Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Жвінда ’чалавек, які бурчыць і ные’ (навагр., Нар. сл., 9), жвіндыць ’абаграваць’ (усх.-маг., Бяльк.), жві́ндзіць ’бедаваць’ (карэліц., Марц.). Укр. жви́ндіти ’бубнець’, жміндати ’скупіцца’ (Жэлях.). Параўн. жміндзіць ’бубнець; есці’, жмінда ’скупы’, жвянькаць ’надакучаць размовамі’. Форма і семантыка слова — вынік узаемадзеяння формы і семантыкі шэрагу каранёў, у тым ліку žьv‑ (жаваць, жвякаць, жвяліць), gov‑ (гаварыць) з чаргаваннем галоснага, žьm‑ (жмінда, жаць2), якое стала магчымым у сувязі з эмацыянальна-экспрэсіўнымі адценнямі ў значэнні. Параўн. Лаўчутэ, Сл. балт., 109.

Жвіны ’высмактаныя рэшткі перажаванай ежы’ (Нас.). Ад кораня *žьv‑ (гл. жаваць) з суфіксам ‑ін‑ы (як скалоціны, абʼедзіны, перажовіны). Сцяцко, Афікс. наз., 44.

Жвір ’буйназярністы пясок’. Рус. дыял. жвир ’тс’ (Літва, Латвія), польск. żwir ’тс’ (і шэраг вытворных). Параўн. рус. дыял. гверста́ ’тс’, серб.-харв. звр̑ст ’тс’. Фанетыка і геаграфія бел. і польск. форм указваюць на іх літ. паходжанне: літ. žvỹras ’тс’ (Эндзелін, Darbu, 1, 103; Карскі, Труды, 395, Лаўчутэ, Сл. балт., 54; Мартынаў–Міхневіч, Маладосць, 1969, 5, 142). Рус. гверста і серб.-харв. зврст суадносяцца з літ. як роднасныя. Фрэнкель, 1328–1329; Траўтман, 375; Фасмер, 1, 398–399; Брукнер, 668; Скок, 3, 668. Гл. яшчэ жарства. Аб пашырэнні жвір у бел.-польск. сумежжы гл. Зданцэвіч, Зб. Фальку, 347–399. Урбуціс, Baltistica, 19, 150.