РАСЛІННАСЦЬ ВАДАЁМАЎ.

Відавы састаў раслінных супольнасцей, што фарміруюць асацыяцыі, фармацыі і тыпы воднай расліннасці, адносяць да розных таксанамічных катэгорый. У аквафлоры Беларусі адзначана 260 відаў вышэйшых раслін і больш за 2 тыс. відаў водарасцей. Вышэйшыя водныя расліны, у склад якіх уключаны і травяністыя кветкавыя аднадольныя расліны, анатамічна і марфалагічна прыстасаваныя да жыцця ў водным асяроддзі. Глыбіня месцазнаходжання расліннасці (у сярэднім да 3—4, зрэдку да 6—10 м) залежыць ад празрыстасці вады.

У прыбярэжнай зоне растуць асокі, шабельнік балотны, цыкута ядавітая, аер балотны, капытнік балотны. У земнаводнай зоне (да глыбіні 0,5 м) трапляюцца плюшчай галінасты, шабельнік трыпутнікавы, стрэлкаліст, хвошч багнавы, рагоз, касач, У зоне паветрана-водных раслін (глыбіня вадаёма 1,5—2 м) знаходзяцца трыснёг, чарот азёрны, рагозы, хвашчы, маннік вадзяны. У зоне раслін з вадаплаўным лісцем (глыбіня 2—3 м) растуць гарлачык жоўты, гарлачык белы, драсён земнаводны, рдзест плывучы. Зона шыракалістых рдзестаў у вадаёмах з празрыстай вадой дасягае глыбіні 5 м. У зоне водных імхоў і водарасцей (глыбіня да 10 м, напр., воз. Нарач) утвараюцца падводныя лугі з імхоў (у асноўным фантыналіс проціпажарны) і водарасцей (пераважна харавых — хара, нітэла, нітэлопсіс). У расліннасці вадаёмаў і вадацёкаў шмат рэдкіх відаў, занесеных у Чырв. кнігу. Шэраг відаў вылучаны для прафілактычнай аховы. 34 віды водных сасудзістых раслін маюць гаспадарчую каштоўнасць.

Усе віды аквафлоры — аўтатрофныя арганізмы, што ствараюць першасную прадукцыю і вызначаюць функцыянаванне іншых (гетэратрофных) узроўняў экасістэмы. Яны адыгрываюць першарадную ролю ў аэрацыі вадаёмаў, іх самаачышчэнні; некаторыя з іх здольныя паглынаць з вады і назапашваць таксічныя рэчывы. Такія індыкатарныя арганізмы выкарыстоўваюць у сістэмах біялагічнага аналізу якасці вады, маніторынгу і кантролю стану асяроддзя. Празмернае развіццё воднай расліннасці прыводзіць да другаснага забруджвання, «цвіцення» вады і пагаршэння стану водных экасістэм.

Літ.:

Катанская В.М. Высшая водная растительность континентальных водоемов. Методы изучения. Л., 1981;

Михеева Т.М. Альгофлора Беларуси = Algal flora of Belarus: Таксоном. кат. Мн., 1999;

Гигевич Г.С., Власов Б.П., Вынаев Г.В. Высшие водные растения Беларуси;

Экол.-биол. характеристика, использование и охрана. Мн., 2001.

Т.​М.​Міхеева.

Расліннасць вадаёмаў: 1 — аер звычайны; 2 — палушнік азёрны; 3 — стрэлкаліст звычайны; 4 — гарлачык жоўты; 5 — капытнік балотны; 6 — рдзест плывучы; 7 — альдраванда пухіраватая; 8 — хвошч прырэчны; 9 — лотаць балотная; 10 — рагоз шыракалісты; 11 — рагаліснік апушчаны; 12 — шышняк кальчаковы; 13 — трыснёг звычайны.

т. 18, кн. 2, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)