя адзнакі іх паверхні 140—190 м, адносныя перавышэнні 2—3 м. Характэрныя формы рэльефу — дзюны, катлавіны, лагчыны сцёку. Бедныя пясчаныя, месцамі забалочаныя глебы, садзейнічаюць пашырэнню лясоў (45%), пераважна хваёвых і бярозавых, і балот. У межах гэтага роду ландшафтаў вылучана 15 відаў. Другаснамарэнныя ландшафты з шыракаліста-яловымі, хваёвымі, шыракаліста-хваёвымі лясамі на дзярнова-падзолістых, радзей забалочаных глебах, значна разараныя, займаюць 14,6% тэр. Складзены яны з асноўнай марэны сожскага і дняпроўскага ўзросту, перакрыты водна-ледавіковымі, радзей лёсападобнымі супескамі і суглінкамі магутнасцю 0,5—3 м. Абсалютныя адзнакі паверхні 150—180 м, адносныя перавышэнні 3—5 м. Рэльеф хвалісты, радзей узгорыста-хвалісты. Характэрныя формы рэльефу — лагчыны сцёку з плоскім днішчам, асобныя камавыя і марэнныя ўзгоркі. Пашыраныя дзярнова-падзолістыя супясчаныя глебы і выраўнаваны рэльеф абумовілі высокую ступень сельскагаспадарчай асвоенасці пры параўнальна нізкай (каля 23%) лясістасці. Сярод лясных фармацый пераважаюць шыракаліста-яловыя, радзей хваёвыя і дубовыя. У межах гэтага роду ландшафту вылучана 13 відаў.

Субдамінантныя ландшафты пашыраны паўсюдна, але асабліва тыповыя для цэнтр. і паўд. частак краіны. Найб. складанай будовай адрозніваюцца ўзгорыста-марэнна-эразійныя ландшафты з шыракаліста-яловымі, шыракалістымі і хваёвымі лясамі на дзярнова-падзолістых, радзей дзярнова-палева-падзолістых глебах, значна разараныя. Яны займаюць 7,9% плошчы краіны і прымеркаваны да ўзвышшаў Беларускай грады ў зоне сожскага зледзянення. Тэрыторыя складзена з валунных марэн. Пераважаюць абсалютныя адзнакі 200—250 м, радзей да 320 м, а на Мінскім узвышшы — да 345 м. Рэльеф дробна- і сярэднеўзгорысты, радзей буйнаўзгорысты і платопадобны, значна перапрацаваны эразійнымі працэсамі. Урадлівыя дзярнова-падзолістыя і дзярнова-палева-падзолістыя супясчана-сугліністыя глебы паспрыялі высокай ступені сельскагаспадарчай асвоенасці і параўнальна нізкай (каля 25%) лясістасці. Сярод лясоў пераважаюць шыракаліста-яловыя і яловыя, радзей хваёвыя і дубовыя. Структура ландшафтаў складаная — у іх межах вылучана 13 відаў.

Марэнна-зандравыя ландшафты з шыракаліста-яловымі, шыракаліста-хваёвымі і хваёвымі лясамі на дзярнова-падзолістых і дзярнова-падзолістых забалочаных глебах, абмежавана разараныя, займаюць 8,4% тэр. краіны і прымеркаваны да яе паўд. часткі. Фарміраванне літагеннай асновы ландшафтаў звязана з акумуляцыйнай дзейнасцю сожскага і дняпроўскага ледавікоў і іх вод, якія перакрывалі найб. паніжаныя ўчасткі асноўнай марэны пясчанымі адкладамі. У выніку ландшафты маюць неаднародную геалагічную будову і складзены з розназярністых водна-ледавіковых пяскоў, радзей — з марэнных суглінкаў. Абсалютныя вышыні 150—170 м, месцамі 170—210 м, адносныя перавышэнні 5—7 м, рэльеф хвалісты. Геолага-геамарфалагічная неаднароднасць абумовіла стракатасць глебава-расліннага покрыва. У межах марэнных раўнін і ўзгоркаў пашыраны дзярнова-падзолістыя супясчана-сугліністыя глебы, пераважна разараныя. Невялікімі ўчасткамі тут сустракаюцца шыракаліста-яловыя, шыракаліста-хваёвыя і дубовыя лясы. Водна-ледавіковыя і зандравыя раўніны з пясчана-супясчанымі, часта забалочанымі глебамі, заняты хваёвымі лясамі. Сярэдняя лясістасць ландшафтаў — 30%. У межах гэтага роду ландшафтаў вылучана 9 відаў.

