ЛЯСЫ.

Агульная плошча ляснога фонду Беларусі ў 2001 складала 9247,5 млн. га. Лясы на тэр. краіны размешчаны нераўнамерна: у Брэсцкай вобл. 1118 тыс. га (14% ад агульнай плошчы лясоў), у Віцебскай — 1495 тыс. га (19%), Гомельскай — 1822 тыс. га (24%), Гродзенскай — 861 тыс. га (11%), Мінскай — 1502 тыс. га (19%), Магілёўскай — 1047 тыс. га (13%).

Агульная лясістасць (працэнт лясоў ад агульнай тэр. Беларусі) складае 37,8%, у т. л. ў Брэсцкай вобл. — 34,1%, Віцебскай — 37,4%, Гомельскай — 45,1%, Гродзенскай — 34,3%, Мінскай — 37,4%, Магілёўскай — 36%. Найбольшая лясістасць у Расонскім (65,5%) і Лельчыцкім (65,9%) раёнах, найменшая — у Нясвіжскім (10,1%) і Бераставіцкім (14,8%) раёнах. Найбольшыя лясныя масівы на раўнінах (напр., Цэнтральнабярэзінскай) і нізінах (Полацкай, Верхнебярэзінскай, Верхнянёманскай), у Прыпяцкім і Мазырскім Палессі. У мінулым лясістасць Беларусі складала: у 1600—60%, у 1900—37%, 1913—33%, 1922—22%, 1940—30%, 1944—18%, 1955—31%, 1992—34%.

Паводле прызначэння вылучаюць лясы, якія выконваюць выключна экалагічныя функцыі, напр., водаахоўныя лясы (1433 тыс. га), глебаахоўныя (1202 тыс. га), зялёныя зоны вакол гарадоў (1326 тыс. га), запаведнікі і нацыянальныя паркі (586 тыс. га); таксама лясы, асноўнае прызначэнне якіх — забеспячэнне нар. гаспадаркі драўнінай.

Землекарыстальнікамі дзярж. ляснога фонду з’яўляюцца лясгасы Камітэта па лясной гаспадарцы пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь (больш за 85,9%), Упраўленне справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (каля 7%), міністэрствы абароны (3,7%) і па надзвычайных сітуацыях (больш за 2,3%) і інш.

У лясах Беларусі сустракаюцца 28 дрэвавых парод і каля 70 відаў кустоў. Асноўныя лесаўтваральныя пароды: хвоя (займае 50,2% ад агульнай плошчы лясоў), бяроза (20,8%), елка (10%), вольха чорная (8,2%), дуб (3,3%), вольха шэрая (2,3%), асіна (2,1%). На долю інш. дрэвавых відаў прыпадае 3,1%, сярод якіх ясень (0,4%), граб (0,2%), клён вастралісты, ліпа драбналістая. У дамешку да гал. лесаўтваральнікаў растуць вяз, бераст, груша, яблыня, рабіна; ёсць насаджэнні інтрадукаваных дрэў і кустоў — лістоўніц сібірскай і еўрапейскай, буку паўночнага і інш.

Паводле лесарасліннага раянавання лясы Беларусі падзяляюцца ў шыротным напрамку (з поўначы на поўдзень) на падзоны: дубова-цемнахвойных лясоў, грабава-дубова-цемнахвойных лясоў, шыракаліста-хваёвых лясоў. Тыповыя лясы: хвойныя (хваёвыя і яловыя), цвердалістыя (дубовыя), мяккалістыя (бярозавыя, асінавыя, чорнаальховыя).

Хваёвыя лясы размешчаны адносна раўнамерна, пераважаюць на водна-ледавіковых раўнінах і нізінах. Умовы іх росту разнастайныя — ад сухіх пясчаных дзюн да вярховых балот. Для бедных падзолістых і дзярнова-падзолістых пясчаных глеб характэрны бары (хваёвыя лясы, часта з дамешкам бярозы); на больш багатых глебах фарміруюцца субары (хвойнікі з дамешкамі елкі або дубу). Асноўныя тыпы хваёвых лясоў: імшыстыя, чарнічныя, верасовыя, арляковыя, даўгамошныя, сфагнавыя, якія разам складаюць амаль 85% ад агульнай плошчы хваёвых лясоў. Спелымі лічацца ў 81 год.

