БУДОВА І ГІСТОРЫЯ РАЗВІЦЦЯ КРЫШТАЛІЧНАГА ФУНДАМЕНТУ.
Паводле саставу, умоў залягання і паходжання горных парод у крышталічным фундаменце Беларусі вылучаюць рэчыўныя комплексы 3 тыпаў: метамарфічныя стратыфікаваныя, ультраметамарфічныя і магматычныя нестратыфікаваныя. Метамарфічныя стратыфікаваныя комплексы парод узніклі пры метамарфізме асадкавых, вулканагенна-асадкавых і вулканагенных парод, якія першапачаткова мелі пластападобнае заляганне. Яны складаюць аснову стратыграфічнага расчлянення парод фундаменту. Сярод іх вылучаны рудзьмянская тоўшча, шчучынская і кулажынская серыі (ніжні архей), азёрская, ператоцкая і юравіцкая тоўшчы (верхні архей — ніжні пратэразой), аколаўская і жыткавіцкая серыі, бялёўская світа (ніжні пратэразой). Да аколаўскай серыі прымеркавана Аколаўскае радовішча жалезістых кварцытаў. Ультраметамарфічныя комплексы парод з’яўляюцца прадуктам пераўтварэння метамарфічных парод ва ўмовах павышэння тэмпературы і прытоку флюідаў, чым абумоўлена іх частковае плаўленне. Магматычныя комплексы парод утварыліся ў выніку крышталізацыі магматычных расплаваў на глыбіні ў выглядзе інтрузіўных цел, якія перарываюць пароды метамарфічных і ультраметамарфічных комплексаў.
На працягу архею (пачатак — больш за 3,9 млрд. гадоў назад) на месцы лінейнай зоны расцяжэння і інтэнсіўнага базальтавага магматызму, прымеркаванай пераважна да Беларуска-Прыбалтыйскага гранулітавага пояса, адбывалася намнажэнне базітавых, вулканагенна-асадкавых і тэрыгенных тоўшчаў, якія падвергліся складкавасці, рэгіянальнаму гранулітаваму метамарфізму, эндэрбітызацыі і чарнакітызацыі. Сфарміраваўся чарнакіт-гранулітавы мегакомплекс парод. Лакальна праявіўся гранітоідны магматызм. У выніку протаакіянічная зямная кара была пераўтворана ў кару пераходнага тыпу з маламагутным і нявытрыманым гранітным слоем. У познім археі — раннім пратэразоі (каля 2,5 млрд. г. назад), на складкавым грануліта-гнейсавым фундаменце пачалі развівацца вялікія прагіны, найбуйнейшым з якіх быў Цэнтральнабеларускі (у далейшым Цэнтральнабеларуская гранітагнейсавая зона). У гэтых прагінах намнажаліся магутныя эфузіўна-граўвакавыя і флішоідныя тоўшчы, тыповыя для пераходнай стадыі развіцця зямной кары. Яны падвергліся складкаўтварэнню і рэгіянальнаму метамарфізму. З гэтымі працэсамі звязана пашыранае гранітаўтварэнне. У выніку сфарміраваны гранітагнейсавы мегакомплекс, а зямная кара пераходнага тыпу ператварылася ў кантынентальную з паўсюдна развітым гранітным слоем. У другой палавіне ранняга пратэразою (1,9—1,65 млрд. гадоў назад) у выніку неаднаразовага чаргавання сціскання і расцяжэння зямной кары і адпаведнай змены гранітоіднага магматызму базальтавым быў утвораны вулканаплутанічны мегакомплекс парод з пераважаннем гранітоідаў, які развіты ў межах Осніцка-Мікашэвіцкага вулканаплутанічнага пояса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)