Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

П’ян м. і ж. р., п яна ’ап’яненне’ (смарг., в.-дзв., Сл. ПЗБ). Адад’ектыўныя ўтварэнні, гл. пячы; назоўнік м. р., хутчэй за ўсё, другасны, параўн. м. і ж. р. пьянь ’п’янства’ і іншыя назоўнікі з тэматычным суф. *‑ь: бель, гніль і пад., што тлумачыцца генералізацыяй родавых паказчыкаў у выніку выцяснення н. р. на беларуска-балтыйскім паграніччы. Магчыма дапусціць адваротныя дэрываты ад пʼянка ’ап’яненне’ (шальч., Сл. ПЗБ).

П’я́ніца1 ’аматар выпіць, алкаголік’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк.), пʼяні́ца (пьяни́ца) ’тс’ (Нас.); параўн. рус. пья́ница, польск. pijanica, серб.-харв. пѝјаница, балг. пия́ница, ст.-слав. пѩница, пьѣнница. Прасл. *pьjanica, *pijanica, вытворнае ад *pijanъ(jь) (БЕР, 5, 285), гл. п’яны.

П’я́ніца2 ’спарыння’: пʼя́ніца ў ячмені, у пшаніцы (віл., Сл. ПЗБ). Да п’я́ны (гл.), у тым ліку са значэннем ’адурманьваючы’, параўн. славен. pijan ’тс’; вырабы з мукі, змолатай са збожжа, заражонага спарыннёй, маюць ап’яняючы эфект, параўн. балг. пия́но жи́то ’спарыння’.

П’я́ніца3 ’расходнік, Sedum L.’ (Кіс.). Да п’яны (гл.); паводле Ластоўскага, расліну Sedum acre ’расходнік едкі’ “ужываюць з гарэлкай ад болі жывата” (Ласт., 799); параўн. фармальна блізкае балг. пияница ’расліна Lolium temulentum’, у аснове назвы прызнак ’адурманьваючы’, як і ў серб.-харв. пијана трава ’тс’, ням. Schwindelkorn ’тс’ і пад.

П’яні́ца ’сіло’: зрабіў пʼяні́цу і пыставіў на сініц (в.-дзв., Шатал.). Да пяць, пну ’распінаць, напінаць, нацягваць’; параўн. рус. дыял. пень ’вяроўка’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *pьnь ’вяроўка’, параўн. лат. pīne, matu pīne ’каса (валасоў)’ (Мяркулава, Этим. иссл., 6, 16–17).

П’яні́цы ’буякі’ (Сл. ПЗБ), піяніцы ’тс’. Да п’яны (гл.), паводле першасных уяўленняў, названы так з-за ап’яняючых, адурманьваючых уласцівасцяў, параўн. рус. дыял. пьяника, пьяница, пьяная ягода, дурника і пад., хаця ачмурэнне выклікае расліна багун, якая расце разам з буякамі: пʼяніцы ядуць, але ад багуна апʼянееш (астрав., Сл. ПЗБ). Меркаванне Грынавяцкене (LKK, 30, 122) пра ўплыў літ. girtuökles (< girtas ’п’яны’) па лінгвагеаграфічных прычынах (фіксацыя назвы пьяная ягода на поўначы Расіі, гл. Мяркулава, Очерки, 234), хутчэй за ўсё, не мае падстаў.

П’янто́с лаянк. ’п’яніца’ (лаг., Жд. 2; слуц., Жыв. НС). Вытворнае ад п’я́ны (гл.) пры дапамозе экспрэсіўнага фарманта ‑(т)ос, параўн. фіґос (ад фі́ґа) у выразе: фіґос пад нос (Воўк-Лев., Татарк., 155).

П’янчу́га ’горкі п’яніца’ (ТСБМ; мазыр., Грыгор’еў, пісьмовае паведамл.), сюды ж пʼяню́га ’тс’ (Нас., Ян., Сл. ПЗБ); параўн. рус. разм. пьянчюга, балг. пиянчу́га, пиенчу́га. Утворана ад *pьjanъ, *pijanъ, гл. п’яны, пры дапамозе экспрэсіўнай суфіксацыі ‑уга (‑юга); формы з ‑ч‑ у якасці прамежкавай ступені маглі мець утварэнні на ‑чо, параўн. свінчо < свіння, свінка, а таксама балг. дыял. пиянчо́га (гл. БЕР, 5, 285).

П’я́ны ’які знаходзіцца ў стане ап’янення, нецвярозы’ (ТСБМ). Укр. пʼяни́й, рус. пьян, пья́ный, польск. pijany ’тс’, чэш. pijan ’п’яніца’, славац. pijan ’тс’, pijany ’п’яны’, в.-луж. pjany, н.-луж. pijany, палаб. pajoně, серб.-харв. пја̏н, пѝјан ’тс’, славен. pijàn ’п’яны; адурманены’, балг. пия́н ’п’яны’, макед. пијан ’тс’, ст.-слав. пиѩнъ ’тс’. Праслав. *pьjanъ(jь), *pijanъ(jь) ’п’яны; адурманены’, параўноўваюць са ст.-інд. pyāná‑ ’поўны, надуты’ (’напіты і наеты’), вытворнае ад прасл. *pijǫ, *piješь або *pьjǫ, *pьješь < і.-е. *pī‑, гл. піць (Фасмер, 3, 422; Зубаты, 2, 162; БЕР, 5, 285; Махэк₂, 452; Банькоўскі, 2, 576).

П’я́ўка1 ’прэснаводны чарвяк, Hirudo medicinalis; sanguisuga’ (ТСБМ, Бяльк., Ласт., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ЛА, 1), пья́ўка ’тс’ (Дразд., Бес.), пля́ўка ’тс’ (ЛА, 1); укр. пʼя́вка, пля́вка ’тс’, рус. пья́вка, пия́вка ’тс’; параўн. польск. pijawka ’тс’, чэш. pijavka ’тс’, славен. pijávka. Прасл. *pьjavka звязана з *pьjati, ітэратыў ад *piti ’піць’ (гл. піць), паралельнае ўтварэнне да *pьjavica: пʼя́віца, пʼя́выца (ЛА, 1; Дразд.), сюды ж пʼя́вычнык ’рачныя ракавіны, чаропкі’ (Дразд.), укр. пʼя́віца, рус. пия́вица, польск. pijawica, палаб. pagaweicia, в.-луж. pijelca, чэш. pijavice, славац. pijavica, серб.-харв. пѝјавица, славен. pijávica, балг. пия́вица, макед. пијавица (Фасмер, 3, 271; ЕСУМ, 4, 649; Шустар-Шэўц, 2, 1062; БЕР, 5, 284; Бязлай, 3, 34). Паводле Німчука (Давньорус., 229), формы з суфіксам ‑к‑a з’яўляюцца пазнейшай інавацыяй на ўсходнеславянскай глебе, што цяжка давесці. Гл. таксама пʼеўга́, п’е́ўка.

П’я́ўка2 ’скаба’: пʼяўкамі прысцегваюць сцены (ТС). Няясна; магчыма, да пʼяць ’напінаць, сцягваць’ (ТС), гл. пяць2.