ЛУГІ.

Адна з асноўных прыродных сістэм Беларусі, якая вызначае прадукцыйнасць ландшафтаў, біялагічную разнастайнасць, функцыянальную значнасць тэрыторыі. Займаюць плошчу 3,2 млн. га (15,4% тэрыторыі).

Натуральныя (прыродныя) лугі (каля 1 млн. га) падзяляюць на тыпы: сухадольныя, нізінныя і поймавыя. Сухадольныя лугі прымеркаваны да дзярнова-падзолістых і дзярнова-падзолістых забалочаных глеб. Крыніца вільгаці — атмасферныя ападкі, колькасць якіх вызначае структуру травастою і ў значнай ступені — прадукцыйнасць. Сярэдняя прадукцыйнасць — 1—1,5 т/га сена высокай кармавой якасці. Пашыраны пераважна сіўцова-драбнатраўныя асацыяцыі, на пераўвільготненых глебах — вострыцавыя асацыяцыі з удзелам дробных асок (заечай, жоўтай, прасяной). Нізінныя лугі фарміруюцца на дзярновых, забалочаных, дзярнова-карбанатных забалочаных і тарфяных глебах. Воднае жыўленне змешанае, з перавагай грунтавых вод. Біялагічная прадукцыйнасць — 2—2,5 т/га сена. У складзе травастояў пры часовым пераўвільгатненні пераважаюць вострыцавыя асацыяцыі, пры працяглым — асаковыя (асокі вастраватая, пузыраватая) з удзелам балотнага разнатраўя (панікніца, шабельнік). Поймавыя лугі размешчаны ў поймах буйных і сярэдніх рэк. Лічыцца, што гэта — найб. захаваныя прыродныя лугі; ёсць у поймах Дняпра, Прыпяці, Сожа, Гарыні і інш. Вытрымліваюць веснавое затапленне да 30—35 сутак без зніжэння прадукцыйнасці. Прадукцыйнасць — да 3,5 т/га сена здавальняючай якасці.

На палепшаных лугах (2,2 млн. га, у т. л. 1,6 — меліяраваных) ствараюцца культурныя сеяныя травастоі (сенажаці і пашы), склад якіх фарміруюць у залежнасці ад глебава-кліматычных умоў і спецыялізацыі жывёлагадоўлі. Культывуецца 18 відаў шматгадовых траў, у т. л. 6 — бабовых (канюшына лугавая, гібрыдная, паўзучая, рутвіца рагатая, баркун белы) і 12 — злакавых (чаротніца трыснёгападобная, купкоўка зборная, каласнец безасцюковы, лісахвост лугавы, аўсяніца трысняговая і інш.). З іх складаюць травасумесі па 3—4 віды.

У прыродных сістэмах лугі забяспечваюць устойлівасць да экстрэмальных з’яў і антрапагеннага ўздзеяння. Яны з’яўляюцца асноўнай крыніцай забеспячэння жывёлагадоўлі травяністымі кармамі.

Літ.:

Мелиорация и луговодство на пойменных землях. Мн., 1996;

Адаптивные системы земледелия в Беларуси. Мн., 2001;

Технология создания и улучшения лугов. Горки, 2002;

Пастбища Беларуси: создание, эксплуатация. Мн., 2003;

Иоффе В.Б., Васько П.П. Культурные пастбища. Молодечно, 2003.

А.​С.​Меяроўскі.

т. 18, кн. 2, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)