ТЫПЫ І ФОРМЫ РЭЛЬЕФУ.

Рэльеф Беларусі складаны і разнастайны. Паводле марфалагічных, генетычных і ўзроставых асаблівасцей форм рэльефу тэр. Беларусі можна лічыць эталоннай для абласцей развіцця старажытнамацерыковых зледзяненняў. У залежнасці ад асноўнай крыніцы энергіі геамарфалагічных працэсаў вылучаюць 3 класы рэльефу: экзагенны, тэхнагенны і эндагенны. Паводле вядучага генетычнага агента вылучаюць групы, якія ў сваю чаргу падзяляюць на тыпы і падтыпы. Падтыпы складаюцца з форм рэльефу, якім уласцівы адзіны спосаб узнікнення.

З тыпаў і форм рэльефу экзагеннага класа найб. па плошчы пашырэнне атрымалі: ледавікова-седыментацыйны (марэнныя грады, увалы, узгоркі, марэнныя раўніны); ледавікова-экзарацыйны (лагчыны ледавіковага выворвання); ледавікова-экзарацыйна-седыментацыйны (друмліны); ледавіковага націску і выціскання (канцова-марэнныя грады); водна-ледавіковай акумуляцыі (озы, камы, краявыя флювіягляцыяльныя ўзвышшы, грады, увалы, флювіягляцыяльныя тэрасы, лагчыны сцёку талых ледавіковых вод, зандры); азёрна-ледавіковы (камы, звонцы, раўніны і нізіны, тэрасы); пастаянных вадацёкаў (акумулятыўныя і эразійна-акумулятыўныя тэрасы, тэрасы ўрэзвання, рэчышчавыя формы); азёрна-алювіяльны (раўніны, нізіны), азёрны (акумулятыўныя і абразійныя тэрасы, катлавіны), часовых вадацёкаў (яры, лагчыны, прамывіны, лагчыны сцёку); перавеяных эолавых утварэнняў (катлавіны і западзіны, дзюны, эолавыя грады і ўзгоркі, палі перавяваемых пяскоў); фітагенны (паверхні вярховых, пераходных, нізінных балот), тэрмакарставы (катлавіны, западзіны), карставы (варонкі, катлавіны); суфазійны (западзіны).

Формы рэльефу тэхнагеннага класа (тэхнаморфы) узніклі ў выніку гаспадарчай дзейнасці чалавека і атрымалі найбольшае пашырэнне ў апошнія стагоддзі. На Беларусі яны сканцэнтраваны пераважна на плошчах урбанізаваных тэрыторый, здабычы і перапрацоўкі мінеральнай сыравіны, меліярацыі і інш. Адрозніваюць уласна тэхнагенную групу тэхнаморфаў (адвалы, насыпы, дамбы, кар’еры, ямы, каналы, канавы, катлавіны) і тэхнагенна апасродкаваныя формы (асыпкі, апоўзні, прасадкі, прамывіны і інш.).

Эндагенны клас уключае 2 тыпы: актывізаваных прыразломных зон (тэктанічныя тэрасы) і неатэктанічных лакальных структур (брахіантыкліналі, купалы — малаамплітудныя падняцці; брахісінкліналі, мульды — малаамплітудныя паніжэнні). Формы гэтага класа на Беларусі распаўсюджаны параўнальна абмежавана.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)