Алювіяльныя тэрасаваныя ландшафты з хваёвымі, шыракаліста-хваёвымі і драбналістымі лясамі на дзярнова-падзолістых, часта забалочаных глебах, часткова разараныя, займаюць 6,3% плошчы Беларусі. Прымеркаваны яны да далін буйных рэк (Дняпро, Прыпяць, Сож) на поўдні краіны. Складзены з алювіяльных пяскоў. На асобных участках па правабярэжжы Прыпяці пяскі перакрыты мергелістымі лёсападобнымі суглінкамі. на ПдЗ — водна-ледавіковымі супескамі і суглінкамі. Абсалютныя іх вышыні 115—140 м, адносныя перавышэнні 2—3 м. Паверхня пласкахвалістая, месцамі хвалістая ці плоская, слаба расчлянёная лагчынамі сцёку, забалочаная. Сустракаюцца эолавыя формы ў выглядзе ўзгоркаў, град і адзінкавых дзюн. Эолавыя формы складзены з адсартаваных пяскоў, іх адносныя вышыні дасягаюць 3—7 м. У глебавым покрыве пераважаюць дзярнова-супясчаныя глебы, ёсць і тарфяна-балотныя. Лясістасць дасягае 50%. Сярод лясоў пашыраны хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя, дубовыя. Часта сустракаюцца лясныя і травяныя балоты нізіннага, радзей вярховага тыпаў. Сельскагаспадарчая асвоенасць нізкая, каля 20%, прымеркавана пераважна да асушаных балот.

Азёрна-алювіяльныя ландшафты з шыракаліста-хваёвымі, хваёвымі і дубовымі лясамі на дзярнова-падзолістых, часта забалочаных глебах, драбналістымі лясамі і балотамі на тарфяна-балотных глебах, часткова разараныя, займаюць 8,1% тэр. Беларусі. Пашыраны пераважна на Палессі і прымеркаваны да ўчасткаў, складзеных з азёрных і алювіяльных пяскоў, часта перакрытых торфам магутнасцю 0,5—0,7 м. Рэльеф плоскі, ускладнены дзюнамі, месцамі слабаўвагнуты, з абсалютнымі вышынямі 137—145 м і адноснымі перавышэннямі 1,5—2 м. Бедныя дзярнова-падзолістыя, часта забалочаныя пясчаныя глебы абумовілі нізкую ступень сельскагаспадарчай асвоенасці (30%) і значную (да 50%) лясістасць. У складзе лясоў — хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя, бярозавыя, зрэдку дубровы. Чорнаальховыя і пушыстабярозавыя лясы прымеркаваны да тарфяна-балотных глеб. Значная колькасць адкрытых балот асушана і занята сельскагаспадарчымі ўгоддзямі.

Азёрна-балотныя ландшафты з балотамі і карэннымі драбналістымі лясамі на тарфяна-балотных глебах, хваёвымі лясамі на дзярнова-падзолістых глебах, значна разараныя, пашыраны на 8,8% тэр. Сустракаюцца паўсюдна з пераважаннем у паўн. і паўд. раёнах. Складзены з азёрных, алювіяльных або азёрна-алювіяльных утварэнняў, перакрытых тарфамі магутнасцю 0,5—8 м. Абсалютныя адзнакі іх паверхні 140—160 м, адносныя перавышэнні — 1,5—2,5 м. Рэльеф плоскі, зрэдку слабавыпуклы або слабаўвагнуты. Часта сустракаюцца шматлікія астанцы рачных ці азёрных тэрас з дзюнамі, водна-ледавіковых раўнін, азёрна-ледавіковых нізін. На такіх участках рэльеф набывае бугрысты характар з перападамі вышынь 5—6 м. Зрэдку сярод балот захаваліся рэшткавыя азёры, найчасцей невялікія, іншы раз буйныя (Чырвонае, Выганашчанскае, Бабровіцкае). У глебавым покрыве пашыраны маламагутныя, радзей сярэднемагутныя і магутныя тарфяна-балотныя глебы, на астанцах — забалочаныя дзярновыя, дзярнова-карбанатныя і дзярнова-падзолістыя, пясчана-супясчаныя глебы. Натуральная расліннасць прадстаўлена асаковымі, асакова-трыснояговымі, сфагнавымі (20%) і ляснымі (чорнаальховымі, пушыстабярозавымі) балотамі; ёсць участкі бярозавых, шыракаліста-хваёвых і хваёвых лясоў (40%). На асушаных тэр. пераважаюць сельскагаспадарчыя ўгоддзі. Структура ландшафтаў параўнальна простая — у іх межах вылучана 5 відаў. Балотныя ландшафты ў сваім натуральным стане маюць агульнаеўрапейскае значэнне, выконваюць важныя экалагічныя функцыі, у сістэме ахоўных прыродных аб’ектаў Беларусі на іх долю прыпадае 25% ахоўнай тэрыторыі.

У групе рэдкіх ландшафтаў пераважаюць маладыя комплексы, сфарміраваныя ў паазерскі, ці галацэнавы, час. Таму большая іх частка знаходзіцца ў межах Паазерскай правінцыі і адрозніваецца ад інш. ландшафтаў вялікай колькасцю азёр. Гэта ўзгорыста-марэнна-азёрныя, марэнна-азёрныя, азёрна-ледавіковыя ландшафты. Да групы рэдкіх належаць таксама нетыповыя для Беларусі лёсавыя ландшафты.

