МЕТАЛІЧНЫЯ КАРЫСНЫЯ ВЫКАПНІ.
Праяўленні металічных карысных выкапняў на Беларусі прымеркаваны пераважна да крышталічнага фундаменту. Найбольш буйнымі аб’ектамі з’яўляюцца 2 радовішчы жалезных руд: Аколаўскае і Навасёлкаўскае. Аколаўскае радовішча выяўлена ў Стаўбцоўскім раёне на глыбіні 235—338 м. Пахавана пад адкладамі платформавага чахла. Яно прадстаўлена серыяй стромка нахіленых цел жалезістых кварцытаў (магутнасцю ад некалькіх да 40,6 м), якія пераслойваюцца з бязруднымі пародамі. Буравымі работамі рудныя гарызонты прасочаны на адлегласці да 3,3 км па распасціранні і на 800 м па падзенні. Галоўны рудны мінерал магнетыт складае ў сярэднім 14,28%, агульнага жалеза (Fe2+, Fe3+) у рудзе 24,5%. Руды высакаякасныя і лёгкаабагачальныя. Разведаныя іх запасы на глыбіню 700 м складаюць 175,4 млн. т руды (2003). Навасёлкаўскае радовішча і шэраг падобных рудапраяўленняў выяўлены ў Карэліцкім раёне. Акрамя жалеза яны маюць у павышаных колькасцях тытан і ванадый. Першасныя руды ўяўляюць сабой украпванне ільменіту і магнетыту ў габроідах, другасныя ўтвараюць суцэльныя метасаматычныя паклады. Рудная зона магутнасцю 90—180 м прымеркавана да субпластавых цел габроідаў і прасочваецца на 1200 м па распасціранні. Карысныя кампаненты ў рудзе складаюць: агульнае жалеза (Fe2+, Fe3+) 16—52%, магнетытавае жалеза 8—29%, дыаксід тытану 2—7%, пентааксід ванадыю да 0,16%. Выяўленыя жалезныя руды Беларусі пакуль не маюць прамысловага значэння з прычыны вялікіх глыбінь залягання.
У межах Беларускага крышталічнага масіву і на Пд Беларусі выяўлены рудапраяўленні некаторых рэдкіх металаў і рэдкіх зямель. Рэдкаметальна-рэдказямельнае радовішча Дыябазавае выяўлена на Пд Беларусі ў Жыткавіцкім гранітоідным масіве. Яно прымеркавана да дайкі дыябазаў, якія фіксуюць глыбінны разлом. Рудныя целы прадстаўлены інтэнсіўна змененымі гранітоідамі і дыябазамі з вельмі нераўнамерным украпваннем і гнёздамі берылу, фенакіту, спадумену, бертрандыту, бастнезіту, цыркону і інш. мінералаў берылію і рэдкіх зямель. Акрамя таго маюць месца рудапраяўленні вальфраму шэеліт-скарнавага тыпу (в. Раёўшчына Стаўбцоўскага раёна, в. Глушкавічы Лельчыцкага раёна).
У межах Беларускага крышталічнага масіву выяўлена некалькі рудапраяўленняў каляровых металаў розных генетычных тыпаў: поліметалічнае (Рубяжэвічы ў Стаўбцоўскім раёне), медна-нікелевае (Стаўбцоўскае), медна-малібдэнавае (Шніпкі, Скідзель на захадзе Гродзенскай вобл.), сернакалчаданнае (Пухаўшчына ў Стаўбцоўскім раёне). На некаторых праяўленнях каляровых і чорных металаў ёсць прыкметы накладзенай золатасульфіднай мінералізацыі (Уніхава, Рубяжэвічы, Рудзьма, Аколаўскае ў Стаўбцоўскім раёне).
У верхнепратэразойскіх (вендскіх) адкладах платформавага чахла на захадзе Прыпяцкай упадзіны вядомы праяўленні медзістых пясчанікаў, у якіх да 1% медзі ў выглядзе ўкрапвання халькапірыту (каля в. Азярніца Лунінецкага р-на і інш.). Ёсць праяўленні і самароднай медзі.
Праяўленні алюмініевай руды прадстаўлены баксіт-даўсанітавай фармацыяй, выяўленай у каалінітавай тоўшчы ніжнекаменнавугальных адкладаў Прыпяцкага прагіну на глыбіні 400—1200 м. Магутнасць руданосных пластоў 1,5—7 м (Заазерная і Асташкавіцкая плошчы ў Гомельскай вобл.), дзе прагнозныя рэсурсы перавышаюць 180 млн. т. Скопішчы мінералу даўсаніту перспектыўныя для атрымання алюмінію і соды.
В.У.Саладзілава.
т. 18, кн. 2, с. 32