Яловыя лясы сканцэнтраваны ў паўн. і паўн.-ўсх. частках краіны (Бел. Паазер’е, Мінскае і Аршанскае ўзвышшы, Аршанска-Магілёўскае плато). Яны займаюць пераважна ўрадлівыя сугліністыя і супясчаныя глебы. Елка часта расце ў сумесі з бярозай і асінай, у цэнтр. частцы — з дубам. Асноўныя тыпы яловых лясоў (86% агульнай плошчы): кіслічны, чарнічны, імшысты. Спелымі лічацца ў 81 год.

Бярозавыя лясы пашыраны адносна раўнамерна на ўсёй тэр. Беларусі. Часта маюць дамешкі інш. парод: асіны, вольхі, хвоі і інш. Найчасцей трапляюцца бярэзнікі чарнічныя, кіслічныя, сніткавыя, імшыстыя і інш. Спелымі лічацца ў 61 год.

Дубовыя і інш. цвердалістыя лясы пашыраны пераважна на поўдні краіны. Яны займаюць урадлівыя глебы і ў сваім складзе звычайна маюць дамешак з мяккалістых і хвойных парод. Спелымі лічацца ў 101 год.

Асінавыя лясы займаюць найб. плошчы на поўначы і ўсходзе краіны пераважна на багатых глебах у сумесі з інш. пародамі. Асноўныя тыпы асіннікаў (92%): кіслічныя, сніткавыя, арляковыя, чарнічныя, імшыстыя. Спеласці дасягаюць у 41 год.

Чорнаальховыя лясы, ці алешнікі, пашыраны на нізінах, асабліва на Палессі і Верхнебярэзінскай нізіне. На ўзвышаных месцах сустракаюцца дамешкі бярозы, ясеню і інш. Асноўныя іх тыпы (70%): вятроўнікавыя, сніткавыя, крапіўныя, кіслічныя, асаковыя, папарацевыя. Спеласці дасягаюць у 51 год.

Запас драўніны ў лясах Беларусі складае каля 1340 млн. м³, з іх хвоі — 738 млн. м³, дубу — 43 млн. м³, бярозы — 233 млн. м³, чорнай вольхі — 98 млн. м³. Драўніны, прыдатнай на высечкі галоўнага карыстання (у спелых і перастойных дрэвастоях) — 137 млн. м³, у т. л. хвойных — 63 млн. м³, цвердалістых — 9 млн. м³, бярозы — 24 млн. м³, чорнай вольхі — 24 млн. м³, асіны — 14 млн. м³. Маецца вялікі запас прыспяваючых дрэвастояў — 104 млн. м³, цвердалістых — 9 млн. м³.

Агульны сярэдні прырост лясоў складае больш за 28 млн. м³, у т. л. хвойных — 17 млн. м³, мяккалістых — 10 млн. м³, цвердалістых — 1 млн. м³. Сярэдні ўзрост лясоў складае 48 гадоў (хвойных — 54, цвердалістых — 64, мяккалістых — 37).

Лясы Беларусі — не толькі рэсурс драўніны, але і крыніца каштоўнай лекавай, прамысловай і харчовай сыравіны: ягад, грыбоў, арэхаў, пладоў і інш. Сярэднегадавы запас ягад у лясах Беларусі — 50 тыс. т (экалагічна бяспечных — 21 тыс. т). Лясы таксама з’яўляюцца адным з вызначальных фактараў у стабілізацыі экалагічнай сітуацыі. Штогод лясы Беларусі звязваюць больш за 100 млн. т вуглякіслага газу і выдзяляюць больш за 80 млн. т атамарнага кіслароду. Лясы рэгулююць паверхневы сцёк, тым самым ачышчаюць ваду, ахоўваюць глебы ад воднай і ветравой эрозіі.

Літ.:

Юркевич И.Д., Голод Д.С., Адерихо В.С. Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979;

Багинский В.Ф., Есимчик Л.Д. Лесопользование в Беларуси. Мн., 1996;

Багинский В.Ф. Рациональное использование лесных ресурсов и повышение их экологического потенциала // Стратегия устойчивого развития Беларуси: преемственность и обоснование. Мн., 2003.

У.​Ф.​Багінскі.

Бярозавыя насаджэнні.
Грабавы лес.
Яловы лес.
Спелы хваёвы лес.
Спелы дубовы лес.
Лесапасадкі на забруджаных тэрыторыях у Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласці.

т. 18, кн. 2, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)