ПОМНІКІ ПРЫРОДЫ.
Першыя спісы помнікаў прыроды на Беларусі зацверджаны ў 1923 і 1926 дзярж. пастановай, дзе яны абвешчаны дзярж. уласнасцю і ўстаноўлены парадак аховы помнікаў старадаўнасці, мастацтва, побыту і прыроды. У 1963, зыходзячы з пастановы Савета Міністраў Беларусі «Аб ахове помнікаў прыроды на тэрыторыі Беларускай ССР», складзены новы, больш поўны спіс помнікаў прыроды які штогод дапаўняецца і ўдакладняецца. У залежнасці ад асаблівасцей аховы помнікі прыроды падзяляюць на батанічныя, геалагічныя, гідралагічныя. Паводле іх значнасці і унікальнасці, на аснове навук. даследаванняў адрозніваюць помнікі прыроды рэспубліканскага значэння (зацвярджаюцца Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі) і помнікі прыроды мясцовага значэння (зацвярджаюцца мясц. выканаўчымі і распарадчымі органамі). Пры неабходнасці адасаблення зямельных участкаў у землеўладальнікаў і землекарыстальнікаў помнікі прыроды ўтвараюцца рашэннем Савета Міністраў Беларусі. Да помнікаў прыроды адносяць невялікія па плошчы аб’екты — старадаўнія паркі, асобныя векавыя або рэдкія пароды дрэў, каштоўныя насаджэнні, буйныя валуны і іх кангламераты, геалагічныя агаленні, крыніцы, элементы рэльефу і інш. У шырокім сэнсе тэрмін «помнік прыроды» выкарыстоўваюць і ў адносінах да запаведнікаў, нацыянальных паркаў, заказнікаў, каб падкрэсліць іх значэнне ў захаванні прыроднай спадчыны. Дзярж. кантроль за аховай і выкарыстаннем помнікаў прыроды ажыццяўляюць Мінпрыроды Беларусі і яго тэрытарыяльныя органы, мясц. Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы і інш. На 1.1.2004 на Беларусі пад аховай знаходзіцца 337 помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння, у іх ліку 23 старадаўнія паркі, 31 участак каштоўных насаджэнняў, 3 месцы росту відаў раслін, якія знікаюць, 58 асобных рэдкіх парод і векавых дрэў або іх груп, 27 геалагічных агаленняў, 31 камавы ўзгорак і элемент рэльефу, 158 валуноў і валунна-галечных кангламератаў, 5 мінеральных крыніц, 1 парк камянёў; 572 помнікі прыроды мясцовага значэння, у іх ліку 95 паркаў, 103 участкі каштоўных насаджэнняў і 51 асобнае дрэва, 65 камавых узгоркаў і элементаў рэльефу, 8 геалагічных агаленняў, 189 валуноў і валунна-галечных кангламератаў, 60 крыніц і азёр. Агульная плошча ўсіх помнікаў прыроды 16,6 тыс. га.
П.І.Лабанок.
т. 18, кн. 2, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)