Жвавы ’бойкі, рухавы’. Рус. паўд., зах. жвавый, укр. жвавий, польск. żwawy, памор. žvavï ’тс’, чэш. уст. нар. žvavý ’гаваркі, балбатлівы’, славац. уст. žvavosť ’балбатня’, в.-луж. žwawy ’хто жуе; балбатлівы’. Міклашыч (413) суадносіў бел. жвавы ’вясёлы’ з živ‑ (žĭv‑). Коген (Уч. зал. БГУ, сер. филол., вып. 1. Мн., 1940, с. 193) выдзяляў суфікс ‑ав‑. Таксама Мартынаў–Міхневіч (Маладосць, 1969, 10, 134) узводзяць да žĭv‑. Брукнер (668) лічыў, што żwawy да żuć ’жаваць’, а ўсх.-слав. словы з польск. Паходжанне польск. слова і яго семантыку ў русле думкі Брукнера тлумачыў Атрэмбскі (Życie wyrazów, 130–131). Трубачоў (Этимология, 1965, 63–64), рэканструюючы прасл. дыял. *žьvavъjь, указваў на семантычнае і фармальнае супадзенне з авест. j̆vaya ’жвавы’ і дапускаў іранскае ўздзеянне на слав., паколькі больш слав. форм з žьv‑ ён не адзначыў. Аднак такой формай можна лічыць жэўжык (гл.). Калі прыняць тэзіс Міклашыча пра *žьv‑//*živ‑, і.-е. форма будзе мець выгляд *g​ī̆​u (Покарны, 1, 468). Чэш., славац., в.-луж. і ст.-польск. значэнні ўказваюць на магчымасць прыняцця гіпотэзы Брукнера пра суаднясенне з жаваць, аднак, верагодна, бел. і ўкр. формы маглі ўзнікнуць незалежна ад польск. Мсцісл. жвялы ’жвавы’ і вытворныя (жвяла, жвяласць), жвялець ’жвавець’ (гл.), чэрв. жвалы, укр. дыял. жвалий ’жвавы’ (Жэлях.), магчыма, суадносяцца з літ. žvalus ’жвавы, лоўкі’. Да гэтай формы ўзводзіць бел. дыял. жвяла, жвялець Лаўчутэ (Baltistica, VI, 2, 199). Пры гэтым літ. форма магла ўздзейнічаць на бел., а бел. семантыка на літ. Супрун, Бел.-польск. ізал., 124–129.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)