Лёсавыя ландшафты з шыракаліста-яловымі і драбналістымі лясамі на дзярнова-палева-падзолістых глебах, пераважна разараныя, пашыраны ва ўсх. частцы Беларусі і займаюць 2,3% яе плошчы. Яны складзены з лёсаў і лёсападобных парод магутнасцю 4—17 м, якія залягаюць на марэнных і водна-ледавіковых адкладах. Абсалютныя адзнакі іх паверхні 190—230 м, адносныя перавышэнні 1—2, радзей да 5 м. Рэльеф хваліста-ўвалісты, месцамі дробнаўзгорысты і платопадобны са шматлікімі суфазійнымі западзінамі і эразійнымі формамі — ярамі, лагчынамі, далінамі дробных рэк. Пераважаюць дзярнова-палева-падзолістыя сугліністыя глебы, вельмі ўрадлівыя. Таму лёсавыя ландшафты характарызуюцца найб. сельскагаспадарчай асвоенасцю — каля 84%. У натуральнай расліннасці пераважаюць яловыя, шыракаліста-яловыя і асінавыя лясы (10%). ёсць і сухадольныя лугі. У межах гэтага роду ландшафтаў вылучана 5 відаў.

Поймавыя ландшафты з лугамі, балотамі, дубровамі на дзярновых забалочаных глебах пашыраны ў поймах буйных рэк. Яны займаюць 4,2% тэр. Беларусі і часцей трапляюцца ў паўд. яе частцы. Складзены з маладых алювіяльных адкладаў (пяскі, супескі, зрэдку перакрытыя торфам). Рэльеф звычайна плоскі, пласкахвалісты з абсалютнымі адзнакамі 100—150 м і нязначнымі (0,1—0,3 м) адноснымі перавышэннямі, радзей драбнагрывісты (1—1,5 м) і буйнагрывісты (1,5—3 м). Сустракаюцца астанцы надпоймавых тэрас, часта з дзюнамі; ёсць старычныя азёры. Глебы пераважна дзярновыя забалочаныя, пясчана-супясчаныя з драбназлакавымі, радзей буйназлакавымі лугамі (каля 45%) і поймавымі дубровамі. На тарфяна-балотных глебах сустракаюцца чорнаальховыя лясы, але лясістасць не перавышае 14%. На поймах Прыпяці, Дняпра і некаторых іх прытокаў тарфяна-балотныя глебы асушаны і выкарыстоўваюцца пад ворыва, пашы і культурныя сенажаці (каля 20%). Поймавыя ландшафты ў натуральным стане маюць агульнаеўрапейскае значэнне, выконваюць экалагічныя і рэкрэацыйныя функцыі.

Прыродныя ландшафты знаходзяцца пад значным уплывам гаспадарчай дзейнасці, якая спрыяе трансфармацыі прыродных комплексаў у антрапагенныя. У залежнасці ад ступені гаспадарчага ўздзеяння антрапагенныя ландшафты падзяляюць на прыродна-антрапагенныя і тэхнагенныя (створаныя рукамі чалавека, патрабуюць з яго боку пастаяннага догляду і не маюць аналагаў у прыродзе; напр., гарадскія, горнапрамысловыя, дарожныя ландшафты). Прыродна-антрапагенныя ландшафты фарміруюцца ў працэсе выкарыстання рэсурсаў прыроднага комплексу, што прыводзіць да трансфармацыі ў першую чаргу кампанентаў біёты. На тэр. Беларусі сярод прыродна-антрапагенных ландшафтаў пераважаюць сельскагаспадарчыя і сельскагаспадарча-лясныя (60% плошчы). Пашыраны таксама лясныя, рэкрэацыйныя, ахоўныя прыродна-антрапагенныя комплексы.

Г.​І.​Марцінкевіч.

Узгорыста-марэнна-азёрны ландшафт Браслаўскай грады.
Камава-марэнна-азёрны ландшафт Возера Глубелька (Мядзельскі раён).
Марэнна-зандравы ландшафт.
Азёрна-алювіяльны ландшафт Выганашчанскага заказніка ў Івацэвіцкім раёне.
Ландшафт рачных далін у Расонскім раёне.
Азёрна-балотны ландшафт. Нізіннае хвашчовае балота ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі».
Азёрна-балотны ландшафт. Пераходнае асакова-сфагнавае балота ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі».
Азёрна-балотны ландшафт. Пераходнае сфагнава-падвейнае балота ў Шчучынскім раёне.
Поймавы ландшафт; веснавая паводка ў сярэднім цячэнні р. Прыпяць.

т. 18, кн. 2, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)