Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Злы. Рус. злой, укр. злий ’тс’, польск., серб.-луж. zły ’кепскі, злы’, чэш., славац. zlý ’тс’, славен. zál, zèl ’злы’, ’някепскі’, серб.-харв. за̏о, балг. зъл, макед. зол. Ст.-слав. зълъ ’кепскі, злы’. Ст.-рус. зълый ’кепскі, злы’, ’варожы, грэшны’ (XI–XII стст.). Прасл. zъlъ, верагодна, мела значэнне ’кепскі’, адкуль потым развіваліся іншыя значэнні. Выводзяць з і.-е. *gʼhu̯el ’згінацца (у тым ліку духоўна)’, да якога адносяць іран. zūr ’хлусня’, ст.-грэч. φαλός ’дурны’, φῆλος ’зманлівы’, лац. fallo ’падманваю’, літ. atžúlas ’цвёрды, злы’. Шанскі, 2, З, 95; Фасмер, 2, 99 (дзе і літ-ра); Махэк₂, 716; Скок, 3, 642–643; БЕР, 1, 663–664; Абаеў, Этимология, 1966, 252; Траўтман, 372–373; Покарны, І, 489–490. Пра ст.-бел. ужыванне слова гл. Булахаў, Прыметнік, 3, 87–89.

Злы́дзень ’шкодны чалавек, ліхадзей’, ’нягоды, бяда’ (ТСБМ), злы́дня ’бядота’ (Бяльк.), злы́дні ’бядота, недахваткі’ (Нас.). Рус. злы́день, арх., валаг., паўн.-дзвін., омск., карэльск., тул., цвяр., арл., варонеж., кур. ’злы чалавек’, урал. ’махляр’, валаг. ’скнара’, алан., вяцк., перм., урал., сарат., варонеж., калуж., пск. ’гультай’, кур., арл., калуж., бранск., смал., варонеж., вяцк., перм. ’бядняк, жабрак’, злы́дни тамб. ’інтрыгі, свавольствы’, паўн., зах., паўд.-смал., арл., том., сіб. ’цяжкі час, беднасць’, укр. зли́день ’бядняк’, зли́дні ’нягоды, бяда’. Польск. złydnia ’бяда’ < укр. (Дарашэўскі, 10, 1172). Усх.-слав. спалучэнне злы дни ’цяжкія дні’. Параўн. пералік ’злых дзён’ у старых календарах (Трыфуновіч, Азбучник српских средњовековних књижевних појмова, 1974, 94–95), адкуль злыдні з далейшым граматычным пераафармленнем на адз. л. (злыдня, злыдзень) і семантычнай зменай: ’кепскі час’ > ’цяжкі час’ > ’ліха, бяда’ > ’чалавек, што церпіць бяду, ліха’ ці ’ліхадзей’. Гл. злы, дзень, параўн. добры дзень.

Злы́дкі ’нязручныя сані’ (вілен. Кіркор). З літ. slides ’лыжы’ ці šlėdės ’гатунак саней’ з суфіксацыяй (‑к‑) і зменай пачатковага зычнага на з‑. Лаўчутэ, Сл. балт., 111.