Жвя́каць ’шумна перажоўваць’ (ТСБМ). Рус. жвакать, дыял. пск., смал., калін., кастр. жвякаць ’есці, жаваць, жвякаць, гаварыць’, укр. жвакати ’гучна перажоўваць’, польск. żwakanie śledziony ’гук, які ствараецца селязёнкай каня’ (у Сянкевіча, магчыма, з усх.-слав.). Чэш. žvýkati, славац. žviakať, ’перажоўваць, балбатаць’, в.-луж. žwakać, н.-луж. žwakaś ’перажоўваць’, балг. жвакам ’жаваць’, макед. жвака, џвака ’жаваць, балбатаць’, серб.-харв. жва́кати ’тс’, славен., žvekáti ’тс’. Кантамінацыя гукапераймальнага дзеяслова, на што ўказвае суфікс ‑ка‑, і кораня, прадстаўленага ў жаваць: *žьv‑, які, відаць, мог спалучацца як з тэмай ‑a‑, так і з інш.
Жвяле́ць ’жвавець’ (мсцісл., Юрч.) і вытворныя жвяла, жвялей, жвяласць Лаўчутэ лічыць утворанымі на аснове літ. запаз. žvaléti ’бадрыцца’, žvalùs ’жвавы’ (Baltistica, VI, 2, 199). Літ. уздзеянне на бел. формы з ‑л‑ не выключана (гл. жвавы, дзе і форма жвалы), хаця форма жвалы (і ўкр. жвалий) ’жвавы’ можа тлумачыцца і як вынік варыянтнасці суфікса ‑ав‑/‑ал‑. Пры тлумачэнні мяккасці ‑в‑ трэба ўлічыць аналагічныя адносіны ў жвакаць — жвякаць, а таксама магчымасць уздзеяння антанімічнага вялы (жвавы — вялы — жвялы). Магчыма і зваротнае ўздзеянне бел. семантыкі на літ.
Жвялёк ’скрутак’ (мсцісл., Юрч. Фраз. 2). З суфіксам ‑ок ад жвяліць ’есці бяззуба, комкаючы’.
Жвялі́ць ’бяззуба, комкаючы есці’ (мсцісл., Юрч. Сін., 80), жвяль, жвель ’выклічнік пра павольную яду’ (мсцісл., Нар. лекс., 175). В.-луж. zwalić ’гаварыць глупства’, славен. žveljáti ’есці марудна, перажоўваючы; нешта рабіць марудна’, серб.-харв. жва̀лити ’зацягваць цуглі; слінявіць, трымаючы ў губах (напр., люльку)’, балг. дыял. жваля ’перажоўваць’, жви́лим ’церці; піць’. Параўн. літ. žvelgseti ’многа гаварыць’ (Шырвід), лат. zvalkšét ’балбатаць, рабіць гук (пра падзенне прадмета і інш.)’ (Мюленбах-Эндзелін). У корані адлюстроўваецца, відаць, тое ж *žьv‑, што і ў жаваць (гл.), але адбывалася і кантамінацыя з гукапераймальным *žv‑ (параўн. жвякаць), прычым аснова ўтвараецца з рознымі галоснымі (a‑, ‑ě‑, ‑i‑) і зычным ‑l‑ (дэтэрмінатывам?).
Жвя́нькала, жвенькала (націск — ?) ’пляткар’ (маг., Бяльк., Юрч., Яўс.). Ад. жвя́нькаць (гл.) з дапамогай суфікса ‑ла.
Жвя́нькаць ’надакучаць размовамі, ляніва гаварыць’, жве́нькаць ’пляткарыць, балбатаць’ (маг., Бяльк., Юрч., Яўс.), жвянь, жвяньк ’выклічнік пра надакучлівыя размовы’ (мсцісл., Нар. лекс., 175). Чэш. žvaniti ’многа і неразумна гаварыць’, в.-луж. žwamlić ’гаварыць дурасці’, žwjeńkać ’жаваць з цяжкасцю’, н.-луж. žwankliś ’перажоўваць, балбатаць’, славен. žvenkati ’звінець’. Відаць, вынік узаемадзеяння шэрагу асноў, прадстаўленне ў словах жаваць (гл.), звінець (гл.), а магчыма, і гаварыць (гл.) з чаргаваннем галоснага. Магчыма трактаваць першасным *žьv‑e/a‑ ’жаваць’ з эмацыянальным інфіксам ‑н‑ (калі не пад уплывам звенькаць і да т. п.) і суфіксам ‑ka‑.